Сірыйцы не атрымалі ніякай карысці ад гуманітарнай паўзы, абвешчанай расійскімі вайскоўцамі ў горадзе Алепа. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Джон Кірбі на брыфінгу ў Вашынгтоне, паведамляюць інфармагенцтвы.
«Гуманітарная паўза была разлічаная на што? Каб людзі змаглі выйсці з горада, але таксама, каб атрымалі дапамогу. І якую дапамогу атрымалі жыхары? Ніякай», — сказаў Кірбі.
Ён падкрэсліў, што жыхары Алепа пакутуюць ад голаду, смагі і адсутнасці неабходных медыкаментаў.
«Дае гуманітарная паўза эфект ці не, трэба спытаць у расіян. Але сірыйскі народ, асабліва жыхары Алепа, безумоўна, не адчуваюць ніякай карысці ад яе», — сказаў прадстаўнік дзярждэпартамента.
Раней у ААН заявілі, што не могуць скарыстацца аднабаковым перамір'ем, уведзеным РФ у Алепа, каб адправіць дапамогу ва ўсходнюю частку горада.





