Першым яго затрымаў дэпутат Вярхоўнай Рады Ляшко. Жорсткае відэа затрымання і допыту абышло інтэрнэт учора. Дэпутат здаў расійскага штурмавіка мясцовай міліцыі, але тая яго адпусціла.

Учора ў справу ўмяшаўся Кіеў. Як паведаміў міністр унутраных спраў Арсен Авакаў, Арсен Клінчаеў затрыманы, меру стрымання вызначыць суд.

«Вопрос в другом, как реагировать на видео вчерашнего «гражданского ареста» народным депутатом Олегом Ляшко Клинчаева, что выложено в сети?!» — пытаецца Авакаў.

Сілавыя структуры бяздзейнічаюць на ўсходзе Украіны. «Не паддавацца на правакацыі» — такі загад з Кіева. Пытанне, ці гэта ідзе ад нежадання справакаваць уварванне Расіі, ці ад няздольнасці змусіць сілавікоў Усходняй Украіны да дзеянняў.

Парадаксальна, але дзейнічаць першымі пачалі бізнэсоўцы і дэпутаты.

Так, мільярдэр Тарута ўзначаліў Данецкую вобласць, а мільярдэр Каламойскі — Днепрапятроўскую. І мабілізавалі на змаганне з сепаратыстамі свае кланы і ахоўныя структуры.

А на гэтым відэа — дэпутат ад паўночнаўкраінскага горада Чарнігаў і ўраджэнец Луганшчыны Алег Ляшко з групай сілавікоў арыштоўвае правадыра луганскіх сепаратыстаў.

Лідар так званай «Маладой гвардыі» і прадстаўнік Віктара Медведчука ў Луганскай вобласці — 45-гадовы Арсен Клінчаеў. Ляшко, лідар мікраскапічнай Радыкальнай партыі, апублікаваў відэасюжэт пра затрыманне на старонцы Інтэрнэт-ТВ «Голас народа» і ў сябе ў Фэйсбуку.

На кадрах відаць, як група невядомых на чале з Ляшко кладзе Клінчаева на падлогу, надзявае кайданкі. Пасля гэтага затрыманы на камеру заклікае паплечнікаў вызваліць абласную адміністрацыю, зняць расійскі сцяг і вярнуць на месца дзяржаўны.

«Учора я інкогніта прыбыў на сваю родную Луганшчыну, каб кіраваць гэтай аперацыяй, — піша Ляшко. — Падонак Клінчаеў будзе адказваць за свае злачынствы — мы затрымалі яго і перадалі праваахоўным органам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?