Тэлефонная размова прэзідэнтаў Казахстана і ЗША адбылася ўвечары панядзелка. Перад гэтым кіраўнік Казахстана гутарыў з канцлеркай ФРГ Меркель, перадаюць інфармацыйныя агенцтвы.

Украінскі крызіс павінен быць урэгуляваны «шляхам дыялогу паміж усімі зацікаўленымі бакамі, выкарыстання магчымых механізмаў міжнароднага пасрэдніцтва для забеспячэння тэрытарыяльнай цэласнасці гэтай краіны, а таксама адмовы ад узаемных пагроз і ўльтыматумаў».

Такую заяву зрабіў прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў падчас тэлефоннай гутаркі з канцлерам ФРГ Ангелай Меркель 10 сакавіка. 

Паводле інфармацыі прэс-службы казахстанскага кіраўніка, Назарбаеў выказаў гатоўнасць Казахстана зрабіць пры неабходнасці свой канструктыўны ўнёсак у выпрацоўку кампрамісных рашэнняў для мірнага вырашэння сітуацыі ва Украіне. 

У гутарцы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным афіцыйны лідар Казахстана адзначыў, што яго краіна як стратэгічны партнёр «з разуменнем ставіцца да пазіцыі Расіі, якая абараняе правы нацыянальных меншасцяў ва Украіне, а таксама інтарэсы сваёй бяспекі».

У той жа час ён выказаў надзею, што ўсе зацікаўленыя ўдзельнікі будуць выказваць стрыманасць і распачнуць меры для найхутчэйшай нармалізацыі сітуацыі шляхам перамоў. Назарбаеў «выказаў сваё меркаванне пра неабходнасць мірнага ўрэгулявання крызісу ва Украіне на аснове захавання суверэнітэту і ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права». 

На 16 сакавіка крымскія сепаратысты прызначылі рэферэндум аб статусе паўвострава. Новыя ўкраінскія ўлады і большасць краін свету лічаць яго правядзенне незаконным. Захад пагражае Расіі санкцыямі ў выпадку анексіі Крыму і ўварвання на тэрыторыю кантынентальнай Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?