У Асіповічах пасля двух тыдняў хваробы з COVID-19 памёр 57-гадовы Сяргей Шчацінка. Інфекцыю, лічыць яго жонка Ала, мужчына падхапіў у ізалятары часовага ўтрымання, куды яго адправіў суд, прызнаўшы вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве: яны з жонкай і яшчэ некалькімі людзьмі фатаграфаваліся ў парку. Пры гэтым у пасведчанні прычына смерці Сяргея Шчацінкі не пазначаная, піша Tut.by.

Ала Шчацінка распавядае, што іх з мужам затрымалі 12 лістапада: яе — на працы, яго — дома. Напярэдадні вечарам яны фатаграфаваліся ў гарадскім парку, і мужа, па словах жанчыны, вылічылі па яркай куртцы — па запісе з відэакамер рэстарана.

З РАУС Алу выпусцілі, а Сяргея адправілі ў ІЧУ. На наступны дзень быў суд, які прызнаў мужа і жонку вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Алу аштрафавалі на 10 базавых велічынь, або 270 рублёў. Сяргею прызначылі пакаранне ў выглядзе 10 сутак пад арыштам.

Арышт Сяргей адбываў у Асіповіцкім ІЧУ і выйшаў на волю днём 22 лістапада, гэта была нядзеля. Па словах жонкі, ён ужо тады казаў, што адчувае сябе так, быццам падхапіў прастуду. І распавёў, што каля сутак быў у адной камеры з мужчынам, у якога была высокая тэмпература і якога падсялілі да іх часова, а пасля перавялі ў іншую камеру.

У сераду, 25 лістапада, Сяргей дрэнна адчуваў сябе на працы, але ў паліклініку паехаў пасля працоўнага дня. У яго была падвышаная тэмпература — каля 38,7°С, працягвае Ала Шчацінка. Яму адкрылі бальнічны ў гэты ж дзень, узялі мазок з насаглоткі для аналізу ПЛР. Ала прайшла гэтую ж працэдуру на наступны дзень, — яна таксама адчула недамаганне і лічыць, што заразілася ад мужа.

У абаіх быў станоўчы тэст на каранавірусную інфекцыю.

Наступныя два тыдні сям'я правяла дома. Адзін раз Ала выклікала хуткую для мужа: ён скардзіўся на боль у грудзях, у яго была высокая тэмпература. Брыгада лекараў збіла тэмпературу, але ў шпіталізацыі адмовіла: па іх словах, для гэтага не было падстаў.

Роўна праз 2 тыдні пасля першага прыёму Сяргей Шчацінка пайшоў у паліклініку — 9 снежня доктар хацеў закрываць бальнічны. Сяргей, кажа жонка, папрасіў працягнуць яго да пятніцы: 

— Сяргей патлумачыў доктару, што адчувае сябе не вельмі добра. Да таго ж у яго праца на вуліцы: ён быў слесарам, рабіў стропальныя працы — працаваў на Асіповіцкім заводзе жалезабетонных канструкцый. Сяргей сказаў доктару: «У чацвер калі выйду на працу, у пятніцу зноў да вас прыйду». І доктар працягнула бальнічны да панядзелка.

У пятніцу, 11 снежня, Сяргей памёр. Па словах жонкі, ён пайшоў з сынам мяняць колы ў машыне, войкнуў, упаў — і ўсё. У пасведчанні аб смерці паказана, што прычына смерці невядомая: код R99 расшыфроўваецца як «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці». Па словах жонкі, нейкіх сур'ёзных праблем са здароўем у яе мужа раней не было. Але Шчацінка сказалі, што для высвятлення прычын смерці матэрыялы адправілі на экспертызу ў Магілёў, яе вынік будзе месяцы праз два. 

— Я не ведаю, што яшчэ рабіць, — кажа ўдава. — Адзінае, што я зрабіла, гэта настаяла на тым, каб доктар у паліклініцы хоць бы мне прызначыла дадатковыя аналізы. Каранавірус даў мне ўскладненні на кішэчнік, печань. Сяргею — на лёгкія, мабыць: падчас бальнічнага яму рабілі КТ, якая паказала паражэнне 25% лёгкіх, але ўтрыманне кіслароду было ў норме.

Праз 3 дні пасля смерці Сяргея Шчацінкі яму на працу прыйшло паведамленне аб аплаце часу знаходжання ў ізалятары. Ала Шчацінка пакуль не ведае, ці трэба будзе ёй плаціць — з улікам новых абставін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0