14 мая ў Тэль-Авіве прайшоў першы паўфінал Еўрабачання 2019. Беларуская спявачка Зена выйшла ў фінал конкурсу.
Чытайце таксама: Дзіўны адбор: на Еўрабачанне ад Беларусі зноў паедзе пратэжэ расійскага прадзюсара Дробыша ВІДЭА
Сёння, у рамках першага паўфіналу Еўрабачання, выступілі прадстаўнікі 17 краін: Беларусь, Венгрыя, Кіпр, Польшча, Сербія, Славенія, Фінляндыя, Чарнагорыя, Чэхія, Аўстралія, Бельгія, Грэцыя, Грузія, Ісландыя, Партугалія, Сан-Марына і Эстонія. Францыя, Іспанія і Ізраіль праходзяць у фінал аўтаматычна, але таксама сёння выступалі.
Па выніках першага паўфіналу ў фінал выйшлі Грэцыя, Беларусь, Сербія, Кіпр, Эстонія, Чэхія, Аўстралія, Ісландыя, Сан-Марына і Славенія.
Другі паўфінал адбудзецца ў чацвер, 16 мая.
У фінале, які адбудзецца 18 мая, да ўдзельнікаў, якія перамогуць у паўфіналах, далучацца прадстаўнікі краін Вялікай пяцёркі — Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі і Вялікабрытаніі, а таксама ўдзельнік, які прадстаўляе краіну-пераможцу леташняга конкурсу — Ізраіль.
Спіс краін і парадак выступлення ў першым паўфінале быў такім:
- Кіпр: Тамта — Replay
- Чарнагорыя: D—moll — Heaven
- Фінляндыя: Darude feat. Sebastian Rejman — Look Away
- Польшча: Тулія — Pali się
- Славенія: Зала Краль і Гашпер Шантл — Sebi
- Чэхія: Lake Malawi — Friend of a Friend
- Венгрыя: Ёцы Папаі — Az én apám
- Беларусь: Зена — Like It
- Сербія: Невена Божавіч — Круна
- Бельгія: Эліёт Вассаміллет — Wake Up
- Грузія: Ота Немсадзэ — Sul tsin iare (სულ წინ იარე)
- Аўстралія: Кейт Мілер-Хайдке — Zero Gravity
- Ісландыя: Hatari — Hatrið mun sigra
- Эстонія: Віктар Крон — Storm
- Партугалія: Конан Асірыс — Telemóveis
- Грэцыя: Кацярына Дуска — Better Love
- Сан-Марына: Серхат — Say Na Na Na
Сёлета ў конкурсе бярэ ўдзел 41 краіна. Балгарыя адмовілася ад удзелу ў песенным конкурсе у 2019 годзе па фінансавых прычынах, таксама, як і Боснія і Герцагавіна, якая апошні раз удзельнічала ў Еўрабачанні ў 2016 годзе.
Турцыя, якая апошні раз удзельнічала ў песенным конкурсе ў 2012 годзе, абвясціла аб тым, што не плануе вяртацца на конкурс. Акрамя таго, у Еўрабачанні 2019 адмовілася браць удзел і Украіна ў сувязі з нежаданнем спявачкі MARUV, якая перамагла ва ўкраінскім адборы, падпісваць кантракт з грамадскай тэлекампаніяй.
Чытайце таксама: Хто з'яўляецца галоўнымі фаварытамі Еўрабачання-2019 і ці ёсць сярод іх беларуска — разважаем разам з экспертамі





