Уладзімір Кондрусь на Плошчы-2010 і на Дні Волі-2016.
Мікалай Статкевіч заявіў, што ў арышце жыхара Рудзенска Уладзіміра Кондруся вінаватыя журналісты.
На сваёй старонцы ў Facebook ён напісаў наступнае: «Як я зразумеў, арышт адбыўся дзякуючы апазіцыйным СМІ, якія апазналі Уладзімера па 5-гадовым фота, на якім ён грукаў у некім ужо разбітае акно Дома ўрада корабам для сцёка дажджавой вады, адарваным ад гэтага будынка».
«Не зразумелыя паводзіны тых апазіцыйных журналістаў і палітыкаў, якія дзеянні найбольш актыўнай і рашучай часткі ўдзельнікаў беларускай Рэвалюцыі Годнасці дагэтуль называюць правакацыяй. Пры гэтым яны захапляюцца ўкраінскай рэвалюцыяй годнасці супраць, прызнаем гэта, легітымнага і законна абранага прэзідэнта», — піша палітык.
«Я не ведаю, хто першым пачаў біць дзверы Дома ўрада 19.12.2010 г., але спадзяюся, што проста мужныя і годныя людзі, а ніякія не агенты», — мяркуе Статкевіч.
«Даносчыкам на Уладзімера Кондруся раю не хавацца за канспіралагічныя версіі, а папрасіць у яго прабачэння. Таксама раю аказаць яго сям'і матэрыяльную дарамогу. Калі грошай няма, то папрасіце ў міліцыі прэмію за данос — вам належыць», — ганіць ён журналістаў.
На фотаздымках з акцыі Дзень Волі ў Мінску 25 сакавіка 2016 года Кондруся апазналі журналісты «Нашай Нівы». Яны супаставілі яго з фота, на якіх ён выглядае актыўным ўдзельнікам падзей Плошчы-2010. Было таксама выказанае меркаванне аб тым, што ён мог выконваць ролю правакатара.
19 снежня 2010 года, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, адбылася масавая маніфестацыя пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі. Калі дэманстранты дайшлі да плошчы Незалежнасці, правакатары распачалі біццё вокан Дома ўрада. На правакацыю паддаліся таксама некаторыя актывісты апазіцыі. Гэта стала падставай для разгону, арышту соцень людзей і пагрому апазіцыйных асяродкаў.
Фотакамеры зафіксавалі тады некалькі чалавек, якія прынеслі «інвентар» (рыдлёўкі, брускі) і распачалі біццё шыбаў.
Вось непрыкметны мужчына ў куртцы з капюшонам падносіць да Дома ўрада рыдлёўкі.
Гэты чалавек прынёс рыдлёўкі да ганку Дома ўрада за лічаныя хвіліны да «штурму». Фота karpenkod.blogspot.com
А вось чалавек б'е вокны.
Мужчына б'е вокны збоку ад галоўнага ўваходу. Звярніце ўвагу на аператараў спецслужб з характэрнымі малымі камерамі, якія здымаюць яго са спіны, тады як сілы правапарадку ніяк не рэагуюць.
Вось ён ужо з іншай «зброяй» — пакункам ксеракснай паперы каля акон, загадзя абароненых шчытамі спецназа. Фота Аляксей Громаў.
А тут ствараецца ўражанне агрэсіі дэманстрантаў да спецназаўцаў. Гэтае фота абышло дзяржаўныя газеты. Фота Андрэй Смірноў.
Гэты чалавек на вачах у журналістаў тады спакойна сышоў з плошчы Незалежнасці ў кампаніі некалькіх мужчын.
І вось падчас шэсця на Дзень Волі — 2016 у аб'ектыў камеры журналіста «Нашай Нівы» трапіў надзіва падобны мужчына. Ён быў нават апрануты гэтаксама — у чорную шапачку і шэрую спартовую куртку з трыма палоскамі на плячах.
25 сакавіка гэты чалавек не скандаваў лозунгаў разам з усімі, трымаўся каля краю калоны і пазбягаў камер. Але сам час ад часу спыняўся і фатаграфаваў калону дэманстрантаў.
Пад ціскам беларускай грамадскай думкі, Еўрасаюза, ЗША арыштаваных 2010 года выпусцілі цягам наступных гадоў. Апошнім з турмы выйшаў экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч.
Менавіта Кондрусь фігураваў на фотах, якія найчасцей выкарыстоўваліся лукашэнкаўскімі СМІ для дэманстрацыі «бясчынстваў апазіцыі».
Публікацыя «НН» з'явілася ў сакавіку 2016-га.
У жніўні стала вядома, што меркаваны чалавек з фотаў быў узяты пад варту 14 чэрвеня. Мяркуецца, што гэта Уладзімір Кондрусь, 1977 года нараджэння, жыхар горада Рудзенск.
Чытайце:
Правакатар, які пачаў біццё акон Дома ўрада ў 2010-м, прысутнічаў на Дні Волі — 2016 ФОТЫ
Мужчына, які пачаў біць вокны падчас Плошчы-2010, затрыманы за «масавыя беспарадкі» і трымае галадоўку ў СІЗА
Следчы камітэт пракаментаваў інфармацыю аб затрыманні за Плошчу-2010 Уладзіміра Кондруся





