Еўрапейскі саюз быў і застаецца на перадавой міжнародных намаганняў па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, Еўрапейская камісія ўжо выдзеліла каля 730 млн еўра на праекты, звязаныя з Чарнобылем.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкі Магерыні, віцэ-прэзідэнта Еўрапейскай камісіі па энергетычным саюзе Мараша Шэўчавіча, еўракамісара па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах пра пашырэнне Ёханэса Хана і еўракамісара па міжнародным супрацоўніцтве і развіцці Невена Міміцы з нагоды 30-годдзя чарнобыльскай катастрофы. Заяву распаўсюдзіла Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. 

«Нават цяпер, па сканчэнні 30 гадоў, людзі ва Украіне, Беларусі ды іншых краінах змагаюцца з доўгатэрміновымі наступствамі катастрофы для здароўя і навакольнага асяроддзя. Чалавечае вымярэнне гэтай аварыі застаецца ў нашых думках, — падкрэсліваюць аўтары заявы. — Еўрапейскі саюз — найбуйнейшы ўкладальнік у міжнародныя фонды, якія адмініструе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) з мэтай вываду атамнай станцыі з эксплуатацыі і забеспячэння экалагічнай бяспекі гэтага аб`екта».

«Літаральна ўчора Еўрапейская камісія заявіла пра наданне дадатковай падтрымкі Рахунку ядзернай бяспекі. Еўрапейскі саюз і надалей будзе працаваць з Украінай, ЕБРР, краінамі Вялікай сямёркі (G7) ды іншымі міжнароднымі донарамі для забеспячэння паспяховага завяршэння гэтых праектаў», — адзначаюць высокія прадстаўнікі ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?