Па стане на 21 красавіка на тэрыторыі Кіеўскай вобласці былі знойдзеныя целы 1045 цывільных асоб, забітых расійскімі вайскоўцамі, паведаміў у сераду начальнік Нацыянальнай паліцыі ў Кіеўскай вобласці Андрэй Нябытаў. Аднак, па яго словах, канчатковая колькасць загінулых можа быць большай: целы працягваюць знаходзіць не толькі ў брацкіх магілах, але таксама ў падвалах, калодзежах. Многія людзі, якія вяртаюцца ў свае дамы, кажуць, што знаходзяць свежыя пахаванні ў агародах ці проста ля дарог.

Сын Надзеі, Канстанцін быў адным з першых, каго расійскія вайскоўцы забілі ў Барадзянцы. У яго тры кулі ў баку. Мясцовыя жыхары кажуць, што Канстанціна забілі ў канцы лютага, калі калона расійскіх войскаў заходзіла ў Барадзянку.

«Ён пераходзіў праз дарогу, калі ўвайшлі ў Барадзянку бэтээры, і яго расстралялі, — распавядаюць яны. — Ён быў без зброі, без нічога, ён дадому ішоў. На працу не пускалі ў Кіеў, ён нікуды не мог паехаць».

«Сыночак мой, прабач мяне, родненькі, даруй, коцік, — хрысціць заплаканая Надзея цела сына. — Маленькі мой сыночак, родненькі. Ты казаў: буду цябе ахоўваць і дапамагаць табе ва ўсім».

Побач з Канстанцінам ляжыць цела Каці Шышкінай: менавіта так падпісаны спехам скалочаны крыж, які паставілі на яе магіле. Каці было ўсяго 15 гадоў. Хавалі яе ў коўдры суседзі за сваім сваім агародам — на могілкі ісці было небяспечна.

Суседзі распавядаюць, што Каця разам з бацькамі спрабавала з'ехаць на машыне з суседняй Бучы — там вайна пачалася на некалькі дзён раней. Але па машыне адкрылі агонь расійскія войскі.

«Бацька яе быў паранены ў руку, і маці параненая таксама. А ёй трапіла ў лёгкія — распавядаюць яны. — Аперацыю ёй рабіў наш хірург ваенны Лесагор і распавядаў: «Я выратаваць не змог яе. Такое раненне, што несумяшчальнае з жыццём».

У сераду толькі на адным невялікім участку ў Барадзянцы знайшлі і эксгумавалі целы з трох магіл. Праз 50 метраў ад іх — яшчэ траншэя, у ёй яшчэ шэсць цел. Сярод іх — бацька Аляксандра. Сын расказвае, што яго бацька, рускамоўны, ішоў бяззбройны спыняць расійскую калону і думаў, што агульная з акупантамі мова яму дапаможа.

«Я яму ў тэлефонным рэжыме сказаў: «Баця, не трэба, не ідзі. Там страляюць», — распавядае Аляксандр. — А ён кажа: «Яны мяне з****лі, колькі ўжо можна ездзіць? Колькі можна людзей забіваць? Яго проста знеслі на БМП, яму расійскі БМП пераехаў галаву».

Аляксандр кажа, што ён і сам гэтак жа, як і яго бацька, мог ляжаць ля дарогі. Падчас акупацыі расіяне забралі ў яго тэлефон. Там у Фэйсбуку было відэа, як украінскія войскі грамяць расійскую калону. Ён распавядае, што калі расійскія вайскоўцы яго знайшлі, яму пагражалі забойствам:

«Самае цікавае, што ён не ставіць аўтамат табе да лба. А ставіць сюды, да вены, каб ты не адразу памёр — а памучаўся, сцёк крывёю, — распавядае ён. — А іх стаіць вось так чалавек 15-20 з аўтаматамі. І глядзяць: расстраляе ён мяне ці не».

Дом Аляксандра быў спалены. Свой тэлефон у агародзе ён адкапаў толькі тыдзень таму — калі прыйшлі ўкраінскія войскі.

«Усё выдаліў, усё пазаціраў, а тэлефон закапаў! Сказаў, вось калі будзе ў мяне тэлефон, не будзе там ні Instagram, ні Фэйсбука. Будзе просты кнопкавы тэлефон», — кажа ён.

Судмедэксперты, якія агледзелі ўжо больш за 6 сотняў цел забітых цывільных у Кіеўскай вобласці, кажуць, што больш чым у паловы — кулявыя раненні.

«Я думаю, можна і трэба казаць пра генацыд менавіта ўкраінскага народа, бо неабходнасці забіваць такую колькасць цывільнага насельніцтва ў арміі не было, — падкрэслівае Андрэй Нябытаў, кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласці. — Ніякай пагрозы гэтыя людзі для іх не стваралі. Ніякага супраціўлення яны не аказвалі».

Генацыдам ўжо назваў забойства мірных жыхароў у Кіеўскай вобласці прэзідэнт ЗША і некаторыя іншыя сусветныя лідары. Але вырашаць, ці быў гэта генацыд, будуць міжнародныя суды, прадстаўнікі якіх цяпер вядуць расследаванне на тэрыторыі Украіны.

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
28
Абуральна
7