Пратэстоўцы (у іх уваходзяць групы DisruptJ20 і Black Lives Matter) паспрабуюць заблакаваць усе 12 пунктаў пропуску да месца правядзення цырымоніі каля Капітолія, дзе Трамп павінен прынесці прысягу, і ўздоўж Пэнсільванія-авеню.

Акрамя таго, яны хочуць — таксама з дапамогай дэманстрацый і перакрыцця дарог — перашкодзіць правядзенню традыцыйнага інаўгурацыйнага балю.

«Мы хочам убачыць паўстанне, што закіпае ў гэтым горадзе і па ўсёй краіне», — сказаў агенцтву Рэйтэр арганізатар акцыі Дэвід Тэрстан.

Арганізатары абяцаюць і іншыя «сюрпрызы», але пры гэтым асцерагаюцца сутыкненняў з прыхільнікамі Трампа.

Усяго дазволу на правядзенне розных акцый у Вашынгтоне ў дзень прывядзення новага прэзідэнта ЗША да прысягі атрымалі 27 ініцыятыўных груп.

Гэта ў чатыры разы больш, чым у сярэднім у дні інаўгурацыі ў папярэднія гады.

Чакаецца, што на гэты раз інаўгурацыю Трамп наведаюць 800 тысяч гледачоў. Гарантаваць іх бяспеку будуць больш за 15 тысяч сілавікоў.

В.а. шэфа паліцыі акругі Калумбія Пітэр Ньюшэм раней ужо даў зразумець, што вартавыя парадку будуць гатовыя супрацьстаяць спробам зрыву цырымоніі.

Ні Трамп, ні яго каманда пакуль ніяк не каментавалі планы пратэстоўцаў.

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, на якіх перамог Трамп, ужо суправаджаліся пратэстамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?