«Вялікую маю занепакоенасць выклікала заява старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алега Морхата, зробленая ў эфіры глыбоцкага раённага радыё, аб жаданні ўсталяваць на вул. Леніна ў Глыбокім бюст Уладзіміра Леніна, — цытуюць ліст westki.info. —

За часамі працы Алега Морхата на пасадзе старшыні Глыбоцкага райвыканкама былі пастаўленыя помнікі многім славутым жыхарам Глыбоцкага раёна, былі добраўпарадкаваныя многія месцы ў горадзе. Гэтыя справы, да якіх мае дачыненне Алег Морхат, захаваюць яго імя ў гісторыі Глыбокага.

Аднак апошні намер Алега Морхата ідзе ўразрэз з ранейшай ягонай працай, і ўжо не з добрага, а кепскага боку засведчыць пра яго перад судом гісторыі. Бо дагэтуль пры кіраванні Алега Морхата ўсталёўвалі помнікі выбітным людзям, культурным дзеячам - а цяпер будзе ўсталяваны помнік злачынцу, заснавальніку злачыннай сістэмы.

За часамі ўлады камуністаў былі забітыя, незаконна зняволеныя ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч жыхароў Глыбоцкага раёна. Сотні вязняў турмы ў Беразвеччы былі расстраляныя падчас эвакуацыі ў чэрвені 1941 года. Пад рэпрэсіі трапіла найлепшая моладзь Глыбоччыны, сябры «Саюза беларускіх патрыётаў», разгромленага органамі НКВД у 1947 годзе.

Нашыя дзяды і прадзеды прайшлі цяжкі час калектывізацыі, калі камуністычныя ўлады, ужываючы ціск і шантаж, адабралі ў іх усю нажытую цяжкай працай уласнасць, а найперш зямлю. Сотні жыхароў Глыбоччыны былі высланыя без суда і следства ў аддаленыя раёны СССР. Тысячы жыхароў Глыбоччыны былі вымушаныя выехаць у 1940-я і 50-я гады ў Польшчу, уцякаючы ад камуністычнай улады і прынесенай ёй галечы і здзеку над чалавекам. Гэтак была разбурана сістэма гаспадаркі, а самыя разумныя і працавітыя людзі нашага краю апынуліся на чужыне.

Камуністычныя ўлады змагаліся супраць хрысціянскай рэлігіі, вызнаўцамі якой з'яўляліся і з'яўляюцца жыхары Глыбоцкага раёна. Многія цэрквы і касцёлы былі зачыненыя і спустошаныя. Камуністы праводзілі ціск на веруючых людзей, асабліва на моладзь. Вяршыняй гэтага варварства з'яўляецца разбурэнне царквы ў Беразвеччы, якая была найбольш дасканалым творам архітэктуры віленскага барока.

Усталяванне помніка Леніну, у такім выпадку, з'яўляецца здзекам з гістарычнай памяці, з нашых продкаў, з хрысціянскай рэлігіі. Дзіўнай з'яўляецца гэтае рашэнне з боку Алега Морхата, які падчас урачыстасцяў часта наведвае хрысціянскія храмы і прамаўляе там, заклікаючы да захавання духоўных каштоўнасцяў.

Дык заклікаю Алега Морхата вызначыцца - або ён падтрымлівае хрысціянскія каштоўнасці або несумяшчальную з імі камуністычную ідэалогію? На маю думку, пасля ўсталявання помніка Леніну будзе варта, каб святары перасталі пускаць у касцёлы і цэрквы чалавека, які публічна ўшаноўвае таго дзеяча, які жорстка змагаўся з рэлігіяй, чые паслядоўнікі забівалі святароў, руйнавалі і спустошвалі цэрквы.

Няхай Алег Морхат не здзіўляецца, калі ўсталяванне помніка Леніну выкліча публічны пратэст грамадскасці. Людзі, чые дзяды і прадзеды пацярпелі ад камуністычнага рэжыму, могуць успрыняць гэты ўчынак як асабістую абразу. Не здзіўляйцеся, калі ўбачыце, што падчас урачыстага адкрыцця помніка, акрамя запланаваных прамоваў, хтосьці з жыхароў Глыбокага скажа або пракрычыць пра тое зло, якое зрабіла нашым продкам камуністычная ўлада.

Таму кажу Вам, шаноўны Алег Віктаравіч. Сёння Вы маеце адзін шанец уратаваць сваю рэпутацыю і сваё імя ў гісторыі. Адмоўцеся ад усталявання помніка Леніну ў Глыбокім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0