Рашэнне прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб вывадзе вайскоўцаў з Сірыі не было прадметам перамоваў з замежнымі партнёрамі, заявіў прэс-сакратар кіраўніка РФ Дзмітрый Пяскоў. Але рашэнне пра вывад войскаў з Сірыі было ўзгоднена з Асадам, заявіў ён.

«Гэта рашэнне прэзідэнта Расіі і галоўнакамандуючага на аснове дадзеных па выніках працы расійскага кантынгенту ў Сірыі», - сказаў Пяскоў.

«Зразумела, ўсё сказанае прэзідэнтам было даведзена да ведама нашых сірыйскіх калег і ўзгоднена з прэзідэнтам Асадам», — цытуе Пяскова агенцтва Інтэрфакс.

Паводле яго слоў, Пуцін прыняў пад увагу вынікі дзеянняў расійскіх вайскоўцаў у Сірыі і прыйшоў да высновы, што асноўныя задачы ў цэлым былі выкананы.

Раней міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер сказаў, што вывад асноўнай часткі расійскіх войскаў з Сірыі прывядзе да ўзмацнення ціску на сірыйскага прэзідэнта Башара Асада.

«Калі абвяшчэнне пра вывад расійскіх войскаў будзе рэалізавана, гэта ўзмацніць ціск на Башара Асада і вымусіць яго сур'ёзна паставіцца да перамоваў у Жэневе аб палітычным пераходзе, якія забяспечаць стабільнасць у Сірыі ў інтарэсах яе насельніцтва», - гаворыцца ў заяве кіраўніка МЗС.

Пяскоў, у сваю чаргу, адзначыў, што Масква не спрабуе аказаць які-небудзь ціск на прэзідэнта Сірыі.

У аўторак першая група расійскіх самалётаў вылецела з авіябазы Хмеймім у Сірыі ў Расію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?