Маладзечанец Аляксандр Яроменка распавёў пра гарачую паездку ўчора, якая адбылася 9 чэрвеня.
— Ехаў маршрутам №10, які адпраўляецца ад Лядовага палаца ў бок цэнтра ў 13:38. Чэрвень, +25. А ў гарадскім аўтобусе замест кандыцыянера працуе печка, — удакладніў «РГ» Аляксандр Яроменка.
У чым прычына такой сітуацыі, мы папрасілі патлумачыць галоўнага інжынера аўтапарка №4 Аляксандра Рогача.
Спецыяліст патлумачыў, што ў некаторых аўтобусах забітыя радыятары, многія з іх падлягаюць замене. Учора прамылі 10-15 штук.
Такая праблема асабліва вострая для аўтобусаў тыпу «гармонік». У іх батарэі каля рухавіка заўсёды гарачыя. Такі канструктарскі недахоп гэтай мадэлі.
— Мы праблему ведаем. Працуем над вырашэннем, — падсумаваў галоўны інжынер.





