Па нашай інфармацыі, усё адбылося ўначы з 4 на 5 красавіка.

55-гадовы рабочы Аляксандр Д. працаваў оптыкам 6 разраду на канструктарска-вытворчым упраўленні «Пеленг-Оптык». У той вечар ён запрасіў да сябе калег — прыйшло чалавек дваццаць. Сярод іх быў і 26-гадовы інжынер-тэхнолаг Аляксандр С. 

Рабочы Аляксандр Д. (злева) і загінулы інжынер Аляксандр С.

Рабочы Аляксандр Д. (злева) і загінулы інжынер Аляксандр С.

«Святкавалі чыйсьці дзень нараджэння ці нешта такое. Класічнае застолле, пасядзелі, выпілі. Пасля ўсе разыйшліся, а С. застаўся яшчэ пасядзець, бо быў у адпачынку, на наступны дзень яму не трэба было на працу, — кажа суразмоўца «Наша Нівы». — Падчас канфлікту іх было толькі двое, таму нельга дакладна сказаць, што там здарылася».

Вядома толькі, што ўсё скончылася смерцю маладога інжынера. Хутка з’явілася інфармацыя, што прычынай магла быць сварка, якая ўзнікла з-за вайны ва Украіне. 

«Так, такія чуткі сапраўды ходзяць сярод калег, але ж ніхто не можа сказаць, чаму з’явілася такая версія. Сведкаў іх канфлікту ж не было.

Вядома, што на целе загінулага было шмат удараў нейкім прадметам, дык цяпер таксама ходзяць чуткі, што яго забілі ці то нажом, ці то нават пасаціжамі, але пацвярджэнняў зноў жа няма», — расказалі «Нашай Ніве» суразмоўцы.

Цяпер рабочы Д. у СІЗА, яго абвінавачваюць у забойстве. Але ж пакуль што няма ніякіх сведчанняў таго, што мужчына падтрымліваў вайну ва Украіне, і тым больш таго, што гэта дакладна стала прычынай забойства.

Д. характарызуюць як звычайнага рабочага, на «Пеленгу» таксама працуюць яго сын з жонкай. Прыхільнікам Пуціна ці Лукашэнкі яго назваць цяжка, кажуць суразмоўцы.

Тое ж тычыцца і загінулага інжынера С. Малады хлопец быў родам з Клецка, у яго ў сацсетках у асноўным футбол. Калегі кажуць, што хлопец не быў з тых, хто актыўна праяўляе палітычную пазіцыю. Тое ж казаў парталу «Zerkalo» сябар С.: 

«С. быў апалітычным чалавекам (гэта я ведаю па асабістым досведзе, мы знаёмыя амаль 10 гадоў). Ён займаў нейтральную пазіцыю ў дачыненні да палітыкі заўсёды. Ён не ўдзельнічаў у падзеях 2020 года і ніколі не спрачаўся на тэмы палітыкі. Тое ж тычыцца і сітуацыі ва Украіне».

Клас
3
Панылы сорам
22
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
71
Абуральна
15