Дзянiс загiнуў пасля таго, як быў збiты кантралёрамi бабруйскага следчага iзалятара. Крымiнальную справу хутка закрылi. Але праз некалькi гадоў следчыя ўсё ж даведалiся пра страшныя акалiчнасцi смерцi вязня.

Генпракуратура ўжо некалькi гадоў дабiваецца справядлiвага прысуду кантралёрам, што збiвалi Дзянiса. «Звязда» высвятляла, чаму «пярэваратнi ў пагонах» дагэтуль на волi.

Дзянiса Клiмачова змясцiлi ў бабруйскае СIЗА‑5 яшчэ ў далёкiм 2001 г. Яму было 29 гадоў. Мужчына мусiў адбыць 3‑месячнае пакаранне за нявыплату алiментаў.

У няволi з Дзянiсам здарылася псiхiчнае расстройства. Яго змясцiлi ў камеру для неспакойных.

Ужо праз тыдзень «адсiдкi» ў СIЗА Дзянiс загiнуў пры таямнiчых абставiнах.

Судмедэксперты паставiлi дыягназ, з‑за якога, на iх думку, памёр вязень — вострая недастатковасць кровазвароту, якую выклiкала кардыяпатыя алкагольнага генезу. Прасцей кажучы, на думку медыкаў,

Дзянiс памёр з‑за… рэзкай адмовы ад алкаголю.

— Мы атрымалi тэлеграму, што Дзянiс памёр, — узгадвае падрабязнасцi смерцi вязня яго стрыечная сястра Алена Абрамовiч. — Калi пабачылi яго цела, то не паверылi дыягназу судмедэкспертаў.

Гэта былi чорныя гематомы, кровападцёкi, зламана адразу восем рэбраў, нос перакошаны набок… I мы зразумелi, што прычына смерцi Дзянiса — яго збiццё.

Але пракуратура Ленiнскага раёна Бабруйска не паставiла пад сумнеў высновы судмедэкспертаў.

За службовую халатнасць умоўна пакаралi галоўнага медыка СIЗА i дзяжурнага памочнiка начальнiка. На гэтым справу закрылi.

— Страшныя пабоi патлумачылi тым, што Дзянiс… сам сябе пакалечыў, — працягвае Алена Абрамовіч. — Судмедэксперты сцвярджалi, што ён бiўся галавой, рукамi, нагамi аб сцены камеры. Але як такое магло здарыцца? Камера для неспакойных вязняў абшыта гумай, каб яны не маглi сябе траўмаваць. Пазней судмедэксперты прызналi, што гематомы Дзянiс атрымаў у вынiку 33‑35 кантактаў з тупым прадметам.

Медыкi не выключылi, што гэта магла быць гумовая палка.

Некалькi гадоў сястра Алена дабiвалася ўзнаўлення следства, пiсала лiсты ва ўсе iнстанцыi. Пасля таго як яна звярнулася ў Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта, справай зацiкавiлася Генпракуратура.

Праз пяць гадоў пасля здарэння праваахоўным органам сталi вядомы жахлiвыя падрабязнасцi смерцi Дзянiса ў бабруйскiм СIЗА.

«Супрацоўнiкi СIЗА смяялiся, потым пачулiся ўдары…»

Дзянiса Клiмачова збiлi дзяжурныя кантралёры ў ноч яго смерцi. Пра гэта паведамiлi жывыя сведкi — жанчыны, якiя чакалi сваiх судовых пасяджэнняў у СIЗА‑5.

«Сведка Хрушчынская паказала, што побач з яе камерай на адлегласцi каля метра змяшчалася камера 39 для супакаення непаслухмяных вязняў, — паведамляе Генпракуратура у апошнiм пратэсце, накiраваным у Вярхоўны Суд. — У камеры ўтрымлiваўся малады мужчына, у якога была «белая гарачка». Уначы 19 студзеня 2001 года з 3.00 да 3.30 яна прачнулася ад шуму, крычаў гэты асуджаны, клiкаў Ларысу, прасiў забраць яго.

Супрацоўнiкi СIЗА смяялiся з гэтых выказванняў, потым яна пачула глухiя ўдары па целе i просьбы маладога чалавека не бiць яго.

Калi яна i iншыя сукамернiцы сталi грукаць у дзверы i патрабаваць спынiць збiццё асуджанага, адчынiлася акно iх камеры для раздачы ежы, i яна пабачыла маладога чалавека, якi стаяў каля сцяны. Ён быў распрануты, а яго вопратка ляжала на падлозе. Кантралёр, якi адчынiў акенца камеры, загадаў iм супакоiцца. Асуджанага адвялi ў камеру 39, з якой яшчэ пэўны час даносiлiся галасы, а потым шум спынiўся. Ранiцай гэтага мужчыну знайшлi мёртвым».

Сведцы можна было б не паверыць, але карэспандэнт «Звязды» пачуў пра тыя ж акалiчнасцi ад Алены Шчагловай, яшчэ адной жанчыны з камеры 37. Сёння Алена жыве ў вёсцы Бiрча Магiлёўскай вобласцi i выхоўвае пяцярых дзяцей. А ў 2001 годзе ў СIЗА‑5 яна чакала прысуду за крадзеж.

— Ён сядзеў у 39‑й камеры, мы ў 37‑й. Яму было дрэнна. Усе казалi, што яму дрэнна, — з ходу ўзгадала Алена, як толькi мы яе наведалi. — Прасiў «хуткую» выклiкаць. Ён прасiў, а яны сказалi: «Зараз мы табе выклiчам!» Калi яго бiлi, ён казаў: «Не бiце мяне». Вы ж ведаеце, як яны там б’юць. У пракуратуры бачыла фотаздымкi — быў такi сiнi, што на пахаваннi давялося штаны разразаць, каб надзець. Не паверу, што ён памёр ад сэрца.

Следчыя высветлiлi, што жанчыны кажуць праўду.

«Дакладнасць сведчанняў Хрушчынскай аб збiццi Клiмачова супрацоўнiкамi СIЗА пацвярджаецца паказаннямi шасцi яе сукамернiц», — пазначана ў пратэсце Генпракуратуры.

Праз пэўны час пра збiццё вязня загаварылi i супрацоўнiкi СIЗА‑5.

«Напэўна, кантралёрам захацелася пацешыцца»

Начальнiк медыцынскай службы iзалятара Васiль Пугач, якога ўмоўна асудзiлi за несвоечасовае аказанне дапамогi вязню, лiчыць, што прычынай смерцi Дзянiса Клiмачова сталi моцныя пабоi. «Звязда» сустрэлася з былым начмедам каля яго «хрушчоўкi» ў Бабруйску. Васiль Пугач запэўнiў, што яго асудзiлi, каб прыкрыць тых, па чыёй вiне памёр Дзянiс.

— Калi б справу раскруцiлi па‑сапраўднаму, паляцелi б галовы, — разважае Васiль Пугач.
— Адназначна вам сказаць, што яго забiлi супрацоўнiкi СIЗА, я не магу. Але тое, што яго падштурхнулi, гэта дакладна. Адно рабро зламана — балiць. А тут было зламана аж восем. Сэрца не вытрымала. Суд‑

медэксперт мне сказаў — справа быў удар тупым прадметам, альбо гумовай палкай, альбо ботам. Адразу ж былi зламаны чатыры рабры. Ён страцiў прытомнасць, магло быць рэфлекторнае спыненне сэрца. А злева чатыры рабры таксама зламаныя былi, але здарылася гэта з‑за сцiскання. Магчыма, Клiмачову рабiлi масаж сэрца. Але ён памёр. Усё гэта яны схавалi да ранiцы…

— Але суддзi палiчылi, што гэта вы не здолелi своечасова дапамагчы вязню…

— Была ноч, мяне на той момент у СIЗА не было, нiхто не ведаў, што яго б’юць. Звычайна медыкi працуюць у iзалятары да 10 вечара.

— Падчас допытаў кантралёры кiвалi, што Клiмачова збiвалi i да гэтай ночы…

— Фельчар аглядаў яго ранiцай, было ўсё нармальна. Маглi быць гематомы, але ён вязня, вядома, не распранаў… Я не разумею, за што яго бiлi. Ну дэман, ну псiх (так на жаргоне называюць вязняў, у якiх здарылася псiхiчнае расстройства, — Аўт.). Па матэрыялах справы яны i каталiся на iм, i ганялi яго. Напэўна, кантралёрам проста захацелася пацешыцца.

Пасля таго, як праўду пра смерць Клiмачова даведалiся следчыя, была заведзена новая крымiнальная справа. Суд Глускага раёна судзiў кантралёра Мазгавога, якi непасрэдна сачыў за камерай Клiмачова i выводзiў вязня ў калiдор. Але давесцi, што менавiта гэты кантралёр збiваў вязня, а з Дзянiса здзеквалася некалькi чалавек, следчыя не змаглi. Цяжкi артыкул «перавышэнне службовых абавязкаў» пераквалiфiкавалi ў менш цяжкi — «бяздзеянне службовай асобы». Такiм чынам, вытворчасць крымiнальнай справы ў дачыненнi да Мазгавога была спынена па прычыне… «сканчэння тэрмiнаў даўнасцi». Iншых кантралёраў, якiя здзекаваліся з Клiмачова, назвалi «нявызначанымi асобамi».

— Хоць СIЗА — гэта не прахадны двор, гэтых «нявызначаных асобаў», напэўна, не захацелi шукаць, — абураецца сястра Алена Абрамовiч. — Iх прозвiшчы ведае i сам Мазгавой, i я, i кожны, хто глыбока прасякнуўся гэтай крымiнальнай справай.

Што ж атрымоўваецца, яны дагэтуль на волi? Такая сiтуацыя не задаволiла Генпракуратуру, следчыя працягваюць змагацца за сапраўднае асуджэнне тых, хто збiў Дзянiса.

«Крымiнальная справа выпатрабавана для вырашэння пытання аб далейшым апратэставаннi судовых пастаноў», — паведамляе Генпракуратура.

На надмагiльным помнiку Дзянiса тэнiсная ракетка

Алена Абрамовiч прывезла карэспандэнта «Звязды» на могiлкi да брата Дзянiса. На надмагiльным помнiку выбiты словы з песнi Вiктара Цоя: «Смерць вартая таго, каб кахаць», а над гэтым надпiсам — выява тэнiснай ракеткi.

— Дзянiс не быў п’янiцам, якiм яго паспрабавалi выставiць, — кажа Алена. — Ён з дзяцiнства займаўся настольным тэнiсам, гуляў у футбол, за свой прафсаюз увесь час удзельнiчаў на абласных спаборнiцтвах.

— Чаму ж ён патрапiў у СIЗА? Як сумленны чалавек можа не плацiць алiменты? — прама пытаемся ў сястры.

— Жонка сышла ад яго, калi ў забяспечаных бацькоў Дзянiса згарэла хата. Сам ён звольнiўся са свайго прадпрыемства, але некалькi месяцаў не мог прыладзiцца на iншае. Адпаведна ўвесь гэты час не плацiў алiменты. Калi ў жонкi з’явiлася прэтэнзiя, то так i сказаў — калi да такога дайшло, я павiнен быць пакараны…

У хуткiм часе стане вядома, цi знойдуць «пярэваратняў у пагонах», што здзеквалiся з вязня, цi пачнуцца новыя судовыя працэсы. I яшчэ не вядома, цi не пацярпеў нехта іншы за гэтыя сем з лiшкам гадоў, якiя прайшлi ад смерцi Дзянiса Клiмачова.

Яўген Валошын, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0