Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч лічыць эфектыўнай мерай абмежаванне доступу да сайтаў за дапушчаныя парушэнні заканадаўства. Пра гэта яна заявіла падчас онлайн-канферэнцыі на тэму «Медыяасяроддзе Беларусі ў новых умовах» на сайце БЕЛТА.

Па словах кіраўніка ведамства, у мінулым годзе было прынята 41 рашэнне пра абмежаванне доступу да інфармацыйных рэсурсаў за невыкананне патрабаванняў дэкрэта ад 28 снежня 2014 года №6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» і Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», за выкарыстанне табуяванай лексікі, прапаганду парнаграфіі, незаконную рэкламу лекавых сродкаў і алкагольных напояў, распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў і інш. «Адноўлены доступ толькі да чатырох інфармацыйных рэсурсаў. Уладальнікі іншых рэсурсаў у Міністэрства інфармацыі не звярталіся па зразумелых прычынах — праваахоўныя органы выявілі абуральныя факты выкарыстання інтэрнэт -рэсурсы для рэалізацыі наркотыкаў, - сказала Лілія Ананіч. — Калі ж інтэрнэт-рэсурсы аператыўна выпраўлялі выяўленыя парушэнні, то ва ўстаноўленым парадку доступ да іх аднаўляўся».

У 2016 годзе вынесены рашэнні аб абмежаванні доступу да пяці інтэрнэт-рэсурсаў за распаўсюд інфармацыі пра наркотыкі, накіравана два пісьмовыя папярэджанні уладальнікам інфарм рэсурсаў за размяшчэнне недакладнай інфармацыі і інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам. «Ідзе сістэмная планавая праца, - падкрэсліла міністр. — Эфектыўнасць новых мер відавочная - літаральна ў дзень атрымання папярэджанняў інтэрнэт-рэсурсы ліквідавалі правапарушэнні».

Лілія Ананіч лічыць памылковым пункт гледжання наконт таго, што папярэджанне Міністэрства інфармацыі - гэта ўмяшальніцтва ў рэдакцыйную палітыку. «Гэта не ўмяшанне, а выкананне заканадаўства, - акцэнтавала яна. - Дакладнае выкананне заканадаўства, імкненне да прававой культуры, прытрымліванне журналісцкай этыкі, аб'ектыўнасць, усебаковая падача інфармацыі з дакладнымі фактамі, без абразаў - гэтыя прынцыпы беларускай журналістыкі ніхто не адмяняў. На мой погляд, дзеючае заканадаўства дапамагае развіваць айчынную журналістыку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?