Насельніцтва Крыма падвяргаецца жорсткаму ціску з боку акупацыйнай улады, праводзяцца ператрусы, арышты, забараняюцца сходы.

Лідар крымскататарскага народа Мустафа Джамілеў заявіў, што за час акупацыі Крыма Расіяй прапалі без вестак 18 прадстаўнікоў крымскататарскага народа. Пра гэта ён заявіў у зале сесійных пасяджэнняў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

«Усяго за час акупацыі без вестак прапала 15 татараў, і толькі адно знявечанае цела нам удалося знайсці. Яшчэ трое зніклі на мінулым тыдні. У прыватнасці, апошнім знік у Еўпаторыі 29 верасня Эдэм Асанаў. Мясцовая ўлада ніякіх звесткак пра гэтых людзей не мае», — сказаў ён.

Па словах Джамілева, крымскататарскае насельніцтва падвяргаецца жорсткаму ціску з боку акупацыйнай улады Крыма, многія татары арыштаваныя без якіх-небудзь прававых падстаў. Ён дадаў, што па ўсім Крыме пракацілася хваля ператрусаў дамоў крымскіх татараў, мячэцяў, навучальных устаноў, бібліятэк — за апошні тыдзень праведзена больш за 40 ператрусаў «па фармальных падставах».

Лідар крымскіх татараў падкрэсліў, што агульнапрызнаныя правы і свабоды ў Крыме наогул адсутнічаюць. «Калі збіраецца больш за 3 чалавекі — гэта незаконны сход, які караецца высокімі сумамі штрафаў», — сказаў ён.

Акрамя таго, на тэрыторыі паўвострава ўведзена цэнзура ў дачыненні да ўсіх свабодных СМІ.

Таксама Джамілеў дадаў, што незаконная ўлада дэпартуе крымчан або забараняе ім ўезд на тэрыторыю паўвострава. Акупанты пагражаюць усім, хто не прызнае законнасць далучэння ўкраінскага паўвострава да РФ. Гэта нішто іншае, як «пагроза новай дэпартацыі і генацыду крымскататарскага народа».

Як вядома, пасля незаконнай анексіі Крыма Расіяй на паўвостраве рэзка пагоршылася сітуацыя з правамі чалавека, у прыватнасці, пачаліся ганенні на праўкраінскі актывістаў і крымскіх татараў.

Лідарам Меджліса Мустафе Джамілеву і Рафату Чубараву ўжо забаранілі ўезд на паўвостраў. Таксама акупацыйны рэжым выселіў Меджліс з яго памяшкання ў Сімферопалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?