У дакуменце канстатуецца, што «ў цяперашні час у Беларусі працягваюцца масавыя пратэсты ў буйных населеных пунктах рэспублікі з мэтай арганізацыі паўторных выбараў і прыводу да ўлады «празаходне» арыентаванага ўрада на чале са Святланай Ціханоўскай (у цяперашні час знаходзіцца на тэрыторыі Літвы і вядзе падрыўную дзейнасць адтуль)».

Пратэсты, паводле аўтараў, справакаваныя Захадам.

У дакуменце гаворыцца, што «праціўнік у мэтах стварэння спрыяльных умоў для правядзення аперацыі па захопе тэрыторыі Рэспублікі Беларусі, выхадзе да заходняй мяжы Расійскай Федэрацыі праводзіць шырокамаштабную інфармацыйную кампанію, накіраваную на фармаванне ў заходнім грамадстве адзіных поглядаў і поўнай падтрымкі дзеянняў кіраўніцтва па гвалтоўнай змене рэжыму» Беларусі, «аказанні дапамогі еўрапейскаму рэгіёну» Расіі і яго вывадзе з-пад юрысдыкцыі Масквы ў сувязі з правядзеннем «нелегітымных» выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Гаворыцца, што ў выпадку немагчымасці прадухіліць перамены ў Беларусі «РФ можа быць уцягнутая ў Еўрапейскім кантынентальным раёне ў рэгіянальную або шырокамаштабную вайну з краінамі — членамі НАТА на Захадзе».

Аналіз становішча паказвае, гаворыцца ў дакуменце, што ў Беларусі захоўваецца нестабільнасць.

«Пры далейшай эскалацыі абстаноўкі найбольш верагодны сцэнарый, пры якім Аляксандр Лукашэнка звернецца па ваенную дапамогу да РФ, у тым ліку для навядзення «канстытуцыйнага парадку» на тэрыторыі краіны.

Гэтае рашэнне, на думку аўтараў дакумента, «умацуе аўтарытэт Лукашэнкі сярод прадстаўнікоў сілавых структур краіны і кансерватыўнай часткі насельніцтва, а таксама знізіць пратэсную актыўнасць у сувязі з нежаданнем большасці грамадзян рэспублікі (у тым ліку пратэстоўцаў) ісці на канфлікт з Расійскай Федэрацыяй».

Пасля атрымання распараджэння расійскія органы кіравання, узмоцненыя падраздзяленні, якія ўваходзяць у склад злучэнняў і воінскіх часцей арміі, падраздзяленні аховы і забеспячэння прыводзяцца ў гатоўнасць да выканання баявых (спецыяльных) задач.

Высоўванне ў раён аператыўнага прызначэння плануецца ажыццявіць пад легендай прыкрыцця аб удзеле ў сумесным вучэнні з Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь.

«У далейшым, зыходзячы з сітуацыі, быць у гатоўнасці да выканання спецыяльных задач на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі».

У дакуменце прыводзіцца спіс патэнцыйных ваенных перасоўванняў груп войскаў. 

Заканчваецца дакумент пунктам «Ідэя падману праціўніка». У ім гаворыцца, што «выкананнем комплексу мерапрыемстваў па ўтойванні, дэзынфармацыі і ўкараненні легенды прыкрыцця пераканаць суперніка ў перагрупоўцы злучэнняў і воінскіх часцей арміі на тэрыторыю Смаленскай вобласці для ўдзелу ў планавым сумесным аператыўным вучэнні ў рамках правядзення вучэняў «Каўказ-2020».

Стратэгічнае камандна-штабное вучэнне «Каўказ-2020» сапраўды праходзіла ў Расіі з 21 па 26 верасня 2020 года. У стратэгічных манеўрах узялі ўдзел у тым ліку і вайскоўцы Беларусі.

Пакуль невядома, ці сапраўдны гэта дакумент. Але ў жніўні 2021 года на «Вялікай размове» Лукашэнка апісваў падобны сцэнар.

«Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні дарог. Калі б мы падчас пратэстаў праявілі слабіну, нас бы паласавалі. У выніку пачалася б новая сусветная вайна. Я разумеў, што на другім баку штыкі точаць, таму падняў войска, вывеў «Паланэз». Адна мая каманда, і мы б нанеслі ўдар, але яны не перайшлі рысу. Калі б адбылося інакш, Расія б ніколі не адступіла і не страціла Беларусь. Пачалася б заваруха, а гэта ядзерная дзяржава. Вось ад чаго мы тады сышлі», — сказаў Лукашэнка.

Калі праўдзівасць дакумента будзе пацверджаная, значыць, Расія ў 2020-м была гатовая да акупацыі Беларусі ў выпадку калі народ дабіўся б свабодных выбараў.

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
103