Дэманстранты ў Адэсе на Маршы адзінства, 20 лютага 2022 г. Фота: АР / Emilio Morenatti

«НН»: Вайна да Адэсы ішла паступова. Як перажывалася набліжэнне непазбежнага — і наколькі рэальнасць аказалася больш страшнай за чаканні?

Дар'я: Тое, што колькасць беларускіх і расійскіх войск на мяжы з Украінай з кожным днём становіцца неадэкватнай, разумелі ўсе. Аднак ніхто не верыў да апошняга, што вайсковая агрэсія спраўдзіцца.

Тут усе называлі такі расклад самагубствам для Пуціна — і таму нейкай панікі не назіралася. Хваляваліся хіба што 16-17 лютага, калі ў навінах казалі пра «гадзіну Х» для атакі. Аднак пасля наступіла зацішша. І народ стаў звыкацца з думкамі, што гэтая сітуацыя — выключна псіхалагічны ціск, які накручваўся фэйкамі.

Таму калі вайна сапраўды распачалася, мы з мужам нават не звярнулі на яе ўвагі. Каля пятай раніцы дзесьці ля дома надарылася некалькі выбухаў, якія пабудзілі горад. Мы пабегалі па кватэры, крыху пагаласілі. А пасля вырашылі, што нават калі гэта ўварванне, то Адэса занадта ўжо далёка ад месцаў, дзе групаваліся расійскія вайскоўцы. Таму адклалі сямейную «стратэгічную раду» да раніцы, а пасля ўжо чыталі навіны ды думалі, як жыць далей.

«Па горадзе дзейнічае сістэма пароляў, і калі іх не ведаеш ды апынешся там, дзе не трэба, то займееш буйныя праблемы». Фота: Bloomberg

Складаней за ўсё было вырашыць з'язджаем альбо застаемся. Не было разумення, на чыім баку перавага, як суадносяцца сілы, куды гэтая вайна можа перакінуцца. Адначасова чыталі навіны, тэлеграм-каналы — і то кідаліся збіраць рэчы, то адмаўляліся ўвогуле нешта рабіць для пераезду. Нарэшце селі вочы ў вочы з мужам, прагаварылі ўсе «за» ды «супраць» — і вырашылі застацца.

Па-першае, муж — лекар, таму можа быць карысным непасрэдна ў Адэсе. А па-другое, шлях за межы рызыкаваў стаць вельмі небяспечным квэстам. На пагранпераходах — пекла, на блокпастах — непрадказальнае стаўленне да беларусаў. Напрыклад, камусьці адмаўлялі ва ўездзе на падыходах да Львова, іншых спынялі раней. Былі і тыя, хто даехаў, але ўвесь шлях атрымліваў вядро бруду ды абраз…

Таму засталіся ў Адэсе. Валанцёрская праца — чым не дапамога гораду? Набываць ежу ды розныя тавары, плаціць падаткі — таксама карысць дзяржаве. А страх і небяспека, дык яны для ўсёй Украіны актуальны, а не толькі тут, калі гучыць сірэна ды працуюць сродкі СПА.

«НН»: Ці надараліся ўжо ў Адэсе сітуацыі, якія штурхалі людзей масава хавацца ў бамбасховішчы?

Дар'я: Вазьму за прыклад выбух на нафтабазе колькі дзён таму — ён адбыўся кіламетры за чатыры ад месца, дзе жывём. Нават відэа, якое вы бачылі ў сеціве, рабіла нашая суседка з балкона на некалькі паверхаў ніжэй. Дык вось, гукі жудасныя, від апакаліптычны — там ўсё гарэла цэлыя суткі пасля выбуху. Але ў бамбасховічша ні мы, ні шматлікія жыхары ваколіц не пайшлі.

З аднаго боку, калі ў стратэгічны аб'ект пацэлілі, наўрад ці надалей абстрэл працягнецца. Так, ведаю, ёсць жудасныя выключэнні кшталту Марыупаля альбо Харкава, аднак тут усё пакуль не так сурова. З іншага боку, мелі вопыт сяброў з Ізраіля, што перажывалі бамбардзіроўкі, мелі вопыт жыхароў Дняпра ды Луганшчыны.

На гэтых падставах высновы адназначныя: калі за дзве хвіліны з пачатку сірэны ў бамбасховішчы не схаваўся, лепей ужо не бегаць — у кватэры будзеш у большай бяспецы.

Паколькі ў нас нярвовы сабака, які буйна рэагуе не незнаёмых людзей (а ў бамбасховішчы іх відавочна многа), у падвал не спускаемся. Да таго ж мне складана гэта рабіць: есць праблемы з нагой, а мы жывем на апошнім паверсе шматпавярховага дома. Таму пакуль збяромся ды дойдзем туды, відавочна, пройдзе шмат часу. Таму хаваемся ў кватэры.

«НН»: Як выглядае каменданцкая гадзіна ў Адэсе — і насколькі небяспечна ў гэтыя часы ў горадзе?

Дар'я: Пра абмежаванні звычайна паведамляюць тэлеграм-каналы. Іх велізарная колькасць — ад лакальных да агульнаўкраінскіх. Таму калі нават захочаш прапусціць інфармацыю, не атрымаецца, бо людзі (суседзі, сябры) распавядуць, што і як. Напачатку па выходных сядзець дома было трэба з 7 гадзін вечара, аднак з павелічэннем светавога дня «дэдлайн» адсоўваўся да 8-9.

У гэты час забаронена выхадзіць на вуліцу — выключэнне для тых, хто мае спецыяльныя дазволы. Па горадзе дзейнічае сістэма пароляў, і калі іх не ведаеш ды апынешся там, дзе не трэба, то займееш буйныя праблемы.

Усё скіравана на адлоў дыверсантаў, якіх, калі казаць агулам, ужо некалькі соцень, напэўна, перахапілі.

Былі нават выпадкі, калі людзі з ТРА стралялі па мірных жыхарах — тыя не проста «забілі» на каменданцкую гадзіну, а яшчэ і вялі сябе неадэкватна: ці то спрачацца спрабавалі, ці то да ваенных чапляліся альбо абражалі…

У мінулыя выходныя каменданцкая гадзіна ўвогуле цягнулася амаль двое сутак — з-за бамбардзіровак Крапіўніцкага па суседству. Да таго ж адмянілі масавыя святкаванні дня вызвалення Адэсы. Дык толькі за гэты час у горадзе арыштавалі пад 50 чалавек: у іх знаходзілі тэлефоны са здымкамі стратэгічных аб'ектаў альбо лавілі на спробах каардынацыі расійскіх войскаў.

«НН»: Ці можна казаць пра рост еднасці ўнутры беларускай дыяспары?

Дар'я: Еднасць і раней была на ўзроўні. Кожны тыдзень рэгістравалі ды атрымлівалі дазвол на правядзенне акцый салідарнасці, што ладзіліся па нядзелях. Некаторыя былі настолькі вялікія па колькасці, што нават міліцыя суправаджала. Пры кавідзе, канешне, дзейнічалі абмежаванні. Аднак беларусаў гэта не спыняла: вытрымлівалі ўсе патрабаванні медыкаў, але ўсё роўна пра сябе заяўлялі. Напрыклад, за месяц да пачатку ўварвання якраз ладзілі антываенную акцыю — і заклікалі папярэдзіць канфлікт між Расіяй ды Украінай.

Цікава, што абыякавых сярод адэсітаў увесь гэты час не назірала. Адны падыходзілі падтрымлівалі, іншыя спрачаліся. Хтосьці проста распытваў пра дэталі, каб быць у курсе ды сфарміраваць пункт гледжання. Людзям важна было адрэагаваць і зразумець, чаго мы дамагаемся.

Калі пачалася вайна, нашыя хлапцы вырушылі на дапамогу Украіне: хтосьці ў ТРА запісаўся, іншыя ў ЗСУ. І з гэтым звязана незвычайная гісторыя. Беларус, які з'ехаў ад пераследу за палітычную дзейнасць, на радзіме атрымаў у плечы крымінальную справу. Яму паспрабавалі «прышыць» наркатычны абарот — і нават падалі запыт на экстрадыцыю. Дзевяць месяцаў тут цягнуўся суд, падчас якога хлапец знаходзіўся пад хатнім арыштам з абмежаваннямі на перасоўванне і бранзалетам на назе.

Калі распачалася вайна, ён вырушыў у ваенкамат, распавёў сваю гісторыю і сказаў, што нягледзячы на акалічнасці, хоча ісці бараніць Украіну. Яго афіцыяльна прынялі ў ЗСУ ды выправілі ў армію. Аднак паралельна пракуратура распачала справу наконт парушэння правілаў хатняга арышту ды запатрабавала ўжо рэальнага арышту.

«Беларусам, якія перажылі выбары ды падзеі пасля іх, зараз прасцей успрымаць вайну і яе навіны, чым украінцам». Фота: 24tv.ua

Тут вось дыяспара і прыйшла на дапамогу. Аб'ядналіся з ўкраінцамі, паехалі да Марчанкі — кіраўніка мясцовай улады — ды запатрабавалі беларуса абараніць. Тым больш ён нават пра суд у Адэсе па сваёй справе не ведаў з-за удзелу ў баявых дзеяннях. Карацей, паднялі бучу, якая на некалькі тыдняў расцягнулася. І ў выніку хлапца апраўдалі! Больш за тое, пракуратура сустрэчную позву атрымала за здраду радзіме, бо турбавала чалавека, які афіцыйна служыць у ЗСУ.

«НН»: Што адказваеш у спрэчках, калі чуеш «ваш Лукашэнка дапамагае забіваць украінцаў»?

Дар'я: Чула пра такія гісторыі, асабліва ад сяброў з Львова. Там сустракаюцца месцы з шыльдай на ўваходзе «беларусаў ды расіян не абслугоўваем», а калі нешта замаўляеш, запытваюць пашпарт. Аднак у Адэсе — рознанацыянальным і больш рускамоўным горадзе — такога няма.

Аднак што адзначыла б: тут, ва Украіне, людзі амаль не ў курсе нашай барацьбы апошняга года-двух. Усе ведаюць, што ў 2020-м у Беларусі было нейкае супрацьстаянне з Лукашэнкам з-за таго, што ён прайграў выбары. Але ўсё астатняе — міма касы.

Трэш, які адбываўся і адбываецца ў СІЗА, колькасць людзей, якія траплялі ў турмы пасля кожнай мірнай акцыі ды гвалт, абсурднасць абвінавачванняў, па якіх нават непаўналетнія атрымлівалі тэрміны… Мясцовы люд — і не толькі пра Адэсу размова — усяго гэтага дэталёва не ведае! Кожны раз, калі вядзём расповяд пра пратэсты, у людзей вочы па пяць капеек. Маўляў, гэта немагчыма.

Таму негатыў, які сёння транслюецца ўкраінцамі да беларусаў, сыходзіць з іх разумення, што мы ўвесь час нічога не рабілі. Як і зараз, дарэчы: сядзелі роўна і пусцілі да сябе расійскае войска. Там, дзе для беларусаў павестка актуальная ды штодзённая, для мясцовых — прабел у інфармацыі.

Вось і прыходзіцца даводзіць: падтрымай Украіна пратэсты два гады таму, а не набывай у Лукашэнкі нафту ды газ, глядзіш, зараз бы з боку Гомеля ды Мазыра аніякія ракеты не ляцелі.

«НН»: Ці існуе зараз нейкае культурнае жыццё у горадзе?

Дар'я: Доўгі час тут знаходзіўся Святаслаў Вакарчук — спяваў песні, рабіў перфомансы, каб маральна падтрымаць людзей. Яшчэ завітваў Коля Серга і даваў канцэрт напрыканцы курсаў, што ладзіліся для парамедыкаў па аказанні першай дапамогі.

Тут перыядычна грае музыка з балконаў, людзі збіраюцца на вуліцах і здзяйсняюць нейкія міні-выступы. Калі на пляжах хлапцы збіралі мяхі з пяском — гэта даволі доўгая ды цяжкая праца — энтузіясты паставілі побач устаноўку з бубнамі ды гралі музыку. Усё болей і болей адкрываецца кафэ і рэстаранаў — людзі адгукнуліся на просьбы дзяржавы аднавіць бізнэс. Таму не праблема выбрацца ў цэнтр ды пасядзець з кубкам кавы.

«НН»: Як змяніўся славуты адэскі гумар падчас вайны?

Дар'я: Гэта не гумар, а лад жыцця. Людзі ставяцца да акалічнасцяў з нейкім іранічным пафігізмам. Для іх праблема — не праблема.

Ну, напрыклад, абвясцілі «сухі закон» на тэрыторыі ўсёй вобласці і забаранілі продаж любога алкаголю. Аднак мінула колькі гадзін, і на Прывозе можна ўжо знайсці і піва, і каньяк, які акружае маскіровачная сетка з падсветкай. Карацей, пасыл такі: калі мы ўжо засталіся, чаго баяцца? Гэтым сітуацыю не палепшыш.

«НН»: Як змяніла вайна цябе — чалавека, які прайшоў праз усе выпрабаванні 2020-га?

Дар'я: Падаецца, што беларусам, якія перажылі выбары ды падзеі пасля іх, зараз прасцей успрымаць вайну і яе навіны, чым украінцам. Як мінімум таму, што нас мінулыя два гады прывучылі да простай ісціны — дна няма. І кожны раз, калі нешта вар'яцкае адбывалася ў Беларусі, мы меркавалі, што горай ужо ня будзе. Аднак праходзіў тыдзень — і яшчэ больш гвалтоўныя падзеі білі па краіне. Тут зараз гэта ратуе псіхіку.

Першыя тыдні вельмі хацела паплакаць. Было вельмі страшна, балюча. Аднак не магла нават слязінкі выціснуць, каб атрымаць палёгку. Магчыма таму, што арганізм быў пастаянна сканцэнтраваны на атрыманне і фільтры інфармацыі. І толькі пасля таго, як пад Кіевам спынілі рускае войска, мяне канчаткова адпусціла. Зразумела, што ўсё можа скончыцца добра — і прарыдалася. А пасля пачала шукаць спосабы, каб дапамагаць тут і набліжаць перамогу.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

«Тут сёння беларусаў успрымаюць як паслугачоў тэрарыстаў»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру