Жылы дом у Барадзянцы. Фота Getty Images

Жылы дом у Барадзянцы. Фота Getty Images

Газета The New York Times даведалася ад былой загадчыцы школы, 43-гадовай Марыны Ганіцкай, якая кіруе бальніцай усяго два месяцы, як людзі перажылі акупацыю. «Медуза» пераклала гэты матэрыял.

З таго часу, як у канцы лютага ў Барадзянку ўвайшлі расійскія войскі, інтэрнат заставаўся без вады, электрычнасці і ацяплення. Марына Ганіцкая назірала з трэцяга паверху клінікі, як у пасёлак заязджалі расійскія грузавікі, і налічыла 500 штук. Баючыся снайпераў, расіяне пачалі абстрэльваць жылыя дамы ўздоўж трасы. Мясцовыя службы ратавання паведамлялі, што пад абломкамі загінулі дзясяткі мірных жыхароў.

Будынак інтэрната, пабудаваны яшчэ ў 1970-я гады, ад выбуховых хваляў пастаянна скалынаўся. Гэта вельмі негатыўна адбілася на стане пацыентаў з неўралагічнымі і псіхіятрычнымі расстройствамі. У некаторых развіліся агрэсіўныя паводзіны. Іншыя былі ў паніцы і сталі хавацца пад ложкамі або ў шафах. Трое пацыентаў збеглі з клінікі і да гэтага часу не знойдзеныя.

За час акупацыі загінулі больш за 12 пацыентаў ПНІ. Большасць — ад холаду і голаду.

Тэмпература ўнутры будынка апускалася да мінус сямі градусаў Цэльсія. У бальніцы не было праточнай вады. Людзі пачалі піць ваду з басейна і ўсе захварэлі.

5 сакавіка на тэрыторыі інтэрната з'явіліся чачэнскія вайскоўцы. Салдаты на ўседарожніках прабілі вароты клінікі і загадалі вывесці ўсіх пацыентаў з палат і пастроіць у двары. Яны навялі на Ганіцкую аўтаматы і запатрабавалі, каб усе ўсміхнуліся і сказалі на камеру: «Дзякуй, Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін». Аднак большасць пацыентаў толькі плакала. Каб не нашкодзіць людзям, Ганіцкая сабралася з сіламі і выпаліла: «Дзякуй, што вы нас не забіваеце», пасля чаго страціла прытомнасць.

Чачэнцы, якіх украінцы баяліся мацней за ўсё і лічылі больш жорсткімі, у той жа дзень з'ехалі далей, але следам за імі прыйшлі рускія. Зразумеўшы, што ўкраінскія вайскоўцы не стануць атакаваць інтэрнат, яны абсталявалі на яго тэрыторыі пазіцыі з кулямётамі, гранатамётамі і цяжкім узбраеннем. Усім, хто знаходзіўся ў будынку, забаранілі яго пакідаць, нават у пошуках ежы. Пастаяльцы інтэрната сталі жывым шчытом для расіян, заявіла бухгалтар ПНІ Таісія Тышкевіч.

«Інвалідаў, дзяцей узялі ў закладнікі! Без медыкаментаў і ежы, без святла і вады, пад абстрэламі. Памерлых хавалі на вуліцы», — распавядаў «Медузе» в.а. мэра Барадзянкі Георгій Ярко.

Расійскія салдаты, якія запомніліся мясцовым жыхарам жорсткімі і недысцыплінаванымі, адабралі тэлефоны ва ўсіх у інтэрнаце. Вайскоўцы марадзёрствавалі ў найбліжэйшых дамах. З аптэкі бальніцы яны скралі і выпілі ўвесь медыцынскі спірт.

Ганіцкай удалося схаваць свой тэлефон. З яго яна ўпотай, выглядаючы з вокнаў сястрынскай, адпраўляла СМС украінскім вайскоўцам аб перасоўванні расіян. «Калі б мы не дапамагалі такім чынам, баі ішлі б у Кіеве», — лічыць яна.

Кіраўніца ПНІ сама гатавала ежу пацыентам на вогнішчы, якое расклала каля будынка. Яна ж арганізавала спальныя месцы для дзясяткаў мясцовых жыхароў, якія перабраліся ў інтэрнат са сваіх разбураных дамоў.

13 сакавіка Ганіцкая заўважыла на вуліцы калону жоўтых аўтобусаў і адразу пабегла ёй насустрач.

«Я ведала, што мяне альбо застрэляць, альбо я выратую людзей», — кажа яна.

Гэта былі аўтобусы гуманітарных арганізацый, якія здолелі дамовіцца аб вывазе людзей з горада. Тады расійскія вайскоўцы нарэшце дазволілі пацыентам ПНІ пакінуць будынак, і іх эвакуявалі ў менш небяспечныя раёны.

Перад адступленнем ў канцы сакавіка расійскія салдаты пакінулі на сценах бальніцы богазневажальныя пасланні, зробленыя уласнымі экскрэментамі. «Я званітавала, калі я гэта ўбачыла, — кажа Ганіцкая. — Я не разумею, кім і як яны былі выхаваныя, і хто наогул здольны на такое».

Чытайце таксама:

«Я больной. Я ненормальный». Як расійскія салдаты забівалі мужчын і гвалцілі жанчын у сяле Багданаўка пад Кіевам

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
23