Офіс Зяленскага пісаў, што група ўкраінскіх і міжнародных экспертаў 20 красавіка прадставіла план рэкамендацый для міжнароднай дэмакратычнай супольнасці па комплексе далейшых эканамічных мер, скіраваных на прымус расійскага кіраўніцтва да хутчэйшага спынення вайны ва Украіне і максімальнае павелічэнне кошту агрэсіі для Расіі.

Адным з ключавых кірункаў санкцыйнай палітыкі называецца прызнанне Расіі і Беларусі дзяржавамі — спонсарамі тэрарызму.

Спіс такіх дзяржаў пачалі складаць у 1979 годзе. Сам тэрмін «дзяржава — спонсар тэрарызму» належыць ЗША. Гэта краіны, якія, на думку дзярждэпа, спрыяюць тэрарыстычнай дзейнасці. У амерыканскім спісе іх зараз чатыры — КНДР, Куба, Іран, Сірыя. У ЕС ёсць свой падобны спіс.

Калі Беларусь прызнаюць дзяржавай — спонсарам тэрарызму, то гэта будзе першая такая краіна, якая знаходзіцца на тэрыторыі Еўропы. 

Наколькі гэта верагодна?

Пакуль заклік прызнаць Беларусь спонсарам тэрарызму разам з Расіяй ёсць толькі ў рэлізе на сайце Офіса прэзідэнта Украіны. У самым дакуменце няма ні слова пра Беларусь, звяртае ўвагу юрыстка-міжнародніца, кандыдатка юрыдычных навук Кацярына Дэйкала.

«Менавіта ў кантэксце прызнання ў якасці спонсара тэрарызму ў дакуменце ідзе размова толькі пра Расію.

Таму, каб пачынаць размову аб наступствах, спачатку трэба высветліць, а ці ёсць наогул такое патрабаванне. У юрыдычных пытаннях першасным ідзе змест самаго дакумента, а не брыфінгу на сайце», — падкрэслівае Кацярына Дэйкала.

Пра гэты факт кажа і адказны па прававых пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк. Але ён мяркуе, што калі Расія атрымае такое прызнанне, то Беларусь таксама можа апынуцца ў спісе.

«Бо без удзелу ўладаў Лукашэнкі вялікая частка агрэсі Расіі была б немагчымай, у тым ліку тое, што падпадае пад вызначэнне тэрарызму. 

Апроч гэтага, калі нават Расія будзе ўнесена ў спіс, а Беларусь не, то стане зразумелым, што Беларусь будзе дапамагаць ёй абыходзіць санкцыі. Такія дзеянні створаць дадатковыя падставы да траплення Беларусі ў гэты спіс альбо пад новыя ці другасныя санкцыі», — разважае эксперт. 

Фота: АР

Фота: АР

У сённяшнім свеце надаванне краіне такога статусу — рэдкая з'ява. Аднак верагоднасць ажыццяўлення такога сцэнару можа ўзрасці разам з эскалацыяй агрэсіі.

«Яшчэ два месяцы таму прызнанне дзяржавай — спонсарам тэрарызму ў адносінах да Беларусі і Расіі не абмяркоўвалася нават у тэорыі. Але мы бачым, як падчас вайны хутка змяняюцца абставіны. Зараз такія размовы ідуць не проста на ўзроўні экспертаў ці дэпутатаў, а на ўзроўні прэзідэнтаў», — адзначае Кірылюк. 

Калі Беларусь усё ж унясуць у спіс, што гэта будзе значыць для краіны?

Кіраўнік кабінета Ціханоўскай Валер Кавалеўскі кажа, што прызнанне Лукашэнкі і яго рэжыму спонсарамі тэрарызму прывядзе да яшчэ больш жорсткіх санкцый. 

«Гэта санкцыі, якія будуць распаўсюджвацца на дзяржаўны сектар і на датычных да яго асобаў. Апроч гэтага, такое прызнанне будзе моцна адбівацца і на кантактах з трэцімі краінамі. Рэзка звужаецца прастора для гандлёва-эканамічных стасункаў. Усё гэта будзе яшчэ больш ускладняць жыццяздольнасць Лукашэнкі і яго рэжыму», — мяркуе ён.

Пад санкцыі ў такім разе можа трапіць не толькі Беларусь, але і яе краіны-партнёры, якія працягнуць узаемадзеянне. Гэта акалічнасць прывядзе да зніжэння рэпутацыі краіны, да ўзроўню дзяржавы-ізгоя.

Шэраг негатыўных наступстваў, якія могуць быць, Міхаіл Кірылюк параўноўвае з ядзерным выбухам для эканомікі:

«Прызнанне дзяржавы — спонсарам тэрарызму, напрыклад, прыводзіць да накладання вета на крэдытаванне ад МВФ і замарозку ўсіх актываў у ЗША. У тым ліку нерухомасці. Такі статус прыводзіць да пазбаўленне дзяржаўных асоб дыпламатычнага імунітэту.

У той жа час у грамадзян, пацярпелых ад дзяржавы-тэрарыста, з'яўляецца права звяртацца ў суды ЗША па атрыманне кампенсацыі. І ў адрозненне ад рашэнняў камітэтаў ААН, якія фактычна не маюць практычнага прымянення, рашэнне гэтых судоў дазволіць выплочваць кампенсацыю пацярпелым з той маемасці, якая будзе арыштавана ў іншых краінах». 

«Са свайго боку мы падзяляем рашэнне прызнаць беларускі рэжым тэрарыстычным, бо мы таксама лічым, што рэжым Лукашэнкі з’яўляецца такім, — кажа Валер Кавалеўскі. — Мы даўно бачым гэтыя праяўленні ў самой Беларусі ў дачыненні да свайго народу. 

З пачаткам вайны ва Украіне мы назіраем яго саўдзел у ваенных злачынствах супраць украінцаў. Унутры Беларусі таксама адбываюцца рэпрэссіі тых беларусаў, якія выступаюць супраць вайны. Мы памятаем затрыманні такіх людзей са стралянінай (размова пра затрыманне мужчын, датычных да дыверсій на чыгунцы. — «НН»). Таму цалкам верагодна, што гэта ўсё можна кваліфікаваць, як падтрымку тэрарызму. 

Ад жніўня 2020 года мы казалі, што ў Беларусі ўсталявалася ўнутраная акупацыя. Фактычна яшчэ з таго часу Лукашэнкам праводзіцца палітыка ўнутранага тэрору. Таму калі казаць агулам, то для нас не стала нечаканасцю, што на Лукашэнку глядзяць як на чалавека, які падтрымлівае тэрарызм», — кажа Кавалеўскі. 

У той жа час у Офісе Ціханоўскай адзначылі, што размова вядзецца менавіта пра рэжым і асоб, якія яго падтрымліваюць.

«Мы і надалей працягваем працу над тым, каб у міжнароднай супольнасці аддзялялі беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі, каб простыя беларусы і прыватны бізнес не цярпелі ад гэтага. Абараніць сумленны прыватны сектар ад санкцый было нашай прынцыповай пазіцыяй. Мы шмат рабілі і робім, каб беларусы не былі дыскрымінаваныя толькі праз тое, што яны з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Працуем, каб беларускіх грамадзян не абмяжоўвалі іх у правах», — дадаў Валер Кавалеўскі.

Ціханоўская: Еўропа перамагла Гітлера не «прымірэннем», а рашучымі і ўзгодненымі дзеяннямі

Швед як пераемнік? Чаму менавіта кіраўнік Генпракуратуры цяпер у фаворы? Вось меркаванні

Клас
47
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1