Пачынаючы з пачатку расійска-ўкраінскай вайны рэгулярна ідуць паведамленні пра марадзёрства, якім займаюцца расійскія вайскоўцы, з'яўляюцца на працягу ўсёй вайны. Існуюць як асабістыя сведчанні жыхароў Украіны, так і перахопы размоў расійскіх жаўнераў, якія публікуюцца Службай бяспекі Украіны (магчымасці пацвердзіць іх сапраўднасць няма). Напрыклад, на адным з такіх запісаў расіянін кажа, што яго калегі «торбамі ўсё цягнуць», а сам ён «трошкі падукраў» пробнікі касметыкі, жаночыя красоўкі і вопратку — удакладняючы, што «тут спартыўная сям'я жыве».

Аднак найбольш пераканаўчымі доказамі магчымага марадзёрства сталі відэазапісы з вэб-камер з офісаў СДЭК з людзьмі ў вайсковай форме; першыя з іх з'явіліся ў пачатку красавіка. На рукавах некаторых адпраўнікоў пасылак можна разгледзець шаўроны расійскіх войскаў.

«Наша Ніва» шмат пра гэта пісала, разглядаючы праблему з розных аспектаў (гл. гіперспасылкі ўнізе артыкула). Цяпер ёсць і іншы. Расійскае выданне «Медуза» вывучыла сацыяльныя сеткі адпраўнікоў буйных пасылак і склала іх партрэты.

Больш за ўсё пасылак з Мазыра, адпраўленых 2 красавіка, едуць у заходнесібірскі горад Рубцоўск у Алтайскім краі — яго пазначылі 49 адпраўнікоў з 69, апублікаваных «Базай дадзеных». Сярод гарадоў-атрымальнікаў ёсць таксама Масква, Чыта, Ангарск, Ульянаўск, Омск і Усурыйск. Вага найбуйнейшага адпраўлення склала амаль паўтоны — 440 кілаграмаў (гэтая пасылка ідзе ў Рубцоўск), самага маленькага — усяго тры кілаграмы. Сярэдняя вага адпраўлення на аднаго чалавека — 54 кілаграмы, падлічыла «Медуза».

«Медузе» ўдалося атрымаць 25 чэкаў са СДЭК з інфармацыяй аб пасылках, адпраўленых 2 красавіка з Мазырскага аддзялення ў Рубцоўск. Яны ўтрымліваюць прозвішча, імя адпраўніка і атрымальніка, нумары тэлефонаў і апісанне грузаў. Супаставіўшы гэтыя дадзеныя з інфармацыяй праектаў «Беларускі Гаюн» і «База дадзеных», журналісты высветлілі, што як мінімум 16 чалавек з 49, акрамя іншых рэчаў, адправілі ў Рубцоўск інструменты, а 12 чалавек — вопратку. Сярод рэчаў, што адпраўляліся, таксама былі электрасамакат, кавамашына, палатка, тэлевізары і музычныя калонкі.

Мяркуючы па ўсім, першыя адпраўленні з Мазыра ў Рубцоўск пачаліся яшчэ ў канцы сакавіка. У адным з праўкраінскіх тэлеграм-чатаў, удзельнікі якога спрабуюць дэананімізаваць расійскіх вайскоўцаў, карэспандэнт «Медузы» выявіў нумары і больш ранніх адпраўленняў у Рубцоўск з мазырскага аддзялення СДЭК. Напрыклад, замову на дастаўку ад 30 сакавіка, за дзень да з'яўлення першых паведамленняў праекта «Беларускі Гаюн», — пра тое, што расійскія салдаты адпраўляюць «магчыма, крадзеныя» рэчы ў РФ. Яго да гэтага часу можна знайсці на сайце СДЭК.

Самавываз па-расгвардзейску

13 студзеня 2022 года невядомы мужчына, шпацыруючы па адной з цэнтральных вуліц Рубцоўска, скраў снегаачышчальнік, выстаўлены каля крамы электратэхнікі. Відэа здарэння з камер назірання было апублікаванае ў групе «Інцыдэнт Рубцоўск» у сацсетцы «ВКонтакте». «Самавываз», — пракаментаваў пост карыстальнік «Улад Растоў».

Праз тры месяцы ўжо сам «Улад», магчыма, трапіў на рэзанансны відэазапіс з вэб-камер з офіса экспрэс-дастаўкі СДЭК у Мазыры.

2 красавіка расіянін Уладзіслаў Прастоў, мяркуючы па спісе праекта «База дадзеных», адправіў з Мазыра ў Рубцоўск тры пасылкі агульнай вагой 121 кілаграм. Атрымальнікам пасылкі паказаная Алеся Прастова, магчыма — жонка Уладзіслава.

«Медуза» паспрабавала знайсці старонку Уладзіслава ў сацсетцы «ВКонтакте». Мяркуючы па ўсім, гэта згаданы вышэй «Улад Растоў». Спачатку мы выявілі профіль Алесі Прастовай з Рубцоўска (цяпер яна перайменавалася ў «Алесю Пастову» — па аналогіі з мужам, выдаліўшы адну літару з прозвішча), але Уладзіслава няма ў яе ў сябрах. Аднак ён паставіў лайк на адну з яе старых фатаграфій, а ў яе Instagram (цяпер профіль закрыты; на прэв'ю відаць, што яе прафесія — касметолаг) апублікаваныя іх сумесныя фота.

На аватарцы профіля Уладзіслаў Прастоў — коратка стрыжаны мужчына за 30, у камуфляжы. Мяркуючы па каментарах Прастова ў сацсетцы, ён захапляецца рыбалкай і тайскім боксам. Сярод падпісак на мясцовыя паблікі і забаўляльныя групы сустракаюцца спецыялізаваныя вайсковыя суполкі: «Тактыка спецназа», «Навіны вайны».

Акрамя гэтага, «Улад» — удзельнік закрытай групы «46 асобная ордэна Жукава брыгада аператыўнага прызначэння»: гэта злучэнне Расгвардыі, якое грунтуецца ў Чачні. Раней даследчыцкі праект Conflict Intelligence Team паведамляў, што гвардзейцы з 46-й брыгады могуць удзельнічаць у баявых дзеяннях ва Украіне.

«Медузе» не атрымалася выявіць сувязь Прастова з чачэнскім злучэннем нацыянальнай гвардыі. Аднак у 2012 годзе чалавек з тымі ж прозвішчам, іменем і датай нараджэння пазначаў сваім месцам працы вайсковую часць 6720, мяркуючы з базы звестак «Жыхары Расіі». Часць дыслакуецца ў Рубцоўску, гэта 656-ы полк аператыўнага прызначэння войскаў нацыянальнай гвардыі (Расгвардыі).

Уладзіслаў Прастоў можа дагэтуль служыць у вайсковай часці 6720 — вайскоўцы адтуль дакладна ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне: алтайскія СМІ пісалі пра смерць салдата з гэтай часці, а рубцаўчане адпраўлялі пасылкі вайскоўцам часці 6720 у рамках акцыі «Пасылка салдату».

10 красавіка «Улад Растоў» абмежаваў доступ да свайго профілю і з тых часоў не з'яўляўся ў сетцы. Алеся Прастова закрыла доступ у свой Instagram. Пазначаны ў профілі нумар тэлефона даступны для званкоў, але пасля працяглых гудкоў чутны толькі голас аўтаадказчыка, які прапануе пакінуць абаненту галасавое паведамленне.

На злосць рэкордам

Найбуйнейшы груз — 17 пасылак агульнай вагой амаль у паўтоны (440 кілаграмаў) — 2 красавіка адправіў з Мазыра ў Рубцоўск расіянін Яўген Каваленка. Сярод іншага гэта інструменты, музычныя калонкі, стол і палатка. Дакладная вага кожнай пасылкі невядомая, але калі б кожны груз з 17 адпраўленых важыў аднолькава (25,8 кг), на аплату дастаўкі Каваленка выдаткаваў бы больш за 52 тысячы рублёў (кошт адпраўкі адной пасылкі ў Рубцоўск памерам да 50 кг, згодна з «калькулятарам» СДЭК, складае 3085 рублёў).

У 2018 годзе пра маладога лейтэнанта Яўгена Каваленку, які прыбыў служыць у тую самую «расгвардзейскую» вайсковую часць 6720, пісала газета «Алтайская праўда». Ураджэнец вёскі Гілеўка Заўялаўскага раёна Алтайскага края, ён заступіў на пасаду камандзіра першага разведузвода разведвальнай роты.

«Галоўнае — дамагчыся павагі. А як гэта зрабіць? Толькі асабістым прыкладам — рабі, як я. І старацца заўсёды быць на галаву вышэй», — так Каваленка адказаў на пытанне карэспандэнта алтайскай газеты пра тое, як ён будзе выбудоўваць адносіны з падначаленымі.

У дзяцінстве, як пісала газета, Каваленка «гуляў у вайнушку з пацанамі», глядзеў фільмы, дзе «салдаты смела кідаліся ў бой, абараняючы Радзіму» — тады ў яго і «зарадзілася мара стаць вайскоўцам». Пасля школы ён паступіў у Новасібірскі вайсковы інстытут войскаў нацыянальнай гвардыі імя І. К. Якаўлева.

Акрамя вайсковай службы, Каваленка займаўся скупкай і продажам аўтамабіляў, вынікае з аб'яў ягонага профілю на партале «Авіта», прывязанага да нумара тэлефона, які ён пазначыў у СДЭК. Сярод архіўных аб'яў профілю: Nissan X-Trail за 1,3 мільёна рублёў і Toyota Vitz за 430 тысяч рублёў.

Аватарка Каваленкі ў тэлеграме і на сайце «Авіта» — рука на рулі BMW. У 2021 годзе Яўген Каваленка стаў уладальнікам люксавага красовера BMW X3, вынікае з базаў дадзеных ГИБДД.

Актуальная аб'ява (з названым адрасам: Алтайскі край, горад Рубцоўск) аб продажы літых дыскаў за 14 тысяч рублёў апублікаваная 12 студзеня 2022 года. Мяркуючы па сайту «Авіта», аб'ява было абноўленая 13 сакавіка 2022-га — у разгар ваеннай кампаніі ва Украіне.

Цяпер, калі тэлефанаваць па нумары тэлефона Каваленкі, выклік адразу пераключаецца на аўтаадказчык.

Горад, дзе перамог тэлевізар

Рубцоўск размешчаны на поўдні Алтайскага края. Насельніцтва горада ледзь перавышае 140 тысяч чалавек, вынікае са звестак Расстата за 2019 год. Пры гэтым, паводле таго ж даследавання Расстата, амаль траціна мясцовых жыхароў — пенсіянеры (51 тысяча чалавек у 2019-м). Да распаду СССР Рубцоўск — буйны машынабудаўнічы цэнтр Заходняй Сібіры, монагорад, які разросся вакол матора-трактарнага завода. У 2011 годзе завод збанкрутаваў, цяпер на яго месцы пустка з руінамі. Рубцоўск таксама вядомы тым, што там вырабляецца сыр «Ламбер».

У горадзе размешчаныя адразу чатыры папраўчыя калоніі (ПК №№ 4, 5, 9 і 10), якія алтайская прэса называе «астраўком стабільнасці». Заробак інспектара ў ПК № 10 складае 27 тысяч рублёў, вынікае з інфармацыі аб вакансіі на сайце «Праца Расіі»; у той час, як заробак прыбіральшчыка ў мясцовым гандлёвым цэнтры — ад васьмі да дзевяці тысяч «на рукі», а заработная плата фельчара ў дзяржаўнай лякарні можа вар'іравацца ад 18 да 25 тысяч рублёў. Зарплата стралка ў вайсковай часці 6720 — 25 тысяч рублёў. У гарадскіх пабліках тым, хто шукае працу, часам раяць ісці ў кантрактную армію.

Жыхары Рубцоўска скардзяцца мясцовым журналістам, што працы ў горадзе практычна няма. Таму рубцаўчанам даводзіцца шукаць іншыя крыніцы даходу. «Барыга «(маецца на ўвазе гандаль чым прыйдзецца) — вельмі распаўсюджаная ў Рубцоўску «прафесія», піша алтайскі інтэрнэт-партал altapress.ru.

«Гандлююць, хто чым можа: ужыванымі машынамі, матэрыяламі з разабраных заводаў, казахскімі цыгарэтамі і гарэлкай. Некаторыя — вельмі паспяхова, — гаворыцца ў матэрыяле altapress.ru. — Рубцоўск — горад беспрацоўных на дарагіх машынах, горад вялікага сацыяльнага расслаення. Канцэнтрацыя «Лексусаў», «Інфініці», дарагіх «Таёт» тут дакладна не меншая, чым у Барнауле. У той жа час даходы многіх не перавышаюць пражытачнага мінімуму».

Як мінімум кожны пяты (10 чалавек з 49) адпраўнік грузаў у Рубцоўск 2 красавіка, пра які стала вядома журналістам, аплаціў дастаўку тэлевізара. Мы атрымалі гэтую лічбу, супаставіўшы дадзеныя чэкаў СДЭК, атрыманыя ад крыніцы «Медузы» ў офісе кампаніі, з інфармацыяй праектаў «Беларускі Гаюн» і «База дадзеных».

Яўген Чучалін, які адправіў у Рубцоўск адразу некалькі тэлевізараў, у 2019 годзе ўжо прадаваў «тэлевізар Sonni» (аўтарская арфаграфія захаваная) за 30 тысяч рублёў. Інфармацыя пра гэта захавалася ў архіўных аб'явах яго профілю на «Авіта», прывязанага да нумара тэлефона, які Чучалін пазначыў у офісе СДЭК.

Атрымальніцай пасылкі Яўгена пазначаная Наталля Чучалина, яго жонка. «Медуза» знайшла яе старонку ў сацсетцы «ВКонтакте», якая раней, мяркуючы па архіўным снапшоце, які захаваўся, была ў іх агульнай. Тады ў профілі месцам працы была названая ўсё тая ж вайсковая часць 6720.

Нумар тэлефона, пазначаны Чучаліным, зараз заблакаваны. Ягоная жонка закрыла свой профіль «ВКонтакте» і не адказала карэспандэнту «Медузы» на заяўку на дадаванне ў сябры.

Тэлевізар у Рубцоўск, мяркуючы па чэку з СДЭК, накіраваў і 28-гадовы Дзмітрый Жумалін, які скончыў школу ў невялікім сяле Новаягор'еўскае Алтайскага края (ягоныя профілі ў сацсетках мы змаглі знайсці дзякуючы нумарам тэлефонаў, пазначаных Жумаліным у адным з чэкаў СДЭК; інфармацыю пра дату і месца нараджэння ён пазначыў на сваёй старонцы ў «ВКонтакте»).

Мяркуючы з базы звестак «Жыхары Расіі», у 2018 годзе чалавек з такім жа прозвішчам, іменем і датай нараджэння займаў пасаду старшага кулямётчыка ў вайсковай часці 6720.

«Таму, хто ўмее чакаць, заўсёды дастаецца самае лепшае!» — такі статус стаіць у Жумаліна ў профілі ў «ВКонтакте».

Пры спробах дазваніцца на нумар тэлефона Жумаліна, а таксама на нумар ягонай сваячкі, пазначаны ў чэку СДЭК, аўтаадказчык паведамляе, што «нумар часова заблакаваны».

Некаторыя адпраўнікі пасылак з Мазыра не хаваюць сваёй сувязі з арміяй. На іх старонках у сацсетках, якія «Медузе» ўдалося знайсці, супастаўляючы выдачу з унутранага пошуку «ВКонтакте» з публікацыямі «Беларускага Гаюна» і «Базы дадзеных», а таксама з чэкамі СДЭК, можна заўважыць фатаграфіі ў вайсковай форме.

Напрыклад, Дзмітрый Саладоўнікаў, які, як мяркуецца, адправіў тры пасылкі агульнай вагой 66 кг, выкладаў у «ВКонтакте» сваю фатаграфію, на якой можна разгледзець палявы шаўрон унутраных войскаў. У профілі пазначаны горад пражывання — Рубцоўск. Мяркуючы па дадзеных базы «Жыхары Расіі», у 2020 годзе ён займаў пасаду кулямётчыка ў часці 6720. Нумар тэлефона Саладоўнікава цяпер заблакаваны.

Адкрыта публікаваў фатаграфіі ў вайсковай форме і 32-гадовы Арцём Лазараў, які накіраваў у Рубцоўск запчасткі і электрасамакат (усяго 255 кілаграмаў).

Выпускнік Омскага танкавага інжынернага інстытута, Лазараў прытрымліваецца «манархічных поглядаў», захапляецца спортам і любіць паляванне, вынікае з інфармацыі яго профілю ў «ВКонтакте». На адной з сумесных фатаграфій Лазарава з жонкай таксама можна заўважыць шаўрон унутраных войскаў — ускоснае сведчанне таго, што ён служыць у той жа часці, што і ўжо згаданыя адпраўнікі пасылак.

Нумар тэлефона Лазарава заблакаваны. Старая старонка яго жонкі, на якой апублікаваная вышэйназваная сумесная фатаграфія, адкрытая (на сцяне профілю праўкраінскія карыстальнікі сацсеткі пішуць праклёны; «Спадзяюся, што вы заб'яцеся ***** [нафіг] на скрадзеным электрасамакаце», — так выглядае апошні каментар).

Верагодна, усе адпраўнікі пасылак з Мазыра ў Рубцоўск — вайскоўцы 656-га палка аператыўнага прызначэння войскаў нацыянальнай гвардыі (вайсковай часці 6720) — у адкрытых крыніцах няма інфармацыі пра іншыя дзейсныя часці, якія дыслакуюцца ў Рубцоўску.

«Здарова, ты яшчэ жывы?»

Расіяне, якія адпраўлялі пасылкі, чые кантактныя звесткі былі апублікаваныя, атрымліваюць шквал званкоў і паведамленняў у сацыяльных сетках ад праўкраінскіх актывістаў. Інфармацыяй пра паспяховыя «дазвоны» актывісты дзеляцца адзін з адным у спецыяльных тэлеграм-чатах па дэананімізацыі расійскіх вайскоўцаў, выявіў карэспандэнт «Медузы».

«Карацей, адзін хер тэлефон у апошняга марадзёра рабочы, — піша адзін з удзельнікаў чата. — Але трубку не бярэ. Да бабы яго я датэлефанаваўся, але не запісаў. Яны * * * [блін] усе непрычомышы…»

Карэспандэнт «Медузы» спытаўся ў іншага ўдзельніка чата, ці ўдалося яму датэлефанавацца да расійскіх вайскоўцаў.

«Адзін адказаў мне на працягу пяці хвілін. На маё прывітанне «Здарова, ты яшчэ жывы?» ён сказаў — «Слава Расіі». Пісаў тут яшчэ іншаму, не адказвае ўжо тры дні. І, напэўна, не адкажа», — паведаміў рэспандэнт (намякаючы, верагодна, на гібель свайго суразмоўцы падчас баявых дзеянняў).

Мікалаю Сцяпанаву, які адправіў ва Усурыйск 140 кілаграмаў запчастак і кандыцыянер, датэлефанаваўся чалавек, чый голас могуць даведацца аматары тэлефонных розыгрышаў, — украінскі тэлефонны пранкер Яўген Вольнаў (сапраўднае імя — Мікіта Кувікаў). У 2020-м у Расіі яго завочна прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі за «Публічнае апраўданне тэрарызму». Яшчэ адна справа супраць Вольнава распачатая за тое, што ў дзень пажару ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ён патэлефанаваў у кемераўскі морг і паведаміў работніку, што з гандлёвага цэнтра «прывязуць больш за 300 целаў».

«Мы вымушаныя спыніць вашу пасылку, бо паступіла інфармацыя, што рэчы былі скрадзеныя. Мы будзем вымушаныя вярнуць іх назад ва Украіну. Дзе вы ўзялі гэтыя запчасткі і кандыцыянер? У вас маюцца чэкі?»— гаворыць у трубку пранкер, прадставіўшыся супрацоўнікам кампаніі СДЭК. Запіс ён пазней выклаў у сваім телеграм-канале.

Сцяпанаў у адказ бурчыць нешта незразумелае. «Мы выражам цябе і тваю сям'ю. Цябе і тваіх паплечнікаў. Ты зразумеў, підарас? — адказвае Вольнаў. — Ты ад адказнасці не сыйдзеш».

Чытайце таксама:

Дзве траціны пасылак ад расійскіх вайскоўцаў, адпраўленых з Мазыра ў пачатку красавіка, зніклі з сістэмы ці не дайшлі да адрасатаў

Расійская служба экспрэс-дастаўкі СДЭК паставіла заслон марадзёрам

Колькі заплацілі за перасылку рэчаў расійскія салдаты-марадзёры?

«Мы прыйшлі па сваё, Расія — моц». Як жыхары расійскага Рубцоўска рэагуюць на факт марадзёрства землякоў

Праект «Беларускі Гаюн» публікуе персанальныя звесткі расійскіх салдат-марадзёраў. Рэкардсмен пераслаў дахаты амаль паўтоны

Як расійскія вайскоўцы высылаюць поштай з Мазыра нарабаванае ва Украіне ВІДЭА

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру