У Беларусі нярэдкія выпадкі, калі паспяховыя бізнэсмэны з крэслаў дырэктароў кампаній і прадпрыемстваў апынаюцца ў турэмнай камеры. «НН» сабрала найбольш гучныя выпадкі апошніх гадоў.

Яўген Шыгалаў

Уласнік рынка «Ждановічы» Яўген Шыгалаў быў затрыманы ў красавіку 2008 года. Ён ішоў па крымінальным артыкуле 424 ч. 3 «Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі».

Шыгалаў на той час меў слабое здароўе, таму сям’я актыўна лабіравала вызваленне бізнэсмэна з просьбай зрабіць яму аперацыю ў Лондане. У выніку Шыгалава адпусцілі пад заклад у памеры 4,5 мільёна даляраў. Пасля Шыгалаў кампенсаваў яшчэ шкоду дзяржаве ў памеры 40 мільёнаў даляраў. У кастрычніку 2009 года Лукашэнка вызваліў Шыгалава ад крымінальнай адказнасці. Два гады таму Яўген Шыгалаў пайшоў з жыцця, яму быў 61 год.

Віктар Шаўцоў

Гэтага «алігарха» змясцілі за краты ў кастрычніку 2011 года. Шаўцоў рэалізоўваў праекты, звязаныя з Венесуэлай. Шаўцову належыла кампанія «Белзамежбуд», а таксама «Трастбанк». Таксама кампанія займалася будаўнічымі праектамі ў ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Амане, Карэі. Ён асабіста быў знаёмы з Садамам Хусэйнам, Муамарам Кадафі, Уга Чавэсам.

Лукашэнка на гэтую справу адрэагаваў наступным чынам: «Не заплаціць грошай — будзе сядзець у турме». Прычым кіраўнік дзяржавы казаў, што выплаціць Шаўцоў мусіць у двух-, трохразовым памеры. Шаўцова абвінавачвалі ў раскраданні 10 мільёнаў даляраў. У снежні 2012 года бізнэсмэна амніставалі.

Юрый Данькоў

Уладальніка забаўляльнай установы «Данькаў-клуб» арыштавалі проста за працоўным месцам у верасні 2012 года. Судом Маскоўскага раёна Мінска ён быў асуджаны на 8 гадоў зняволення, якое ўсё яшчэ адбывае. Супраць Данькова быў вылучаны цэлы букет абвінавачанняў ад нясплаты падаткаў да ўцягвання ў прастытуцыю.

Данькоў спрабаваў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі ў 2001 годзе, але не сабраў неабходных 100 тысяч подпісаў.

Віталь Кастагораў

Член савета рэспублікі, бізнэсмэн Кастагораў меў расійскае грамадзянства, а таксама валодаў шыкоўнай нерухомасцю ў Маскве. Ягоная кватэра ў сталіцы Расіі ацэньвалася ў 1,5 мільёна даляраў.

Кастагораў быў дырэктарам прадпрыества «Палітэкс» у Магілёве, якое займалася вырабам «экалагічна чыстых нятканых матэрыялаў для тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці.

Летам 2014 года Віталь Кастагораў быў затрыманы супрацоўнікамі спецслужб Беларусі. Яго абвінавацілі ў нясплаце падаткаў. На волю бізнэсмэн выйшаў 30 снежня 2014 года пасля таго як сплаціў 340 тысяч еўра. На гэтым крымінальная справа заглухла.

Ганна Шарэйка

Яна таксама, як і Віталь Кастагораў, з’яўлялася членам савета рэспублікі. Перад гэтым яе пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасці. Шарэйка з'яўлялася дырэктаркай «Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі».

Гэтая справа, у адрозненне ад многіх папярэдніх, была даведзеная да суда, працэс праходзіць якраз у гэтыя дні. Жанчыну судзяць разам з яе літоўскім каханкам Вальдэмарасам Норкусам. Шарэйка рашуча адкідвае абвінавачанні ў карупцыі.

Уладзімір Япрынцаў

Правая рука Юрыя Чыжа, кіраўнік федэрацыі дзюдо і самба, Уладзімір Япрынцаў быў адным з найбагацейшых людзей краіны. За кратамі ён апынуўся ў жніўні 2015 года. Разам з ім арыштавалі сына Казбека. Кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык паведаміў, што Япрынцаў абвінавачваецца ў махлярстве. Паводле неафіцыйнай версіі, Япрынцаў спрабаваў вывесці капітал за межы Беларусі. Ён працягвае знаходзіцца ў СІЗА, вядзецца следства.

Андрэй Паўлоўскі

Адзін з найбольш паспяховых бізнэсмэнаў Гарадзеншчыны, уласнік кампаніі «Біяком», Андрэй Паўлоўскі абвінавачваецца ў нявыплаце падаткаў на суму роўную каля 8 мільёнаў даляраў. У СІЗА Паўлоўскі прабыў менш за месяц, праз нейкі час яго перавялі на хатні арышт.

Юрый Чыж

Самы вядомы бізнэсмэн Беларусі не ўпершыню аказваецца ў СІЗА. Першы раз Чыжа затрымлівалі ў маі 2007 года па справе генеральнага дырэктара «Белнафтахіма» Бароўскага. Аднак пра той выпадак усе даведаліся толькі постфактум. Цяпер жа пра арышт Чыжа ўсе ведалі ад першага дня. Чыж пабудаваў магутную бізнэс-імперыю «Трайпл», якая займалася нафтапрадуктамі і будаўніцтвам. Кажуць, што апошнім часам у бізнэсмэна былі фінансавыя цяжкасці. Чыж быў блізка знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам. Ад 11 сакавіка ён у СІЗА КДБ.

Яўген Баскін

Яшчэ адзін бізнэсмэн з Топ-10 самых багатых людзей краіны. На Магілёўшчыне ж увогуле не было нікога роўнага Баскіну. Свой бізнэс ён пабудаваў на мясе. Усім у краіне вядомыя ягоныя брэнды «Браты Грыль» і «Пятруха». Пакуль сілавікі не даюць інфармацыі, у чым канкрэтна абвінавачваюць Баскіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?