Вярхоўны суд Расіі пакінуў без змены прысуды ўкраінскаму рэжысёру Алегу Сянцову і грамадскаму актывісту Аляксандру Кольчанку, асуджаным на 20 гадоў і на 10 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Такім чынам, прысуд Сянцову і Кольчанку, якіх расійскі суд раней прызнаў вінаватымі ў тэрарыстычнай дзейнасці, уступіў у сілу.

Паўночнакаўказскі акруговы вайсковы суд 28 жніўня прызнаў Алега Сянцова вінаватым у арганізацыі тэрарыстычнай супольнасці і прысудзіў яго да 20 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Другі абвінавачаны па справе, Аляксандр Кольчанка, атрымаў 10 гадоў. Пракуратура патрабавала для Сянцова і Кольчанкі 23 гады і 12 гадоў калоніі адпаведна.

Сутнасць абвінавачванняў, выстаўленых ФСБ і пракуратурай супраць Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанкі, была ў тым, што мінулай вясной, пасля анексіі Крыма Расіяй, яны нібыта арганізавалі падпалы офісаў арганізацыі «Руская абшчына Крыма» і офіса «Адзінай Расіі» (які змяніў шыльду мясцовага офіса Партыі рэгіёнаў) у Сімферопалі.

Акрамя таго, у ФСБ сцвярджалі, што Сянцоў з паплечнікамі планавалі падарваць помнік Леніну.

Абодва крымскія актывісты Майдану назвалі справу супраць іх палітычнай, а доказы — сфальсіфікаванымі следствам. Акрамя таго, Сянцоў заяўляў, што яго пасля арышту збівалі і катавалі супрацоўнікі ФСБ, дамагаючыся прызнальных паказанняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?