Канада стварае спецыяльны фінансавы атрад, які будзе адсочваць шляхі абыходу Расіяй санкцый.

Пра гэта ў адказ на запыт Кангрэса украінцаў Канады паведаміла кіраўнік выбарчага штаба Кансерватыўнай партыі Канады Джэні Бірн, перадае «Укрінфарм».

«Пераабраны Кансерватыўны ўрад створыць спецыяльны фінансавы атрад, які складаецца з экспертаў-міжнароднікаў і фінансавых аналітыкаў. Гэта дазволіць лепш адсочваць рух расійскага капіталу на сусветных рынках», — заявіла яна.

Па словах Бірн, гэты атрад засяродзіцца на расійскіх дзяржаўных прадпрыемствах і юрыдычных і фізічных асобах, якія знаходзяцца пад санкцыямі.

«Яго задачай стане адсочванне расійскага капіталу для забеспячэння паўнавартаснага прымянення санкцый. Таксама эксперты будуць прапаноўваць новыя аб'екты для іх пашырэння», — патлумачыла яна.

Бірн дадала, што канадскія санкцыі ўжо паказалі сваю дзейснасць, але іх эфектыўнасць можна яшчэ павысіць.

«Хоць да гэтага часу нашы санкцыі былі вельмі паспяховымі, здольнасць Канады адсочваць расійскія фінансавыя патокі і ў поўную сілу прымяняць санкцыі можна палепшыць», — адзначыла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0