Мінскія выратавальнікі дапамаглі дастаць з-пад кіёска спалоханага ката, паведаміла карэспандэнту БелТА афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Вольга Мельчанка.

Кур'ёзны выпадак адбыўся сёння раніцай ля прыпынку на вул. Маякоўскага. «Гаспадыня везла ката ў ветэрынарную клініку, той спалохаўся і ўцёк пад кіёск « Белсаюздруку», дзе засеў. Жанчына выклікала ратавальнікаў. Работнікі МНС з дапамогай гідраўлічнага інструмента паднялі кіёск, дасталі жывёлу і перадалі гаспадыні», — распавяла Вольга Мельчанка.

Як адзначаюць у МНС, падобныя здарэнні не ўваходзяць у кампетэнцыю ратавальнікаў і кожная падобная сітуацыя разглядаецца індывідуальна. Аднак пры наяўнасці магчымасці ратавальнікі адгукаюцца на такія выпадкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0