Фота: АР

Фота: АР

«Для вырашальнай бітвы зробленая «салянка» 

— Мы гаворым у момант, калі на ўсходзе Украіны пачалася «бітва за Данбас». Гэта цяпер самы прыярытэтны кірунак для Расіі, я правільна разумею?

— Так, безумоўна. Рэзка павялічылася інтэнсіўнасць ваенных дзеянняў на лініі сутыкнення, асабліва артылерыйскіх налётаў. Прыйшоў у рух паўднёвы фланг расійскага войска, які падыходзіць у Запарожскай вобласці, у бок Гуляйполя. У цэлым жа Расія вядзе наступ на Данбасе па трох кірунках: з раёна Ізюма на поўдзень, з раёна Мелітопаля на поўнач Запарожскай вобласці і на лініі сутыкнення ў Луганскай вобласці, у раёне гарадоў Рубежнае, Севераданецк і Лісічанск, дзе расійскае войска спрабуе прарваць абарону УСУ.

Я, зразумела, не скажу нічога новага, калі паўтару думку аб тым, што Пуціну вельмі трэба дабіцца да 9 мая хоць нейкіх поспехаў на фронце (іншая справа, што ён будзе называць перамогай), каб з гэтых пазіцый размаўляць з Украінай пра дэталі перамір'я.

— Ці хопіць у расійскіх войскаў сілаў для наступу па ўсіх трох кірунках?

— Гэта ключавое пытанне. У самым агульным выглядзе можна сказаць наступнае: у Расіі хапае ўзбраення і вайсковай тэхнікі — у тым ліку той, якая знаходзілася ў рэгулярных часцях да пачатку вайны. Калі верыць даным Генштаба УС Украіны, то каля 25—30 працэнтаў расійскай бранятэхнікі, якая знаходзілася ў гэтых часцях, была захопленая або знішчаная — лічыце, колькі засталося.

Галоўная праблема пры гэтым у недахопе падрыхтаванага асабовага складу: перш за ўсё радавых, сяржантаў і малодшых афіцэраў.

Паспрабую паказаць гэта з лічбамі ў руках.

Фота: AP

Фота: AP

«На зямлі» ваююць два роды войскаў: сухапутныя і паветрана-дэсантныя. Яны адыгрываюць вырашальную ролю. Немагчыма перамагчы аднымі бамбардзіроўкамі, трэба захопліваць тэрыторыі, гарады, кантраляваць камунікацыі, і зрабіць гэта можна толькі ў выніку наземных аперацый.

Сухапутныя войскі Расіі на момант пачатку вайны налічвалі прыкладна 320 тысяч чалавек, Паветрана-дэсантныя войскі — каля 43 тысяч. Такія дадзеныя прыводзіць звычайна карэктны ў лічбах Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў у Лондане, хаця і ў Расіі ў адкрытых крыніцах такія лічбы таксама называліся.

Для вайны з Украінай на яе межах было сканцэнтравана каля 190—200 тысяч чалавек. Іншымі словамі, каля дзвюх трацін сухапутных войскаў і ПДВ.

Магчымасць прыцягваць для папаўнення панесеных ва Украіне стратаў вайскоўцаў з астатняй трэці вельмі абмежаваная.

Расійскі Генштаб не можа цалкам агаліць Заходнюю вайсковую акругу, войскі, якія засталіся там, прызначаныя для супрацьстаяння з краінамі НАТА. Шмат часцей і злучэнняў Цэнтральнай вайсковай акругі ўжо ваююць ва Украіне, тыя, што там засталіся, неабходныя для рэагавання на пагрозы з Цэнтральнай Азіі, а там можа адбыцца ўсё што заўгодна, улічваючы блізкасць Афганістана.

А дадатковыя рэзервы жывой сілы патрэбныя. Калі верыць дадзеным украінскага боку, Расія страціла забітымі каля 20 тысяч чалавек (пра дакладнасць гэтых лічбаў гаворка асобная, але яны ўяўляюцца праўдападобнымі). Да гэтага трэба дадаць параненых, няздольных весці баявыя дзеянні. Па статыстыцы, на аднаго забітага прыпадае ад двух да трох параненых. Іншымі словамі, нават па самых мінімальных падліках страты Расіі цяпер складаюць каля 60 тысяч чалавек. Гэта вельмі значныя страты.

Фота: АР

Фота: АР

Кім іх папаўняць? Частка войскаў перакідалася з Далёкага Усходу: гэта можна рабіць бяспечна, бо вайны з Кітаем не прадбачыцца. Але значная колькасць перадыслакаваных адтуль частак — кадраваныя, гэта значыць, і так недаўкамплектаваныя асабовым складам. Нешта бяруць з Заходняй вайсковай акругі. Ёсць інфармацыя, напрыклад, што пад Данбас перакінутая 106-я дывізія ПДВ з-пад Тулы. Акрамя таго, туды накіраваныя моцна пашкуматаныя часці, якія ўжо паваявалі ў Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцях.

У выніку для «вырашальнай бітвы за Данбас» пазбіраная нейкая «зборная салянка», якую трэба прывесці ў баяздольны стан, стварыць суцэльную, эфектыўную сістэму кіравання войскамі, што складана з арганізацыйнага пункту гледжання. У якой меры Расіі ўдалося гэта зрабіць, сказаць вельмі цяжка, усё высветліцца ў ходзе баявых дзеянняў.

— А ў якім стане знаходзіцца старшы афіцэрскі склад? Шмат паведамленняў пра тое, што гераічна гінуць і палкоўнікі, і нават генералы.

— Наконт «гераічна» — тут трэба быць акуратней з тэрміналогіяй. Да гэтага моманту было забіта сем генералаў — і гэта не проста людзі ў генеральскіх пагонах: за адным выключэннем, гэта або камандуючыя арміямі, або намеснікі камандуючых, гэта значыць, людзі належалі да найвышэйшай вайсковай іерархіі. Замест таго, каб кіраваць войскамі, як гэта належыць, са штаба ў Растове або Варонежы, ім давялося адправіцца на перадавую, каб гнаць войскі ў бой. Прычына ў тым, што камандзіры сярэдняга і малодшага звяна часта або не маглі, або не хацелі, або не ўмелі кіраваць войскамі на месцы.

Калі камандуючы, як падчас Другой сусветнай, сам матам і кулакамі вядзе людзей у бой — гэта сведчанне вельмі нізкай якасці кіравання войскамі. А як толькі яны аказваліся ў полі зроку ўкраінскай разведкі, іх лёс быў вырашаны.

— Дзіўна, што прапаганда не падае гэтую гібель як вобраз «палітрука Клачкова», які падчас Вялікай Айчыннай першым кінуўся ў бой, павёўшы за сабой салдат.

— Відаць, пакуль у расійскім Генеральным штабе хапае мазгоў не дэматываваць і афіцэрскі корпус. Афіцэры ж усё выдатна разумеюць: калі камандуючы арміяй апынуўся на перадавой — значыць, справы ідуць дрэнна.

— Нават з улікам таго, што расійскае войска на Данбасе цяпер — гэта «зборная салянка», чалавечыя рэсурсы, сабраныя там, каласальныя. І вельмі складана ўявіць сабе, што Расія абмяжуецца адным Данбасам у такім выпадку (калі яна здолее яго захапіць). Прыхільнікі «партыі вайны», той жа Рамзан Кадыраў, увогуле кажуць, што Расія зноў пойдзе на Кіеў. Ці пойдзе?

— Кадыраў наогул можа казаць усё што заўгодна. Ён, вядома, адлюстроўвае частку настрояў у кіруючых колах, але я б не назваў яго аўтарытэтным сябрам «партыі вайны» — там ёсць больш значныя па расійскіх мерках палітыкі: тыя ж Валодзін і Мядзведзеў. Але не ў Кадыраве, урэшце, справа.

Давайце зноў паглядзім на лічбы. Па дадзеных украінцаў, на тэрыторыі краіны цяпер знаходзяцца 87 расійскіх батальённа-тактычных груп, кожная прыкладна па 800 чалавек. То-бок, гэта прыкладна 70 тысяч чалавек, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях. Прыкладна столькі ж — войскі падтрымкі і забеспячэння: тылавое забеспячэнне, радыёсувязь, разведка, брыгады кіравання і гэтак далей. Калі Кадыраў казаў, што гэтымі войскамі Расія рушыць на Кіеў ці Харкаў, то ён нічога ў вайсковай справе не разумее. Штурм падрыхтаванага да абароны горада — адна з самых цяжкіх, складаных ваенных аперацый і суправаджаецца найбольшымі чалавечымі стратамі.

Для параўнання: калі ў красавіку 1945 года штурмавалі Берлін, яго бараніла стотысячная нямецкая групоўка. Савецкіх войскаў налічвалася прыкладна 460 тысяч чалавек, каля 12 тысяч артылерыйскіх гармат, чортава процьма танкаў. Штурм працягваўся два тыдні, за якія савецкае войска страціла забітымі 70 тысяч чалавек, гэта значыць, прыкладна 20 працэнтаў. Гэта шмат. У Берліне вясной 1945 года налічвалася 2,5—3 мільёны жыхароў, гэта значыць, прыкладна столькі ж, колькі цяпер у Кіеве.

Іншымі словамі, штурм Кіева, Харкава ці любога іншага горада, дзе кожны масіўны будынак (не савецкія «панэлькі», а ўмоўна «сталінскія» будынкі) ператвараецца ў апорны пункт абароны, — вельмі складанае мерапрыемства.

Штурм Марыупаля працягваецца амаль месяц, пры тым, што большасць заходніх назіральнікаў сцвярджала, што горад падзе на працягу некалькіх дзён.

У цэлым жа, можна ўявіць, як будзе развівацца сітуацыя на Данбасе. Акружаць групоўку УСУ нейкай бесперапыннай лініяй акопаў ці чымсьці накшталт гэтага не будуць, у гэтым няма сэнсу. Расія хутчэй за ўсё будзе імкнуцца ўсталяваць кантроль над камунікацыямі і над гарадамі Славянск і Краматорск, ключавымі транспартнымі вузламі. Калі гэты кантроль будзе дасягнуты, да акружанай групоўкі перастане паступаць забеспячэнне, даставіць яго ў абыход дарог будзе вельмі складана. Але штурм гарадоў, як мы ўжо казалі, патрабуе працяглага часу, багатага на цяжкія страты для боку, які наступае.

Неабходна ўлічваць бездараж і дажджы. Па палях у такі час бранятэхніка рухацца не можа, ва Украіне глебы ў асноўным мяккія чарназёмныя. Значыць, войскі будуць перамяшчацца калонамі па дарогах з цвёрдым пакрыццём. А калоны бранятэхнікі, грузавікоў, цыстэрнаў з палівам вельмі ўразлівыя для ўдараў зверху і збоку.

У сваю чаргу, ад кампетэнтных экспертаў ва Украіне мы чуем, што і ўкраінскія войскі распачалі актыўныя дзеянні. Былі паведамленні, што на поўнач ад Ізюма ўкраінскія войскі вызвалілі некалькі населеных пунктаў. Гэта азначае, што частка расійскіх войскаў у раёне Ізюма можа патрапіць пад пагрозу акружэння. Іншымі словамі, зыход бітвы за Данбас непрадказальны.

— Зяленскі наогул кажа, што Украіна гатовая ваяваць з Расіяй хоць дзесяць гадоў. Што ён мае на ўвазе? У тэхнічным сэнсе краіна сапраўды да гэтага гатовая?

— Ды не, вядома! Ні Украіна, ні Расія не гатовыя ваяваць дзесяць гадоў такім чынам, як яны гэта робяць у апошнія два месяцы. Актыўная фаза вайны не можа ісці доўга, таму што губляе баяздольнасць асабовы склад, вычэрпваюцца рэзервы ўзбраенняў.

У Расіі папаўненне магчымае толькі ў выпадку мабілізацыі — але ў такім выпадку трэба прызнаваць правал «спецаперацыі», сказаць, што гэта на самай справе вайна, прычым вайна вельмі цяжкая, а гэта немагчыма. Да таго ж, мабілізацыя не можа быць поўнай:

2—3 мільёны чалавек ставіць пад ружжо не трэба, яны проста створаць хаос у ваенных дзеяннях.

Трэба выклікаць вайскоўцаў запасу, з ужо атрыманымі вайсковымі спецыяльнасцямі і навыкамі, якія можна проста «асвяжыць» за некалькі тыдняў, пасля чаго кідаць гэтых людзей у бой. Вось толькі праблема ў тым, што гэта людзі ад 23 да 30 гадоў, у многіх ужо ёсць сем'і і ўласныя планы — і яны відавочна не звязаныя з вайной. Адна справа — бачыць вайну ў тэлевізары, і зусім іншае — удзельнічаць у гэтым кашмарным пекле ўжывую.

Фота: УНІАН

Фота: УНІАН

Што тычыцца стану Узброеных сілаў Украіны, казаць пра гэта дастаткова цяжка. Аднак можна меркаваць, што іх стан не настолькі дрэнны, як гэта малюе расійская прапаганда.

Мабілізацыйны патэнцыял Украіны — прыкладна мільён высокаматываваных людзей. Зброя ў краіну паступае. Аднавіць пры неабходнасці колькасны склад войска можна. Праблема ў тым, што Украіне востра неабходнае цяжкое ўзбраенне, асабліва артылерыя, без яе вайну не выйграць.

У Расіі такога ўзбраення больш, але і ва Украіну яно таксама паступае: гаворка пра танкі, артылерыю, самыя сучасныя ПЗРК, здольныя збіваць расійскія самалёты на прыстойнай вышыні — да 3—4 кіламетраў. Але, паўтараю, яго недастаткова, няма паставак авіяцыі, комплексаў СПА далёкага дзеяння і некаторых іншых узбраенняў.

Але ў любым выпадку актыўная фаза вайны можа працягвацца не больш за некалькі месяцаў. Пасля гэтага, калі не будзе дасягнутае перамір'е, яна пяройдзе ў канфлікт нізкай інтэнсіўнасці.

— Ці можна зразумець прыкладныя суадносіны страт з абодвух бакоў? Не канкрэтныя лічбы, а прапорцыю хаця б?

— Для тых лічбаў, якія цяпер публікуюцца абодвума бакамі, патрэбны асобны аналіз.

Звычайна бок, які абараняецца, — у гэтым выпадку Украіна — губляе ў 2—2,5 разы менш, чым войска, якое наступае. Акрамя таго, можна ўпэўнена сказаць, што палову сваіх стратаў Расія панесла ў першыя два тыдні вайны: калі верыць лічбам ад Украіны, страты маглі дасягаць 1000 чалавек за дзень, гэта жахлівыя страты.

— Пра што гэта кажа? Расійская армія ішла з поўным адчуваннем бліцкрыгу і не была гатовая да такой абароны?

— Вядома, менавіта пра гэта. Яшчэ раз нагадаю, што гэта вайна, якая ідзе ўздоўж транспартных камунікацый. Гэта значыць, ідзе калона, расцягнутая на 6—12 кіламетраў, а ў першыя два тыдні расійскія войскі перамяшчаліся без таго, што прынята называць бакавой аховай, і фактычна без разведкі. У такіх умовах украінскія войскі знішчалі іх справа і злева.

Тады ў Украіны ўжо было некалькі тысяч комплексаў Javelin, і калона знішчалася вельмі проста: наносіцца ўдар па першай машыне і па апошняй, а потым расстрэльваюцца з усяго, што ёсць, тыя, хто затрымаўся пасярэдзіне. Класічная схема, якая рэгулярна выкарыстоўвалася і ў Афганістане (у савецкі час), і пазней у Чачні.

Першыя каласальныя страты — з-за такіх выпадкаў. Потым расійскае войска пачало ўжо ваяваць «па падручніку» — і страты, вядома, знізіліся.

— Вы неаднаразова згадваеце ў сваёй прамове пра дадзеныя Генштаба УСУ. А ці можна верыць расійскаму Генштабу?

— Зноў-такі, трэба звяртацца да лічбаў. Напрыклад, за год да вайны, паводле звестак Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, ва Украіне меліся 63 ударныя верталёты. А паводле дадзеных Мінабароны РФ такіх верталётаў было 149, з якіх па стане на 17 красавіка ўжо было знішчана 105. Тая ж самая карціна па самалётах: МІСД называе лічбу ў 125 самалётаў, а расійскае Мінабароны ўжо кажа пра 143 знішчаныя самалёты.

— І яны пры гэтым не заканчваюцца.

— І яны не заканчваюцца, яны ёсць! Цяпер: расійскае войска кажа пра тое, што ва Украіне знішчана 95 працэнтаў танкаў і браняваных машын і 66 працэнтаў артылерыі. Але войска, у якога няма бранятэхнікі, ваяваць не можа: яно проста павінна разбегчыся. Таму я стаўлюся да падобных дадзеных ад Міністэрства абароны Расіі з вялікім сумневам і скепсісам.

Некалькі дзён таму Мінабароны назвала лічбу стратаў украінскай арміі: 23367 чалавек. Але як можна палічыць страты суперніка з дакладнасцю да аднаго чалавека?

Любыя методыкі падліку на вайне вельмі прыблізныя. Украінскі бок кажа, што расійскія войскі страцілі ў баях каля 20 тысяч чалавек — гэта значыць, гэта плюс-мінус 10 адсоткаў, гэта разумны падыход. А спроба палічыць усё з дакладнасцю да чалавека выглядае вельмі непраўдападобна. Выглядае як жаданне зрабіць уражанне на аўдыторыю.

— А як доўга ў такім выпадку Расія можа хаваць свае ўласныя страты?

— Расійскае грамадства наогул вельмі талерантнае да стратаў. Да таго ж, радавы склад арміі камплектуецца з правінцыйных хлопцаў. Прыходзіць у які-небудзь раённы цэнтр паведамленне, што вось, два-тры ці нават дзесяць чалавек загінула, і мясцовыя жыхары толькі хітаюць галовамі: ну так, гэта вайна. У такім выглядзе страты рассейваюцца і не робяць уражання. Калі б, напрыклад, у адным абласным цэнтры загінула адразу тысяча чалавек — гэта было б адчувальна і паўплывала б на стаўленне мясцовых жыхароў да самой вайны. А паколькі такога няма — хаваць страты можна даволі доўга.

— Ці скончыцца актыўная фаза вайны да 9 мая?

— Трэба ўлічваць пазіцыю Украіны, якая не гатовая ісці на тэрытарыяльныя саступкі Расіі. Калі так, то Украіна гатовая працягваць актыўную фазу вайны або да таго часу, пакуль тэрыторыі, захопленыя пасля 24 лютага, не будуць адбітыя, або да таго часу, пакуль — і калі — Кіеў не пацерпіць паражэнне і будзе вымушаны прызнаць, што частка тэрыторыі краіны на нейкі час апынецца пад расійскай акупацыяй.

Іншае пытанне, што ў якасці перамогі расійскаму грамадству будзе прапаноўваць Пуцін? Праграма-мінімум — выхад на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей, адмова Украіны ад уступлення ў НАТА. Гэта можна прадаць грамадству і эліце як вялікі поспех. Але я не ўпэўнены, што ў найбліжэйшыя 2—3 тыдні Расія зможа выйсці да межаў гэтых абласцей. Так што не выключана, што вайна будзе працягвацца і пасля 9 мая.

Суразмоўцы Блумберга распавялі, як Пуцін прымаў рашэнне аб уварванні ва Украіну

Вайна Расіі з Украінай прымушае беларусаў вызначацца з «вялікім геапалітычным выбарам». І працэсы — на карысць Захаду

Клас
33
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
6
Сумна
5
Абуральна
4