Прэзідэнцкая выбарчая кампанія ўжо амаль два тыдні, як скончылася, але пытанні па ёй застаюцца. І галоўнае з іх: ці адпавядае колькасць аддадзеных выбаршчыкамі галасоў канчатковым лічбам, якія нам агучыў ЦВК?

Пытанне можна было б зняць, калі б была магчымасць узяць пратаколы участковых камісій і па новай пералічыць колькасць укінутых у скрыні для галасавання бюлетэняў за кожнага з кандыдатаў. Супалі лічбы па ўчастках, сума іх адпавядае лічбам ЦВК - і пытанняў няма! Але для гэтага спачатку трэба даведацца, дзе цяпер нашы бюлетэні і пратаколы ўчастковых камісій.

«Участковая камісія складае тры пратаколы, - тлумачыць сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, - адзін пратакол здаецца ў орган, які стварыў камісію - райвыканкам ці мясцовую адміністрацыю. Што яна будзе з ім рабіць, нас не тычыцца. Другі пратакол здаецца ў раённую тэрытарыяльную выбарчую камісію. Пратаколы ўчастковых камісій разам з раённым пратаколам здаюцца ў архіў і захоўваюцца 5 гадоў. Трэці пратакол разам з дакументамі ўчастковай камісіі і бюлетэнямі (!) здаецца ў раённы архіў. Але калі бюлетэні праз 6 месяцаў знішчаюцца, то пратакол гэты захоўваецца ў раённым архіве 5 гадоў».

Калі пытанні па выбарах «здымаць», то часу няшмат: праверыць праўдзівасць лічбаў у пратаколе ўчастковых камісій можна толькі пры наяўнасці бюлетэняў. Ці ёсць працэдура, згодна з якой журналісты, палітыкі ці шараговыя грамадзяне могуць гэта зрабіць, цікаўлюся ў сакратара ЦВК.

«Не скажу, бо не ведаю - я не магу каментаваць тое, чаго не ведаю. Ні разу не даводзілася звяртацца. Але калі дакументы ўжо здадзеныя ў архіў, то орган, якому той архіў падпарадкоўваецца, у адпаведнасці з заканадаўствам і захоўвае гэтыя дакументы і пры неабходнасці ажыццяўляе доступ да іх», - кажа Мікалай Лазавік.

Калі Цэнтрвыбаркам не мае справы не тое, што з нашымі бюлетэнямі, але нават і пратаколаў выбарчых камісій ніколі ў вочы не бачыў, то і гаварыць далей трэба не з яго супрацоўнікамі, а спускацца «на зямлю». Ці можна ўбачыць бюлетэні, да прыкладу, маладзечанцаў?

У Маладзечне ажно два архівы: Дзяржаўная ўстанова «Маладзечанскі раённы архіў» і занальны архіў Нацыянальнай акадэміі навук. Тэлефаную ў першы.

«У нас толькі асабовы склад, мы пенсіямі займаемся, дакументы ліквідаваных арганізацый. А такое нам не здаецца», - здзіўляецца пытанню пра бюлетэні і пратаколы ўчастковых камісіі загадчыца архіва Таццяна Цыкунова. І перанакіроўвае да калегі ў занальны архіў НАН.

«Мы ўвогуле бюлетэні не прымалі на захоўванне ніколі, - не менш за калегу здзіўляецца загадчыца і другога архіва Наталля Іванова. - Можа, у іх, у камісій ёсць свае якія архівы? Няма? У любым выпадку, нам паступаюць толькі тыя дакументы, якія захоўваюцца пастаянна».

А бюлетэні і пратаколы, хай і праз розны час, але ў выніку знішчаюцца. Магчыма, у Маладзечанскім райвыканкаме ёсць свой невялічкі «ўнутраны» архіў, дзе гэтыя дакументы і чакаюць свайго знішчэння? Тэлефаную ў прыёмную, прашу: «Дайце нумар вашага, райвыканкамаўскага архіва». Даюць. Але гэта нумар усё таго ж «Маладзечанскага раённага архіва»!

Зноў вяртаюся ў райвыканкам і звяртаюся з пытаннем пра месцазнаходжанне бюлетэняў з апошніх выбараў да начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Аляксандра Рамановіча. Але і яго сваім пытаннем прывожу ў здзіўленне:

«А чаго вы мне тэлефануеце? Патэлефануйце старшыні выбарчай камісіі - я ж не сябра камісіі! У раённую тэрытарыяльную камісію па выбарах. Праўда, і камісіі той ужо няма, але ж чалавек той жывы застаўся!»

Еўрарадыё: Ну, не дома ж той старшыня іх у любым выпадку трымае - мусіў ён некуды тыя бюлетэні здаць?

Аляксандр Рамановіч: Я не ведаю, але мяркую, што яны некуды здаюцца… Яны падлічваюцца і здаюцца некуды… Але, шчыра, я не ведаю - у нашым аддзеле мы без паняцця. Тут усе пытанні вырашае наша раённая камісія. Толькі старшыня камісіі цяпер у адпачынку, як мне кажуць.

Чароўнае замкнёнае кола: Цэнтрвыбаркам ківае на райвыканкамы і мясцовыя архівы, тыя робяць вялікія вочы і перанакіроўваюць у выбарчыя камісіі, якіх ужо няма. Узнікае яшчэ адно пытанне: а яны яшчэ ўвогуле ёсць, тыя бюлетэні?

Фота: http://sputnik.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?