— Шчыра скажу, што за час гэтага канфлікту я перагледзеў і сваё стаўленне да Беларусі, — прызнаўся Яўген Камароўскі. — Дакладней, да рэакцыі сусветнай супольнасці на тое, што ў 2020 годзе адбылося ў Беларусі. Бо сусветная супольнасць сапраўды гэтак жа сама гатовая была рэагаваць і на падзеі ва Украіне. Захад быў упэўнены, што Украіна праз тры дні здасцца, і быў маральна гатовы выказаць з гэтай нагоды нейкую заклапочанасць, але не больш за тое.

І толькі калі Украіна стала супраціўляцца, ім стала зусім нязручна і давялося дапамагаць, каб не апынуцца на баку зла.

Па-за ўсякім сумневам, у 2020 годзе ўвесь свет, і Украіна ў тым ліку, пакінулі Беларусь сам-насам са злом.

Рэакцыя сусветнай супольнасці на тыя падзеі мусіла быць нашмат больш жорсткай. Таму што ў той сітуацыі фактычна адбылася акупацыя Беларусі. У тым ці іншым выглядзе яна адбылася даўно, але ў 2020-м стала абсалютна відавочнай.

Доктар Камароўскі расказаў, як, бываючы ў Мінску ў перыяд праўлення Лукашэнкі, ён адзначаў, што Беларусь жыве, «як у 80-я гады Савецкага Саюза».

— І для мяне было цалкам відавочна, што Лукашэнка не спыніцца ні перад чым, калі пачне адстойваць сваё права займаць трон. Таму было зразумела, што метадам мірнай рэвалюцыі перамагчы беларусы не змогуць. Гэта бяда Беларусі, што ёй дастаўся такога ўзроўню дыктатар, — мяркуе доктар.

Цяпер Камароўскі разумее, што ў той час, як Украіна трапіла пад ваенную акупацыю, «Беларусь знаходзіцца пад мірнай акупацыяй». І ўпэўнены, што сітуацыя ў нашай краіне залежыць ад зыходу на поле бітвы ва Украіне.

— Цяпер і вы разумееце, і я гэта разумею, што ва Украіне вырашаецца лёс не толькі Украіны, але і Беларусі, і Расіі, і Малдовы, і Грузіі.

Калі «Мордар» захаваецца, калі гэтая вайна і наступныя санкцыі не прывядуць да дэмантажу цяперашняй сістэмы ўлады і палітычнага ладу (у РФ), то для ўсіх, і для Беларусі ў тым ліку, будзе вельмі дрэнна. І толькі калі адбудзецца гэты дэмантаж, з'явіцца шанец і ў народа Беларусі.

Адпаведна будуць развівацца і адносіны ўкраінцаў і беларусаў. Калі Беларусь захаваецца пад акупацыяй, нічога не зменіцца, ніякіх кантактаў не будзе.

Тут яшчэ мае вялікае значэнне, ці схіліць Пуцін Лукашэнку ўвесці да нас беларускія войскі. Мне здаецца, што не схіліць. Думаю, што Лукашэнка ўсё-такі баіцца, што вайскоўцы развярнуць зброю не ў той бок.

У выпадку, калі «Мордар» падзе, адносіны ўкраінцаў і беларусаў будуць залежаць ад таго, хто стане лідарамі нашых краін, і ад таго, у якіх адносінах Беларусь застанецца з Расіяй, ці прызнае яна сябе Мінскай губерніяй. Калі так, то ўсё будзе вельмі дрэнна, — мяркуе Камароўскі.

Клас
157
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
16
Абуральна
3