«Бюджэт 2014 нерэальны, бо быў пабудаваны на нерэалістычных макрапаказніках. Акрамя афіцыйнага дэфіцыту ў 70 млрд грыўняў мы налічылі схаваны дэфіцыт у 50 млрд», — сказаў міністр фінансаў Украіны Аляксандр Шлапак.

«Да канца года трэба вярнуць каля $10 млрд дзярждоўгу. Калі дадаць даўгі дзяржкампаній «Нафтагаз», «Украўтадар» — золатавалютных рэзерваў не хопіць», — сказаў ён на брыфінгу ў панядзелак.

Замежны дзярждоўг Украіны, якая перажыла рэвалюцыю, і аслабленай эканамічным крызісам і ўзброеным уварваннем ў Крым, набліжаецца да 46,1% ВУП, сказаў Шлапак.

«Ва ўрада дастаткова магчымасцяў трымаць фінансавую сітуацыю пад кантролем, калі ў парламента, урада будзе дастаткова волі да радыкальных зменаў», — перакананы міністр.

Рэформы — умова дапамогі Захаду, у якога Кіеў просіць $35 млрд крэдытаў. Міжнародны валютны фонд, на які арыентуюцца ўсе заходнія крэдыторы Украіны, патрабуе непапулярных мер, адкладзеных Віктарам Януковічам, у тым ліку павышэння цэнаў на газ для насельніцтва. Шлапак сказаў, што Кіеў разлічвае атрымаць першы транш крэдыту МВФ у красавіку.

«Да гэтага ўрад і парламент павінныя прыняць рэалістычны бюджэт», — сказаў міністр.

«Мінімум $20 млрд — гэта тая лічба, якую мы зможам прыцягнуць ва ўкраінскую эканоміку, калі дакажам крэдыторам сваю здольнасць кіраваць дзяржфінансамі».

Заходняя дапамога дазволіць знізіць і валацільнасць на валютным рынку.

«Курс грыўні на сёння дасягнуў раўнавагі. У нас ёсць усе магчымасці ўтрымаць яго на ўзроўні 10,0-10,1 за $1 у сярэднім за год», — сказаў Шлапак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?