Суботні ранак.
Раптам —
та-дам —
званок у дзверы.
На расслабоне
іду адчыняць
(сам у халаце, жонка ў шорціках).
Гляджу ў вочка:
стаіць дзяўчо.
Вочы ў падлогу.
«Прабачце, можа,
ў вас якіясь прадукты ёсцека?»
«Зараз, — кажу, — пачакай, зірну…» 
І перад носам дзвярыма — плясь
(нейк, камандор, машынальна, ну).
Крочу на кухню.
Жонка хвалюецца
«Хто там?»
«Ды-ы, гэта… дзяўчо…»
(жонка хвалюецца два)
«Чо?..»
Хутка выходзіць і хутка вяртаецца.
(Дзверы таксама на гэтым баку.)
«Памперсаў просіць,
маці яе нарадзіла нядаўна, кажа»
Дастае макароны, нейкія крупы, кашы…
Пакуем усё па пакетах.
Моўчкі. Аператыўна ды зладжана.
Выходзім на лесвіцу.
Яна стаіць. Тая ж пастава…
Дзякуе і сыходзіць.
Цітры, уласна.
Жыццё працягваецца
(хтосьці з pause націснуў на play):
пошук аўто ды кавамашыны,
запіс старэйшай да артадонта
(брэкеты час прыспеў ставіць).
Словам, дэдлайны,
рэжым цэйтноту,
які не стрымаць, не спыніць,
тлум, мітусня, трывожнае шчасце.

Толькі дзяўчо ўсё у тамбуры
ў вочку —
ці уваччу —
стаіць…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?