Жанр: жахі
Рэжысёр: Джэймс Моран
У ролях: Аляксандра Брэкенрыдж, Даг Донс, Аляксандра Холдэн, Джэйк Макдорман, Крыс Маркет, Рык Ота, Грэхэм Кларк
ЗША, 92 хв.
Адзнака: 4

Здымачная група, якая рыхтуе сюжэт пра закінутыя дамы, трапляе ў адзін з іх, некалі раптоўна пакінуты зніклай сям'ёй. Там журналісты знаходзяць скрынку касет са сведчаннямі з'яўлення Слендара — невядомай істоты, якую можна ўбачыць толькі праз аб'ектыў відэакамеры. Паглядзеўшы стужкі, яны становяцца ахвярамі праклёну: журналістаў пачынае пераследаваць сам Слендар, ад якога нідзе не схаваешся.

Для сваёй дэбютнай стужкі рэжысёр Джэймс Моран (адзін з прадзюсараў «Паранармальнай з'явы — 4» (2012) і «Уіджs: дошка д'ябла» (2014)) звярнуўся да міфа, прыдуманага інтэрнаўтамі. Тонкі чалавек, або Слендармен, быў створаны ў выніку конкурсу Create Paranormal Images, праведзенага на форуме Something Awful у чэрвені 2009 года: яго ўдзельнікам прапаноўвалася з дапамогай графічнага рэдактара дадаваць на звычайныя фатаграфіі якія-небудзь звышнатуральныя дэталі.

Карыстальнік форума пад нікам Victor Surge (Эрык Кнудсен) апублікаваў два чорна-белыя фотамантажы з выявай выдуманага персанажа, які пераследуе групу дзяцей, і прысвоіў яму мянушку Тонкі чалавек. Фота атрымала вялікі розгалас сярод наведнікаў форума, міф пра Тонкага чалавека займеў шмат фэнаў. Аказалася, што знайсці Слендармена можна амаль на любым здымку, дзе ёсць няяснае святло і лес. Некаторыя фанаты стварылі відэаролікі, дзе з’яўляўся гэты персанаж: высокі чалавек без твару ў афіцыйным касцюме, які апранаюць на пахаванне.

Самым вядомым стаў вэб-серыял Marble Hornets пра здымкі фільма, падчас якіх праз камеру можна было ўбачыць нявядомы сілуэт, а некаторыя ўдзельнікі здымак так ці інакш аказваліся забітымі. Цяпер гісторыя пра Слендара выйшла на вялікі экран.

На жаль, нічым, акрамя свайго паходжання, ад модных цяпер фільмаў жахаў яна не адрозніваецца. У цэнтры сюжэта аператар тэлеканала Майла і яго каманда. Майла апантаны здымкамі і заўжды мае пры сабе камеру, таму глядач амаль увесь час будзе пакутаваць ад быццам бы «жывых здымак». Напружанае чаканне чагосьці жахлівага і жудасныя крыкі — абавязковыя атрыбуты жанру — на месцы. Але сюжэт не вядзе ні да чаго, акрамя смерці ўсіх і кожнага, і прадказальны ад пачатку да канца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?