У Новай Зеландыі праз два гады адбудзецца рэферэндум аб змене нацыянальнага сцяга, абвясціў прэм'ер-міністр краіны Джон Кей. Крытыкі цяперашняга кажуць, што ён занадта падобны на сцягі іншых краін, якія раней уваходзілі ў Брытанскую імперыю.
Працэдура рэферэндуму пройдзе ў два этапы. У канцы наступнага года грамадзяне будуць выбіраць новы дызайн сцяга з некалькіх варыянтаў, якія ў сваю чаргу абярэ камісія з вядомых новазеландцаў.
На другім этапе, які запланаваны на 2016 год, жыхарам краіны трэба будзе выбраць, зрабіць абраны годам раней сцяг афіцыйным або захаваць стары.
У камітэт, які будзе адказваць за падрыхтоўку да рэферэндуму, увойдзе па адным прадстаўніку ад усіх палітычных партый краіны.
Цяперашні сцяг Новай Зеландыі ўяўляе сабой сіняе палотнішча з брытанскім «Юніён Джэкам» у левай верхняй чвэрці і чатырма чырвонымі зоркамі з белай акантоўкай ў правай частцы.
Па словах Кея, новы сцяг павінен у большай ступені даваць уяўленне аб Новай Зеландыі. Крытыкі цяперашняга кажуць, што яго лёгка пераблытаць з дзяржаўнымі сімваламі іншых былых брытанскіх калоній — у прыватнасці, Аўстраліі, сцяг якой амаль ідэнтычны новазеландскаму.
У сакавіку гэтага года міністр замежных спраў Аўстраліі Джулі Бішап заявіла, што яе краіна не адчувае вялікай патрэбы ў змене нацыянальнага сцяга.
«Многія аўстралійцы змагаліся і гінулі пад гэтым сцягам, — адзначыла яна. — Пад ім мы спаборнічалі на Алімпіядах, і ў нас жывое пачуццё гонару за гэты сцяг».





