Ракетны крэйсер «Масква». Фота: Міністэрства абароны РФ

Расійскія СМІ пакуль толькі аплакваюць гібель самога флагмана, у той час як звесткі пра загінулых маракоў застаюцца закрытымі. Мінабароны спачатку адчытвалася пра «поўную эвакуацыю», потым — проста пра «эвакуацыю» каманды, але нават не абмовілася аб ахвярах.

«Новая газета. Еўропа» паразмаўляла з маці матроса тэрміновай службы, прызванага ў войска з аднаго з расійскіх гарадоў-мільённікаў незадоўга да пачатку вайны ва Украіне. Ёсць дакументальныя пацвярджэнні прызыву яе сына і фота са службы ў ВМФ, якія дазваляюць лічыць яе аповяд сапраўдным. Пры гэтым факт знаходжання матроса на борце «Масквы» ў момант выбуху немагчыма пацвердзіць ва ўмовах вайны. Сын гераіні выжыў і звязаўся з маці 15 красавіка, на наступны дзень пасля гібелі крэйсера.

Імёны не раскрываюцца з меркаванняў бяспекі.

«Сын сказаў, што крэйсер быў падбіты з сушы, з украінскага боку, — распавядае жанчына. — Проста так пажар бы не адбыўся. Ёсць загінулыя, ёсць параненыя, ёсць зніклыя без звестак.

Сын мне патэлефанаваў, калі ім далі тэлефоны. У іх засталіся дакументы і [іх асабістыя] тэлефоны на крэйсеры. Ён мне тэлефануе і плача ад таго, што ўбачыў. Гэта было страшна. Зразумела, што не ўсе выжылі. Спрабавалі сваімі сіламі патушыць пажар пасля таго, як у крэйсер пацэлілі трыма ракетамі «Нептун» (Кіеў кажа аб трапленні толькі дзвюх ракет. — Заўв. Рэд.). Я, як маці, нават не ведаю, якія словы падабраць. Я проста вельмі шчаслівая, што сын мне патэлефанаваў, што ён жывы і здаровы.

Яны давалі падпіску аб неразгалошванні перад тым, як трапілі на крэйсер. Вы зразумейце мяне таксама, мне страшна. Гэта вельмі страшна. Гэта жудасна, і я не ведаю, як дачакацца мне свайго сына.

Загінула каля сарака чалавек. Некалькі чалавек прапалі без звестак. І вельмі шмат параненых.

Параненыя, у асноўным, з адарванымі канечнасцямі, таму што былі такія выбухі — і тое, што здэтаніравала, і тое, што трапілі ракеты.

Увогуле, калі мне пятнаццатага чысла ўжо сын патэлефанаваў, ён плакаў. Ён кажа: «Матуля, я ніколі не думаў, што ў мірны, у прынцыпе, час я траплю ў такое месіва. Я нават не буду табе казаць у падрабязнасцях, што я бачыў. Гэта настолькі страшна».

Я не ведаю, як перажыць, як дачакацца сына свайго, каб ён даслужыў, вы мяне зразумейце правільна. Я як маці… Я проста … Гэта жудасна. І ў СМІ, зразумела, што не гавораць усіх падрабязнасцяў. Чаму? Таму што Міністэрства абароны не хоча прызнаваць паразу з боку Украіны. Не хоча прызнаваць, што такі крэйсер пацярпеў крушэнне».

Раней журналісты праекта «Схемы» «Радыё Свабода» знайшлі пост у «Аднакласніках», прысвечаны гібелі 41-гадовага мічмана Івана Вахрушава. Ён служыў у баявой часці нумар пяць — гэта значыць электрамеханікам.

Скрыншот паста ў «Аднакласніках», прысвечанага гібелі мічмана Івана Вахрушава

Яго жонка Варвара Вахрушава пацвердзіла выданню, што марак загінуў у выніку катастрофы на «Маскве». Паводле яе слоў, пра смерць ваеннага ёй днём 14 красавіка паведаміла «камандаванне». Вахрушава таксама распавяла, што без звестак зніклі 27 членаў экіпажа крэйсера «Масква».

Таксама «Радыё Свабода» звяртае ўвагу на пост карыстальніка Дзмітрыя Шкрабца ў сацсетцы VK.

Мужчына распавядае, што яго сына, салдата тэрміновай службы Ягора Шкрабца прызналі зніклым без звестак пасля гібелі крэйсера «Масква».

«Мой сын, Шкрабец Ягор Дзмітрыевіч, быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу з горада Ялта 2 ліпеня 2021 года. Быў размеркаваны ў г. Севастопаль, і пасля курсу маладога байца паступіў на службу на флагман ЧФ ракетны крэйсер «Масква». Паступіў на пасаду «карабельны кок», служба забеспячэння. У ноч з 13.04 на 14.04 адбылася трагедыя < … > паведамілі што ўвесь экіпаж эвакуяваны. Гэта хлусня! Нахабная і цынічная хлусня! Мой сын тэрміновай службы, як мне паведамілі непасрэдныя камандзіры крэйсера «Масква», сярод загінулых і параненых не лічыцца і ўнесены ў спіс зніклых без звестак. Салдат тэрміновай службы, які не павінен быў браць удзел у баявых дзеяннях, лічыцца зніклым без звестак», — піша мужчына (цяпер пост ужо выдалены).

Зніклы без звестак салдат тэріновай службы Ягор Шкрабец. Фота: сацсеткі

У снежні 2021 года газета Балтыйскага флоту «Вартавы Балтыкі» сапраўды пісала пра карабельнага кока на крэйсеры «Масква» Ягора Шкрабца, які вучыўся на кухара ў Ялце.

Улады Украіны 13 красавіка заявілі аб нанясенні ўдару ракетамі «Нептун» па ракетным крэйсеры «Масква» — флагмане Чарнаморскага флоту РФ. Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч сказаў, што расійскі карабель прыкрываў з паветра херсонскую групоўку сваіх войскаў.

Да раніцы расійскае Міністэрства абароны пацвердзіла выбух на крэйсеры, заявіўшы, што гэта «з прычыны пажару» здэтанаваў боезапас. У ведамстве сцвярджалі, што «Масква» «захоўвае плавучасць», а экіпаж эвакуявалі на караблі Чарнаморскага флоту, якія знаходзяцца ў раёне.

Увечары 14 красавіка Мінабароны РФ паведаміла, што крэйсер «Масква» затануў. Па версіі ведамства, гэта здарылася пры буксіроўцы судна ў порт прызначэння ва ўмовах шторму з-за пашкоджанняў корпуса, «атрыманых у ходзе пажару ад дэтанацыі боезапасу». Ці загінуў нехта ў выніку інцыдэнту, расійскія ўлады не ўдакладнілі.

У пятніцу ў Севастопалі адбылася цырымонія развітання з крэйсерам «Масква», прынеслі жалобны вянок з надпісам «караблю і маракам», звярнулі ўвагу журналісты «Бі-бі-сі».

Вянок з надпісам «караблю і маракам» на цырымоніі развітання з крэйсерам «Масква» ў Севастопалі, 15 красавіка 2022 года. Фота: сацсеткі

16 красавіка Міністэрства абароны таксама апублікавала ролік з камандай крэйсера «Масква» на пляцы. На першых кадрах відэа з'яўляецца камандзір крэйсера Антон Купрын. На відэа з экіпажам таксама сустракаецца галоўнакамандуючы ВМФ Мікалай Яўменаў. Ён заявіў, што «асабісты склад крэйсера «Масква» знаходзіцца ў асноўным пункце базавання — горадзе-героі Севастопаль», а салдаты тэрміновай службы з асабістага складу будуць звольненыя ў перыяд з мая па ліпень.

Пры гэтым яшчэ ў 2017 годзе Мінабароны РФ вырашыла адмовіцца ад выкарыстання салдат тэрміновай службы на караблях, пакінуўшы іх толькі для тылавога забеспячэння, бо «разабрацца ў складаных электронных сістэмах салдату тэрміновай службы, які ў войска прыйшоў усяго на адзін год, будзе праблематычна», пісала «Российская газета».

На апублікаваным Мінабароны РФ відэа перад адміралам Яўменавым стаяць каля 100-150 маракоў.

Сярод іх ёсць мічманы і старэйшыя афіцэры, аднак істотная частка — звычайныя матросы з пустымі пагонамі, верагодна, салдаты тэрміновай службы.

Якая частка з іх на самой справе ўваходзіць у экіпаж — невядома. У розныя гады колькасць каманды крэйсера «Масква» складала 416-510 чалавек. Чаму ў шэрагах няма астатніх чальцоў экіпажа — расійскія ўлады ніяк не тлумачаць.

Экіпаж крэйсера «Масква» ў Севастопалі. Скрыншот: відэа Міністэрства абароны РФ

Больш за тое, першая частка відэа з маракамі «Масквы» апублікаваная наогул без гуку. Можна выказаць здагадку, што камандзіры падраздзяленняў у гэты момант дакладваюць даныя аб колькасці салдат у страі і выбылых.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру