Негатыўныя тэндэнцыі на знешніх рынках уплываюць на эканамічную сітуацыю ў Беларусі. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, адкрываючы 16 ліпеня ў Мінску нараду кіраўнікоў беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў з удзелам прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова.

Макей, у прыватнасці, звярнуў увагу на напружанасць у рэгіёне і эканамічныя праблемы ў Расіі. Аднак, падкрэсліў ён, Беларусь мае намер прасоўваць палітыку эканамічнай дыпламатыі. «У гэтых умовах нам неабходна вызначыць фактары, якія перашкаджаюць экспарту, і прыняць кіраўніцкія рашэнні, здольныя ўстараніць гэтую тэндэнцыю. На першы план выходзяць пытанні эканамічнай дыпламатыі», — сказаў міністр.

Макей заклікаў удзельнікаў нарады максімальна выкарыстоўваць існуючыя напрацоўкі і сувязі на міждзяржаўным узроўні і паміж прадпрыемствамі ў розных краінах. «Трэба рэалізоўваць наяўныя дамоўленасці з краінамі-партнёрамі, у тым ліку з Індыяй, Іранам, Пакістанам і іншымі дзяржавамі», — падкрэсліў кіраўнік МЗС. 

Ён таксама адзначыў, што замацаванне службовых асоб Беларусі за канкрэтнымі рэгіёнамі з мэтай нарошчвання аб'ёмаў і дыверсіфікацыі экспарту тавараў і паслуг ужо дае пэўныя вынікі. «Актывізавана праца міжурадавых камісій і іх беларускіх частак, і гэтая праца сёння працягваецца», — сказаў міністр.

Даслухаць выступленне Макея, а таксама паслухаць уступнае слова Андрэя Кабякова журналістам не дазволілі — прадстаўнікоў СМІ папрасілі пакінуць залу праз некалькі хвілін пасля пачатку пасяджэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?