«Мае думкі разам з украінцамі, якія мужна бароняць сваю Айчыну. Разам з мірнымі жыхарамі Украіны, яе дзеткамі, яе жанчынамі. І разам з тымі, хто сам вырашыў сысці ў пекла, каб дапамагчы Украіне.

Нізкі паклон нашым гераічным байцам-добраахвотнікам, нашым валанцёрам, усім беларускім удзельнікам ініцыятыў у падтрымку Украіны! Вы зараз сапраўды на пярэднім краі барацьбы за нашу агульную свабоду!

Сёння я думаю пра тых, хто таксама знаходзіўся на пярэднім краі нашага агульнага змагання за свабоду. За тых, хто зазнаў і дагэтуль зазнае пераслед за сваю грамадзянскую пазіцыю. Схіляю галаву перад чалавечай годнасцю Уладзіміра Мацкевіча, Вольгі Залатар, Змітра Дашкевіча, Мікіты Емяльянава і ўсіх тых, хто сустракае Вялікдзень у турмах.

Маю гонар павіншаваць з Вялікаднем святара Васіля Ягорава, ксяндза Андрэя Бульчака, ксяндза Аляксандра Барана, якія ў гэтыя дні адчулі на сябе рэпрэсіўны ціск. Вялікдзень — свята міру, свята, якое аб’ядноўвае сем’і.

Мне хацелася б асабліва падтрымаць тых, хто не знаходзіць паразумення з роднымі і блізкімі на глебе рознага стаўлення да дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне. Ведайце: вы не адныя — і вы робіце вельмі важную справу, абараняючы свае сем’і ад разбурэння. Веру ў вас і ў тое, што дзякуючы такім, як вы, праўда і справядлівасць стануць падмуркам міру ў нашым грамадстве.

З Вялікаднем, родныя! Святла вам і дабра!» — сказала Ціханоўская. 

Клас
22
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3