Даходы мінскіх сем’яў у I квартале ўзраслі ў рэальным выражэнні ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года на 19,3% амаль да 7,4 млн у месяц,
паведамілі ў Галоўным статыстычным упраўленні горада.

Наяўныя рэсурсы ў разліку на члена хатняй гаспадаркі склалі 3 млн 23,9 тыс. рублёў у месяц і перавысілі бюджэт пражытачнага мінімуму ў 3,1 разу, мінімальны спажывецкі бюджэт — у 2 разы (у студзені-сакавіку 2012 года адпаведна ў 2,8 разу і ў 1,8 разу). У I квартале разліковая велічыня бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва склала 963,1 тыс. у месяц.

Амаль палова сем’яў штомесяц мела ў сваім распараджэнні сярэднедушавыя даходы да 2,8 мільёна, 26,2% — ад 2,8 да 4 мільёнаў, 24,1% — больш за 4 мільёны.

Асноўнай крыніцай існавання хатніх гаспадарак застаецца аплата працы і даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці. Іх удзельная вага ў аб’ёме грашовых даходаў — 68,6% (у I квартале 2012 года — 69,9%). На пенсіі, дапамогі, стыпендыі прыпадае 20,3% даходаў (18,8%), на даходы ад асабістай падсобнай гаспадаркі — 0,8%, матэрыяльную дапамогу ад сваякоў і знаёмых — 6,5%.

У сярэднім у месяц мінскія сям’і трацілі 7283,4 тысячы, з якіх 5651,9 тысячы (77,6%) — на спажывецкія выдаткі.
Апошнія ў рэальным выражэнні павялічыліся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года на 13,4%.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?