Былы гендырэктар завода халадзільнікаў Леанід (манах Нікан) жыве ў Галовічах Дрыбінскага раёна (Магілёўская вобласць). У гэтай вёсцы ён нарадзіўся.

«Леанід Іванавіч працуе ў Свята-Траецкай царкве, пераехаў сюды даўно, жыве адзін», — распавяла «Народнай волі» адна з жыхарак вёскі.

Сам Калугін, яму споўніцца 16 студзеня 77 гадоў, носіць чорнае манаскае адзенне. Аднавяскоўцы кажуць, што ён дапамог будаваць царкву. Калугін пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў «Народнай волі».

Каментаваць былую дзейнасць на «Атланце» ён адмовіўся: «Усе справы ў мінулым. Я ўжо даўно пенсіянер. А прамысловасць — ужо ў далёкім мінулым. Сёння я манах. Зразумець манаха можа толькі манах».

«Пытаеце, ці проста мне далося рашэнне сысці ад свецкага жыцця. Гэта вельмі складанае пытанне, адразу так хутка і не адкажаш. Да і не хачу я абмяркоўваць гэту тэму. Волю Боскую не абмяркоўваюць. Волю Бога выконваюць», — рэзюмаваў ён.

***

Леанід Калугін доўгі час быў гендырэктарам завода «Атлант», з 1996 г. — член Савета Рэспублікі. У 2001 г. балатаваўся на пасаду прэзідэнта, але не сабраў неабходную колькасць подпісаў.

21 лістапада 2001 г. быў затрыманы па абвінавачванні ў несвоечасовым вяртанні міжнароднага крэдыту. 29 лістапада 2001 г. заведзеная крымінальная справа паводле арт 424, ч. 3 Крымінальнага кодэкса: злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Пазбаўлены пасады генеральнага дырэктара ЗАТ «Атлант». Пасля працяглага папярэдняга зняволення абвінавачанне знята за адсутнасцю складу злачынства.

Калугін некалькі гадоў жыў пад Мінскам пры адной з цэркваў, а ў час кіравання «Атлантам» пабудаваў на тэрыторыі завода праваслаўны храм.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0