Фота: august2020.info

Святлане Гацко 52 гады. З іх 33 жанчына адпрацавала на чыгуначнай станцыі «Шабаны». Кажа, да 9 жніўня не цікавілася палітыкай, але падзеі, якія адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў, змянілі яе жыццё.

Першы раз яе затрымалі 8 лістапада 2020 года падчас нядзельнага маршу ў Мінску. У сваім інтэрв'ю для праекта «Жнівень 2020» жанчына распавядала, што ў той дзень яна проста хацела сустрэцца ў цэнтры горада з сынам. Але яе ўсё роўна прызналі вінаватай і далі 10 сутак. Пакаранне яна адбывала ў Жодзіне. Падчас свайго арышту яна цяжка перахварэла на кавід.

Пазней былі і іншыя затрыманні, у маі і ліпені 2021 года. Адзін раз забралі з пад'езда яе дома разам з маленькім унукам. Другі раз у сілавікоў былі прэтэнзіі з нагоды допісу Святланы у сацсетках, калі яна віншавала Марыю Калеснікаву.

Апошні раз Святлана атрымала 25 дзён на пачатку сакавіка. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, жанчыну забралі разам з актывісткай Галінай Лагацкай — яны развешвалі ўлёткі «Не вайне».

Сваякі ж кажуць: у пратаколе было пазначана, што жанчыны нібыта прыйшлі да прахадной МАЗа позна ўвечары і зладзілі мітынг, крычалі за плот рабочым «Жыве Беларусь».

— Вядома, гэта няпраўда, — тлумачыць сваячка мінчанкі. — Наогул, у яе доўгая гісторыя арыштаў. У агульнай складанасці яна адсядзела ўжо амаль 100 сутак.

З апошніх сутак Святлана выйшла 31 сакавіка. Але на волі правяла толькі два тыдні. Сёння яна адправілася ў Заводскае РУУС па тэлефон, які ў яе забралі, і адтуль ужо не выйшла.

— Яна аплаціла свае 25 сутак (выдаткі на ўтрыманне) і пайшла ў РУУС, — кажа сваячка. — Адтуль ужо не выйшла. Я патэлефанавала ў міліцыю, а там адказалі, што Святлана нібыта сама папрасіла, каб яе забралі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Вядома, што жанчына атрымала яшчэ 15 сутак. За што канкрэтна, інфармацыі няма.

З-за шматлікіх «адміністратывак» Святлану звольнілі з чыгункі. Яна працавала прыёмасдатчыкам грузу і багажу.

— Амаль 8 месяцаў судзілася, каб яе аднавілі, — кажа сваячка Святланы. — Арышты палічылі прагуламі, хоць указ аб гэтым выйшаў пазней. Там усе паказанні былі падробленыя. Дайшла да Вярхоўнага суда, але ўсё безвынікова. Вось ужо год яна шукае працу, але яе нікуды не бяруць.

«Ахоўнікі бачылі, як я трасуся ад холаду, і смяяліся». Жанчына, якая адбыла суткі ў Магілёве, расказала пра ўмовы там

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру