«Па колькасці бальнічных ложкаў, аб’ёмаў шпіталізацыі і колькасці наведванняў урачоў Беларусь сёння лідзіруе і сярод краін СНД, і сярод краін Еўрасаюза»,

— паведаміў у сваім выступленні на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Эканамічныя аспекты здароўя і сістэмы аховы здароўя» намеснік міністра аховы здароўя нашай краіны Ігар Ласіцкі. Яго словы цытуе Звязда.

Так, летась на 100 жыхароў у Беларусі прыпала больш як 30 шпіталізацый. А колькасць наведванняў урачоў склала 13,2 у разліку на аднаго беларуса.

«Каб павысіць эканамічную эфектыўнасць сістэмы аховы здароўя, нам неабходна скіраваць сваю ўвагу на празмернасць аб’ёмаў медыцынскай дапамогі — гэта значыць, змагацца з нерацыянальным выкарыстаннем ложкавага фонду, зменшыць колькасць шпіталізацый, выклікаў хуткай медыцынскай дапамогі і колькасць наведванняў амбулаторна-поліклінічнага звяна, — падкрэсліў Ігар Ласіцкі.

— Беларусь, як і многія іншыя краіны, сутыкнулася ў апошнія гады з ростам выдаткаў на ахову здароўя, прычым гэтыя выдаткі растуць хутчэй, чым узровень нашага дабрабыту. Па прагнозах даследчыкаў, да 2020 года ў сістэму аховы здароўя краін Заходняй Еўропы будуць накіроўвацца 12—15% ад унутранага валавога прадукту. У Беларусі ў 2014 годзе выдаткі на ахову здароўя складуць 4,2% ад унутранага валавога прадукту, што адпавядае 34 трлн рублёў. Гэта вельмі буйная сума… Упэўнены, што ў аснове эфектыўнай дзейнасці сістэмы аховы здароўя павінна ляжаць не проста нарошчванне выдаткаў, а эфектыўнае размеркаванне і эфектыўнае выкарыстанне нашых рэсурсаў.

Як зазначыў Ігар Ласіцкі, сёння галоўны акцэнт пераносіцца на амбулаторна-поліклінічнае звяно, паколькі дапамога, што аказваецца на першасным узроўні, — найбольш даступная, запатрабаваная і менш дарагая.

Ад якасці аказання першаснай дапамогі ў многім залежаць і якасць жыцця пацыента, і доля эканамічных выдаткаў на яго медыцынскае суправаджэнне. Сёлета ў амбулаторна-поліклінічную службу будзе накіравана каля 40% ад усіх выдаткаў на ахову здароўя.

Для паляпшэння абслугоўвання пацыентаў у амбулаторна-поліклінічных арганізацыях было праведзена перааснашчэнне паліклінік, перагледжаны стандарты і клінічныя пратаколы. Актывізавана работа па ўкараненні стацыянаразамяшчальных тэхналогій, ствараюцца цэнтры калектыўнага выкарыстання дарагога абсталявання, развіваецца інстытут памочніка ўрача. Урачы атрымалі права выдаваць пацыентам лісток непрацаздольнасці тэрмінам да 10 дзён, а таксама выпісваць рэцэпты пацыентам з хранічнымі захворваннямі і пацыентам ільготных катэгорый тэрмінам на паўгода.

— Мы прад’яўляем да якасці работы амбулаторна-поліклінічнага звяна самыя высокія патрабаванні: гэтыя арганізацыі павінны быць фільтрамі, якія прапускаюць праз сабе насельніцтва, усебакова ацэньваючы яго здароўе, — падкрэсліў Ігар Ласіцкі.

— Яны павінны браць пад улік кожны выпадак захворвання, прызначаць своечасовае і адэкватнае лячэнне, назіраць за змяненнямі ў стане здароўя пацыента, прымяняць на практыцы метады прафілактыкі. Не сакрэт, што, калі першаснае звяно працуе неэфектыўна, а ўрачы прапускаюць хваробу на пачатковым этапе, гэта цягне за сабой неабходнасць задзейнічаць стацыянарную дапамогу — высокатэхналагічную і больш дарагую.

Але і ў стацыянарных арганізацыях фінансавыя сродкі павінны працаваць эфектыўна. Так, прастой бальнічнага ложка не толькі не скарачае аб’ёмы стацыянарнай дапамогі, што фінансуюцца з бюджэту, але і пагаршае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ўвогуле. Ложак, які працуе неэфектыўна, фінансуецца ў памеры 2/3 ад ложка, які працуе эфектыўна. Прасцей кажучы, пусты бальнічны ложак усё роўна забірае сродкі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0