Думалі, ідзём у адпачынак

За тры дзясяткі гадоў чаўночны бізнэс перажыў многае. Але, мабыць, самы цяжкі час настаў з прыходам пандэміі, калі спачатку краіны ЕС, а потым і Беларусь увялі жорсткія абмежаванні на перасячэнне мяжы. Перыяд зацішша доўжыўся крыху больш за два гады.

Наш суразмоўца Аляксей (імя змененае па просьбе героя) успамінае, што калі ў сакавіку 2020 года заявілі, што межы зачыняюцца, то ён і яго калегі думалі, што проста пойдуць у незапланаваны адпачынак.

«Ніхто нават уявіць сабе не мог, што межы пратрымаюць зачыненымі цэлыя два гады. Думалі, зараз тыдні два адпачнём і зноў працягнем «працаваць».

Спачатку хадзілі чуткі, што вось-вось межы адчыняць. Але час ішоў, абмежаванняў ніхто не здымаў, а для многіх мяжа была адзінай крыніцай прыбытку.

Месяцы праз два людзі пачалі шукаць працу, але з гэтым, як вядома, было туга. Ды і не адзін кантрабандыст, які сябе паважае, не хацеў цэлы месяц хадзіць на працу за 300—400 даляраў», — успамінае суразмоўца.

Называць нейкія прыблізныя сумы, хто колькі тады зарабляў, вельмі складана.

«Хтосьці мог вазіць па 10 блокаў, хтосьці 30, а хтосьці ўсе 40.

Адно магу сказаць: большасць вазіла да 30, каб у выпадку чаго не атрымаць максімальны штраф і не застацца без машыны. Частата паездак таксама ва ўсіх была розная. Ды і штрафы ніхто не адмяняў. Ты мог за адзін месяц зарабіць 2000 даляраў, а ў наступны двойчы трапіць на штраф і страціць усё, што зарабіў.

Шанцаванне ў гэтай справе грае не апошнюю ролю. Але калі казаць у цэлым, то свае 1000—1500 даляраў на месяц сярэдні кантрабандыст усё ж меў», — прызнаўся суразмоўца.

Па словах бывалага кантрабандыста, за два гады многае паспела змяніцца. Як мінімум прыкметна скарацілася колькасць саміх чаўнакоў.

«За два гады нехта ўладкаваўся на працу ў Беларусі. Многія сышлі ў дальнабойшчыкі ці таксісты, хтосьці сышоў у бізнэс. Частка з'ехала з Беларусі. Але былі і тыя, хто, нягледзячы на ўсе абмежаванні, знаходзіў шляхі, як працягваць зарабляць на мяжы, але гэта не мела масавага характару».

З блока цыгарэт выходзіць $12-15

Цяпер, па словах Аляксея, народ патроху пачынае вяртацца да ранейшай справы, але вялікага наплыву пакуль не назіраецца.

«У большасці ахвотных проста няма віз, але людзі вельмі актыўна спрабуюць іх адкрыць. Цяпер склалася спрыяльная сітуацыя для адраджэння гэтага бізнэсу. На блоку цыгарэт можна зарабіць ад 12 да 15 даляраў. Апошні раз такое было, напэўна, у годзе 2011—2012. Потым, як правіла, заробак з блока не даходзіў і да 10 даляраў, а ў некаторыя часы зніжаўся да 7—8.

Таксама цяпер выгадна вазіць паліва. На аўтамабілях з вялікімі бакамі, як на старых VW Passat, можна зарабіць 40—50 даляраў.

У Беларусі літр саляркі каштуе каля 80 цэнтаў, а ў Польшчы каля 1,7 даляра (7 злотых). Палякі з задавальненнем купляюць нашу салярку на 2—2,5 злотага танней, чым на запраўцы. Выходзіць, што са ста літраў можна выручыць каля 40 даляраў. Але гэта калі запраўляцца на АЗС, бо ёсць і тыя, хто мае магчымасць купляць дызель па 1,5—1,7 рубля за літр. Тады з бака выйдзе больш за 60 даляраў.

Бывае, што трэба перавезці перадачу з Беларусі. Такія заказы знаходзяцца сярод знаёмых і ў тэматычных чатах. На зваротным шляху таксама можна перавезці тавар ці зноў жа перадачу. Такім чынам выходзіць, што нават без асаблівай рызыкі можна зарабіць каля ста даляраў за адзін рэйс», — прыводзіць падлікі Аляксей.

Літоўцы просяць прывезці квас і кукурузныя палачкі

Наш другі суразмоўца ездзіць у Літву. Паводле яго слоў, у плане перапродажу паліва гэтая краіна яшчэ больш прывабная.

«У Літве паліва крыху даражэйшае, чым у Польшчы. На АЗС яно каштуе каля 1,8 еўра, то-бок каля 2 даляраў за літр. Літоўцы скупляюць паліва па 1,3 еўра. На ста літрах атрымліваецца 65 даляраў. Калі даляр каштаваў яшчэ даражэй, то выходзіла пад 80.

Тыя ж літоўцы, якія купляюць паліва, просяць прывезці лідскія кукурузныя палачкі і квас, часам лекі. У дадатак можна везці два пачкі цыгарэт і бутэльку гарэлкі. Гэта пакрывае выдаткі на паліва і страхоўку. Чыстымі з такой паездкі выходзіць каля 65—70 даляраў. У розніцу нашы цыгарэты купляюць па 2—3 еўра за пачак, у залежнасці ад маркі. Тыя, хто возіць цыгарэты вялікімі партыямі (ад 10 блокаў і вышэй), здаюць іх перакупам, там, натуральна, цэны ніжэйшыя».

Суразмоўца спадзяецца, што межы ўжо больш закрываць не стануць і ў яго застанецца магчымасць мець дадатковы заробак за кошт перавозкі паліва.

«Вазіць цыгарэты звыш нормы я, шчыра кажучы, пабойваюся. У Літве штрафы вышэйшыя, чым у Польшчы, а пакуль «Брузгі» зачыненыя, ездзіць праз Баброўнікі не хочацца. Гэта занадта далёка. Наогул планую ездзіць не часцей за два разы на тыдзень.

Нават калі розніца ў цэнах на паліва паступова будзе скарачацца, то ўсё адно гэта будзе выгадна. Прынамсі, пакуль прыбытак за адну паездку не стане меншы за 50 даляраў. Дадатковыя 400—500 даляраў у месяц да зарплаты дакладна не перашкодзяць».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

«Маштаб лячэння не адпавядае маштабу хваробы». План комплекснай падтрымкі эканомікі ад Саўміна — што з ім не так

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру