Сёння ў Мінскім гарадскім судзе пачаліся спрэчкі па справе аб нападзе ў ГЦ «Еўропа», паведамляе tut.by.

Улад Казакевіч. Фота Сяргея Гудзіліна.

Падчас суда 18-гадовы Улад Казакевіч цалкам прызнаў сваю віну, але не раскаяўся. Ён пашкадаваў толькі аб тым, што ахвяр было мала. Пакаранне малады чалавек будзе адбываць у калоніі не ўзмоцненага, а агульнага рэжыму, бо злачынства здзейсніў у непаўналетнім узросце.

У сваім выступе дзяржабвінаваўца Алег Буйлянкоў падкрэсліў, што эксперты прызналі Казакевіча пры свядомасці, ён усведамляў свае дзеянні і не пакутаваў на псіхічнае захворванне ў момант здарэння.

«Высокі суд, пры прызначэнні пакарання трэба ўлічваць частковае пагашэнне шкоды, непаўнагадовы ўзрост абвінавачанага ў момант злачынства, яго характарыстыкі, поўную адсутнасць раскаяння. Прашу прызнаць яго вінаватым і прысудзіць да 15 гадоў пазбаўлення волі», — заявіў пракурор.

«Хацелася б сказаць, што, на жаль, я не выканаў ўсіх сваіх планаў па масавым забойстве, так што я яшчэ вярнуся, каб скончыць пачатае», — заявіў Казакевіч у апошнім слове.

Прысуд абвесцяць 3 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0