Кандыдат ад левацэнтрыстаў Мішэль Бачэлет перамагла ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Чылі.

Мішэль Бачэлет, фота Івана Альварада, Reuters

Мішэль Бачэлет, фота Івана Альварада, Reuters

Паводле вынікаў апрацоўкі звестак з больш за 90% участкаў, у Бачэлет 62% галасоў выбаршчыкаў, а ў яе суперніцы Эвелін Матэі ад кіроўнага кансерватыўнага «Альянсу за Чылі» — больш за 37%.

Мішэль Бачэлет ужо была кіраўніком дзяржавы ў 2006—2010 гадах, увайшоўшы ў гісторыю як першая жанчына на пасадзе прэзідэнта Чылі.

Паводле канстытуцыі, яна не мела права займаць прэзідэнцкі фатэль больш за адзін тэрміну запар, але магла пераабірацца на новы тэрмін пасля перапынку.

Абедзве кандыдаткі з'яўляюцца дочкамі генералаў, якія сталі палітычнымі апанентамі пасля прыходу да ўлады генерала Піначэта.

У дзяцінстве Бачэлет і Матэі, якія жылі па суседстве, часцяком гулялі разам на авіябазе, дзе працавалі іх бацькі.

Пасля путчу 1973 г. бацька Эвелін Матэі, Фернанда стаў кіраўніком ваеннай акадэміі. Бацька Бачэлет Альберта, які быў прыхільнікам Альендэ, быў арыштаваны і праз паўгода памёр у турме, размешчанай у мурах гэтай навучальнай установы, як мяркуюць, не вытрымаўшы катаванняў.

62-гадовая Бачэлет, якая стаіць на чале кааліцыі сацыялістаў, хрысціян-дэмакратаў і камуністаў, пабудавала сваю перадвыбарчую кампанію на абяцаннях паменшыць разрыў паміж багатымі і беднымі.

Чылі — адна з найбагацейшых краін Лацінскай Амерыкі, аднак у апошнія гады тут расце пратэстны рух з патрабаваннем больш справядлівага размеркавання даходаў і доступу да адукацыі.

Бачэлет прапануе павысіць падаткі для карпарацый і забяспечаных слаёў насельніцтва, каб зрабіць вышэйшую адукацыю бясплатнай, а таксама рэфармаваць палітычныя і эканамічныя сферы, дзе многае засталося нязменным з часоў дыктатуры Піначэта, які кіраваў краінай з 1973 па 1990 гады.

Яе цяперашняя праграма значна больш радыкальная, чым папярэдняя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?