Прапанаванае Міністэрствам фінансаў Расіі абнуленне пасля 2018 года экспартнай пошліны на нафту можа ўскладніць адносіны з Беларуссю, пазбавіўшы яе 96 млрд расійскіх рублёў (каля 1,6 млрд долараў), прывесці да падзення аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі ў Расіі на 20% і недахопу паліва, а таксама да зачынення шэрагу НПЗ. Да такой высновы прыйшло Міністэрства энергетыкі Расійскай Федэрацыі, паведамляе «КоммерсантЪ».

Паводле інфармацыі расійскага выдання, Мінэнерга прапаноўвае нічога не змяняць як мінімум да 2020 года, тады як Мінфін хоча прыняць рашэнне ў 2018 годзе. Кампрамісам могуць стаць кампенсацыйныя меры, напрыклад адмоўныя акцызы, лічаць у расійскім ведамстве.

У лісце намесніка міністра энергетыкі Анатоля Яноўскага, тэкст якога мае «КоммерсантЪ», адзначаецца, што абнуленне пошліны заўчаснае ў сілу «недастатковай прапрацоўкі» і можа прывесці да зніжэння эфектыўнасці здабычы на радовішчах з ільготамі па экспартнай пошліне, а таксама да палітычных рызыкаў.

Так, прапанова Мінфіна можа пацягнуць пагаршэнне ўзаемаадносін паміж РФ і Беларуссю, якая бяспошлінна атрымлівае расійскую нафту. Страты беларускага боку пры цане на нафту ў 40 долараў за бараль і курсе 64,8 рубля за долар Мінэнерга ацэньвае ў 96 млрд рублёў.

Мінэнерга таксама чакае «аднамомантнага зніжэння аб'ёмаў перапрацоўкі» нафты (у аб'ёме да 60 млн т). Гэта эквівалентна прыкладна 20% усёй перапрацоўкі нафты ў РФ.

У сувязі з гэтым міністэрства просіць «забяспечыць стабільны падатковы рэжым» для галіны, зафіксаваўшы фіскальныя параметры 2017 года «з мэтай забеспячэння інвестпрыцягальнасці сегментаў здабычы і перапрацоўкі нафты да 2020 года».

У Мінфіне заявілі «Коммерсанту», што «ў адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта, сфармуляваным ім у пасланні Федэральнаму сходу», у 2017 годзе павінны абмеркаваць з зацікаўленымі бакамі будучыя змены ў падатковай сістэме, у 2018 годзе прыняць адпаведныя законы, каб з 2019 года яны набылі моц. «Таму разглядаць пытанні змены пошлін і іншых падаткаў да завяршэння даручанай прэзідэнтам дыскусіі аб будучых контурах падатковай сістэмы лічым заўчасным», — растлумачылі ў міністэрстве.

Як паведамлялася, падатковы манеўр у нафтавай галіне, рэалізацыя якога ў Расіі пачалася яшчэ ў 2015 годзе, мяркуе павелічэнне падатку на здабычу карысных выкапняў і памяншэнне экспартных пошлін на нафту. Чакаецца, што ў выніку падатковага манеўру з 2017 года экспартная пошліна ў Расіі знізіцца з цяперашніх 42% да 30% ад сусветнай цаны на нафту.

У 2011—2014 гадах Беларусь выплачвала частку даходаў ад экспарту нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расійскай нафты, у расійскі бюджэт. З 2015 года экспартная пошліна на нафтапрадукты ў поўным аб'ёме паступае ў беларускі бюджэт. Штогадовыя даходы ад заліку экспартных пошлін ад продажу нафтапрадуктаў складаюць больш за 1 млрд долараў.

У канцэрне «Белнафтахім» пракаментаваць гэтую публікацыю не змаглі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?