Злучаныя Штаты не будуць выходзіць з Парыжскага пагаднення па клімаце, а будуць дамагацца змены ўмоў свайго ўдзелу ў ім. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай адразу на некалькі крыніц, знаёмых з вынікамі нарады ў Манрэалі, прысвечанай Парыжскаму пагадненню па клімаце.

Па словах суразмоўцаў выдання, прадстаўнікі ўладаў ЗША пад кіраўніцтвам старшага дарадцы Белага дома Эверэта Эйсенстата ўзнялі пытанне перагляду ўмоў удзелу ЗША ў гэтым пагадненні, сігналізуючы такім чынам пра тое, што Вашынгтон гатовы застацца ў ім.

«ЗША заявілі, што не будуць перападпісваць Парыжскае пагадненне, але паспрабуюць перагледзець умовы, на якіх яны могуць удзельнічаць у дадзенай дамове», — падае выданне словы еўракамісара па энергетыцы і пытаннях клімату Мігеля Арыяса Каньетэ.

Белы дом у сваю чаргу заявіў, што пазіцыя ЗША па Парыжскім пагадненні не змянілася. У той жа час там падкрэслілі, што адназначнага рашэння адносна выхаду з гэтага пагаднення прэзідэнтам да гэтага часу прынята не было.

«Няма змяненняў у пазіцыі ЗША адносна Парыжскага пагаднення», — сказаў намеснік прэс-сакратара Белага дома Ліндсэй Уолтэрс. Ён нагадаў, што раней «прэзідэнт выразна даў зразумець, што ЗША выйдуць з пагаднення, калі не змогуць дамагчыся больш выгадных для краіны умоваў».

5 жніўня Дзярждэп накіраваў у ААН афіцыйнае апавяшчэнне аб тым, што ЗША плануюць выйсці з Парыжскага пагаднення па клімаце. Тады ж амерыканскае замежнапалітычнае ведамства заявіла, што прэзідэнт ЗША гатовы абмяркоўваць змены ў пагадненні, каб яно стала больш «зручным для Амерыкі, для яе бізнесу, яе рабочых, людзей і падаткаплатнікаў».

Парыжскае пагадненне па клімаце было падпісана ў 2015 годзе. Дакумент падпісалі 196 краін. Згодна з ім, дзяржавы павінны вылучыць $ 100 млрд краінам, якія развіваюцца на рашэнне праблем з кліматам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0