Дзяніс і Вольга Івашыны

Дзяніс Івашын — журналіст з Гродна, які займаўся рэзананснымі журналісцкімі расследаваннямі ў Беларусі. Напрыклад, выкрываў былых байцоў «Беркута», якія пасля Майдана перабраліся ў Беларусь і служылі ў сілавых структурах. 12 сакавіка 2021 года яго затрымалі. А ў верасні выставілі абвінавачванне ў «здрадзе дзяржаве» — ад 7 да 15 гадоў.

Mostmedia пагаварыў з жонкай Дзяніса Вольгай Івашынай, якая цяпер жыве ў Беластоку і займаецца валанцёрствам: дапамагае ўкраінскім уцекачам. Журналісты паразмаўлялі з Вольгай пра крымінальную справу мужа, умовы яго ўтрымання і «шпіёнскі артыкул». 

«Па доме хадзілі кадэбэшнікі, цікавіліся нашай сям’ёй»

Дзяніс амаль 400 дзён за кратамі. Вольга добра памятае затрыманне: 12 сакавіка 2021 года, 17:40. Ён ехаў да хворай бабулі. У прапагандысцкім фільме «Шпион, выйди вон» трое невядомых вядуць журналіста, у руках якога невялікі пакунак з лекамі.

В. І.: «Дзяніс прагаворваў варыянт затрымання прыкладна ад жніўня 2020 года. Калі па доме, дзе мы жылі, хадзілі невядомыя і цікавіліся нашай сям’ёй. Ясна, кадэбэшнікі. Але мы не хацелі з’язджаць. А тады ў яго яшчэ бабуля хворая была — акурат ехаў да яе».

Затрыманне Дзяніса Івашына. Скрыншот відэа АТН

Сама Вольга з’ехала з Беларусі ў лютым 2022-га. Муж настойваў, каб выязджала раней. Апошняй кропляй стаў выклік у КДБ у якасці сведкі па крымінальнай справе. Тады Вольга прыняла хуткае і цяжкае рашэнне — ад’езд.

В. І.: «Тут, у Беластоку, шукаю спробы дапамагчы ўкраінцам, якія мусілі ўцякаць ад вайны. Сама як уцякачка (смяецца), але нібы ў нармальным стане, уцякала не ад вайны. Іншым яшчэ цяжэй».

«Яго лісты выкідаюць ці падшываюць да справы»

Ад затрымання Дзяніса ўтрымліваюць у гарадзенскай турме. За гэты час сем разоў трапляў у карцар, звычайна на святы, агулам правёў там 50 сутак. У камеры з ім сядзяць некалькі чалавек, у карцары — ён адзін. Адваката пускаюць, гэта адзіны спосаб даведацца пра стан Дзяніса. Паводле Вольгі, муж шмат чытае, раней яшчэ і маляваў, пакуль лісты прапускалі.

В. І.: «Паўгода прыкладна ад яго няма лістоў. Гэта дзіва нават для палітвязняў. Ведаем, што ён дасылаў. Раней хоць раз на месяц прапускалі ліст мне ці маці, цяпер — не. Можа не прымаюць ад яго лісты, а можа ён піша, аддае, а іх выкідаюць ці падшываюць да справы. Не ведаю. У турме кажуць, каб звярталіся ў следчыя органы, а там — што «нас гэта не тычыцца», бо мы не ўдзельнікі крымінальнага працэсу».

Згодна са словамі Вольгі, са здароўем у Дзяніса цяпер нармальна: «настолькі, наколькі можа быць у тых умовах». Былі праблемы з сэрцам — скардзіўся на збой сардэчнага рытму. Прасіў, каб выклікалі доктара. Аднойчы было зусім дрэнна, пасля чаго журналісту выпісалі лекі. Эмацыйны стан стабільны.

«Нішто так не выдавала Штырліца, як парашут за спінай…»

Адразу па затрыманні Дзянісу інкрымінавалі 365-ы артыкул Крымінальнага кодэкса («Умяшальніцтва ў справы супрацоўнікаў унутраных органаў»). Абвінавачанне тычылася яго расследавання пра «беркутаўцаў». Але па законе па гэтым артыкуле нельга трымаць да суду больш за паўгода.

У верасні 2021-га з’явіўся новы артыкул — 356-ы («Здрада дзяржаве»). Падобная сітуацыя з раптоўным з’яўленнем шпіёнскага артыкула адбылася з палітвязнем і журналістам Андрэем Аляксандравым. Нядаўна да спісу «журналістаў-шпіёнаў» дадалася Кацярына Андрэева.

Вольга Івашына. Фота: Настасся Уткіна

В. І.: «Пра новы артыкул даведаліся яшчэ ўвосень, але адвакат не мог адказаць, у чым там справа. Цяпер, пасля з’яўлення фільма, дзе і Дзяніс фігураваў, пра нібыта рэзідэнтуру з ліку ўкраінскіх дыпламатаў, усё стала на месцы. Гэта частка істэрыі, скіраванай супраць Украіны. І ўсё гэта планавалася загадзя — і арышт, і новае абвінавачанне. Бо ведалі, што хутка вайна».

Дзяніс нібыта збіраў нейкую «сакрэтную» інфармацыю. Але парадокс у тым, што браў яе з адкрытых крыніц і заўсёды выступаў публічна.

В. І.: «Магчыма, нешта з таго, што яны знайшлі ў ягоным камп’ютары, акурат і аб’явілі «дзяржаўнай таямніцай». Але дзе ён мог яе ўзяць? Назваць «дзяржтаямніцай» цяпер можна ўсё што заўгодна! Уявіце сабе шпіёна, які актыўна пісаў, ладзіў прэс-канферэнцыі, ніколі не хаваў імя. Як кажуць, нішто так не выдавала Штырліца, як парашут за спінай».

Краіна «Белукрыя» і сапраўднае прозвішча

Дзяніс — грамадзянін Беларусі, але мае статус «замежнага ўкраінца». Паводле Вольгі, гэта нешта накшталт украінскай «карты паляка». Так чалавек фармальна становіцца часткай дыяспары і мае права на пазачарговае атрыманне грамадзянства. Статус ніяк не дапамагае, консул да яго не прыходзіць, ды і не мае права.

В. І.: «Ідэнтычнасць у Дзяніса па палове беларуская і ўкраінская. Яго тата — украінец з Дняпра, маці — беларуска. Само прозвішча нібы ад пачатку гучала як «ІвашЫна» (націск на перадапошні склад), але пасля было русіфікаванае — «Івашын». Ён разважаў, ці варта вяртаць старое. У дзяцінстве, як распавядаў сам Дзяніс, ён намаляваў мапу вялікай дзяржавы двух народаў са сваім сцягам. Здаецца, яна называлася «Белукрыя»… Яму моцна баліць і за Беларусь, і за Украіну».

 «Што там рабіць, ва Украіне? Не, толькі Беларусь»

Ці ёсць украінцам наогул справа да Івашына?

В. І.: «Толькі тым, з кім ён супрацоўнічаў як журналіст. Яны спрабуюць падняць свае сувязі, магчыма, каб Дзяніса ўключылі ў спіс на абмен ваеннапалоннымі. У нас цяпер мала іншых варыянтаў».

Вольга кажа, што былі намёкі на суд увесну, але вось яна, вясна, а Дзянісу працягваюць тэрмін утрымання на два месяцы. Івашын сядзіць, але ніякіх следчых дзеянняў ці допытаў не адбываецца: «Такое ўражанне, што проста чакаюць, чым вайна скончыцца», — дадае жонка.

В. І.: «Варыянтаў на будучыню шмат, але толькі некалькі з іх добрыя. Першы — гэта абмен Дзяніса як ваеннапалоннага. Другі — калі ў Беларусі ўбачаць паразу Расіі ды пачнуць гандлявацца з Украінай на тэму аднаўлення эканамічных сувязяў і пад гэта выпускаць палітвязняў. Ну і трэці… вызваленне Беларусі. Тады ўсе вернуцца дадому».

Пытаемся, ці бачыць Вольга перспектыву пераезду ва Украіну, калі ўсё скончыцца.

«Што там рабіць, ва Украіне? Асабліва мне. Не, толькі Беларусь», — рэзюмуе Вольга Івашына.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру