Распрацоўка беларускай кампаніі Wargaming і адна з самых папулярных у свеце анлайн-гульняў World of Tanks цяпер можа пахваліцца і версіяй для смартфонаў і планшэтаў на Android, але пакуль толькі ў Італіі і краінах Скандынавіі.

Як распавялі парталу 4PDA распрацоўшчыкі гульні, карыстальнікі Android змогуць гуляць разам з карыстальнікамі смартфонаў і планшэтаў Apple у роўных умовах. Па завяршэнні тэставага запуску на абмежаванай тэрыторыі гульня стане даступная па ўсім свеце, але дакладная дата не называецца.

Гульня World of Tanks Blitz не з’яўляецца поўнай копіяй World of Tanks. Яна распрацаваная пад сэнсарныя экраны і больш слабое «жалеза», таму ў гульні спрошчанае кіраванне, меней дэталёвая графіка, меншыя памеры картаў і камандаў. Для яе патрэбны асобны ад «настольных» танкаў акаўнт. World of Tanks Blitz спажывае прыкладна 10 Мб трафіка на гадзіну гульні.

***

World of Tanks была выпушчаная ў 2010 годзе беларускай студыяй Wargaming.net. Гульня з’яўляецца спрошчанай сімуляцыяй танкавага бою на машынах часоў Другой сусветнай вайны. Магчымыя як гістарычныя баі, так і сутычкі, напрыклад, французскай і кітайскай тэхнікі. Сама гульня бясплатная, але дазваляюцца пакупкі за рэальныя грошы бонусаў і дадатковай тэхнікі, але такія пакупкі не даюць перавагі ў баі. На канец лета 2014 года ў гульні налічвалася больш за 100 млн карыстальнікаў. Акрамя «танкаў» Wargaming выпусціла «авіяцыйную» World of Warplanes і анансавала «марскую» World of Warships.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?