15–17 ліпеня кіраўнік Беларусі здзейсніў свой сёмы візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку. У Паднябеснай адбыліся сустрэчы са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, а таксама — з прэм’ерам Дзяржаўнай рады КНР Лі Кэцянам і са старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Юй Чжэншэнам.

Кітайскае агенцтва «Сіньхуа» перадае, што «краіны дамовіліся аб усебаковым стратэгічным партнёрстве». Кітайскі бок падзякаваў Лукашэнку за «усялякую падтрымку ў пытаннях суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны».

Што ж засталося ў сухой за астачы за шматслоўнымі кампліментамі? Кітай для Беларусі — гэта адзін з галоўных гандлёвых партнёраў. Таваразварот паміж нашымі краінамі летась склаў каля 3 мільярдаў даляраў. Лічба даволі ўнушальная. Але ёсць праблема — абсалютную большасць складае імпарт кітайскіх тавараў у Беларусь.

Калі з Мінска ў Паднябесную апошнія сем гадоў колькасць тавараў ідзе прыкладна аднолькава, і гэта калійныя ўгнаенні, то ў зваротным кірунку павялічваецца штогод. Яшчэ ў 2005 годзе Беларусь мела станоўчае сальда ў гандлі з Кітаем (430 мільёнаў экспарту на 284 мільёны імпарту), а летась сальда стала выглядаць проста катастрафічна (433 мільёны экспарту на 2 367 мільёнаў імпарту).

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей абвясціў, што па выніках візіту Лукашэнкі ў Кітай заключаныя пагадненні на агульную суму 1,5 мільярда даляраў. «Падпісаныя дэкларацыі выводзяць нашы адносіны на ўзровень усебаковага стратэгічнага развіцця», — сказаў Макей.

Эканаміст Сяргей Чалы ў каментары для «Нашай Нівы» зазначыў, што беларускіх паставак у Кітай там будзе на некалькі соцень тысяч даляраў, усё астатняе — зноў імпарт, абсталявання і прац. «Адмоўнае сальда ў гандлі з Кітаем — гэта непераадольная структурная праблема. Чым большы таваразварот, тым большае адмоўнае сальда. Фактычна, кітайцы крэдытуюць нас дзеля пашырэння свайго экспарту», — перакананы Сяргей Чалы.

Пагадненні на 1,5 мільярда даляраў — гэта многа ці мала? Для Беларусі лічба істотная, тут Макей не крывіць душой. Але параўнаць з уліваннямі, якія робяцца ў беларускую эканоміку з боку Расіі нельга. Лічба недацягвае.

Можна параўнаць гэтыя 1,5 мільярда з кантрактамі, якія Лукашэнка заключаў у іншых візітах. Напрыклад, падчас сёлетняга візіту ў Паўднёва-Усходнюю Азію кантрактаў, калі верыць Макею, было заключана на 400 мільёнаў даляраў. Гэта пры тым што Сінгапур і Інданэзія не ўваходзяць у спіс асноўных партнёраў Беларусі. Некалі з Венесуэлы Лукашэнка прывозіў кантрактаў — нібыта — на 5 мільярдаў. Таму гэтыя 1,5 мільярда ад другой эканомікі свету выглядаюць даволі сціпла.

Асабліва, калі параўнаць укладанні Кітая ў іншыя краіны свету. Пакінем па-за ўвагай краіны азіяцкага рэгіёна, куды па зразумелых прычынах, уліванні найбольшыя. Звернемся да краін Афрыкі, дзе Кітай сапраўды зацікаўлены ў сваёй прысутнасці.

Напрыклад, з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга, дзе ёсць вялікія запасы медзі, свінца, урана, цынка, алмазаў, у 2007–2008 гадах Кітай заключыў кантрактаў на суму больш за 9 мільярдаў даляраў. У асноўным гэтыя грошы пайшлі на горназдабываючыя праекты, а таксама на транспартную і тэлекамунікацыйную інфаструктуры. Нешта падобнае тычыцца Нігерыі, Судана, Замбіі, Танзаніі ды іншых краін Афрыкі.

«Валютных рэзерваў у Кітаі дастаткова. Іх трэба, вядома ж, кудысьці інвеставаць», — красамоўная цытата Лукашэнкі з інтэрв’ю агенцтву «Сіньхуа». Аднак Кітай інвестуе найперш туды, дзе ёсць сыравіна, якой бракуе яго эканоміцы. У Беларусі такой сыравіны няма. А падтрымка Беларуссю тэрытарыяльнай цэласнасці Кітая — справа дваццаць пятая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?