Урад Беларусі выпрацуе канкрэтныя прапановы па стабілізацыі будаўнічай галіны.

Аб гэтым заявіў у сераду прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета Міністраў, на якім былі заслуханы справаздачы міністра архітэктуры і будаўніцтва, старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада па павышэнні работы падрадных арганізацый, домабудаўнічых камбінатаў і арганізацый прамысловасці будаўнічых матэрыялаў.

«Калі адносна буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў прыняты меры, накіраваныя на стабілізацыю фінансава-эканамічнага стану, то адносна падрадных арганізацый прапаноў па вырашэнні існуючых праблемных пытанняў пакуль няма», - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр канстатаваў, што ў будаўнічай галіне ёсць значная колькасць негатыўных тэндэнцый, якія ў бягучым годзе ўскладняюцца.

Паводле яго слоў, ва ўмовах скарачэння інвестыцыйнай актыўнасці і аб'ёмаў будаўніцтва, высокай закрэдытаванасці арганізацый востра стаяць пытанні задзейнічання створаных і мадэрнізаваных вытворчых магутнасцей будаўнічага комплексу, захавання працоўных калектываў, устаранення бар'ераў, што перашкаджаюць нарошчванню экспарту і навядзенню парадку з разлікамі.

Андрэй Кабякоў заклікаў членаў урада прааналізаваць існуючыя праблемныя пытанні і выпрацаваць канкрэтныя прапановы па выхадзе з існуючай сітуацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?