Аляксандр Ярашук

Аляксандр Ярашук

У аўторак прыйшлі з ператрусамі да лідараў незалежных прафсаюзаў Беларусі. Сярод затрыманых — кіраўнік БДКП Аляксандр Ярашук.

— Да нас прыйшлі з ператрусам каля 13 гадзін дня ў аўторак. Аляксандра Ільіча дома не было, мы з сынам толькі знаходзіліся, — расказвае жонка. — Патэлефанаваць яму не далі — у нас адразу забралі тэлефоны. Сказалі: усе званкі пасля таго, як усё завершыцца.

Ну а потым мы сталі (ужо каля 5 гадзін вечара) яго набіраць, але муж быў недаступны. Ён раніцай як звычайна пайшоў на працу. Я тым, хто прыехаў з ператрусам, яшчэ казала: ну як так, вы прыйшлі па ягоным пытанні, а яго самога дома няма, дайце я хоць яму патэлефаную, хай ён папрысутнічае пры гэтым дзеянні. Ужо потым я даведалася, што ў гэты ж час і ў яго на працы быў ператрус. Я стала тэлефанаваць супрацоўнікам, яго намесніку, але ў іх ва ўсіх тэлефоны выключаныя, іх таксама затрымалі.

— Мабыць, ва ўсіх ператрусы праходзілі адначасова…

— Я таксама так зразумела, што да гэтага рыхтаваліся, і ў кватэры і офісы да ўсіх наляцелі прыкладна ў адзін час.

Увечары я ўжо стала тэлефанаваць куды толькі можна, каб даведацца, што з мужам. Мы тэлефанавалі ў РУУС, там запісалі ўсе звесткі, потым ператэлефанавалі, яшчэ нешта ўдакладнілі і сказалі, што будуць шукаць і ператэлефануюць. У аўторак ніхто так і не ператэлефанаваў, а ў сераду раніцай з РУУС патэлефанавалі, спыталі, ці з'явіўся муж дадому, і сказалі, што будуць шукаць. Мы ў КДБ тэлефанавалі, нам далі тэлефон, але па ім ніхто не адказваў. Тэлефанавалі ў Следчы камітэт — таксама вынікаў не было.

Я ўсім тлумачыла: мы ж хвалюемся, хаця б даведацца, дзе ён і што з ім. Суткі пра чалавека нічога не вядома. Хоць бы даведацца, што ён жывы і здаровы, што з ім у фізічным плане ўсё ў парадку. Калі затрыманы — трэба ведаць, куды перадаць хаця б зубную шчотку ды бялізну на змену.

— Скажыце: а што забралі падчас ператрусу?

— Планшэт мужа і ноўтбук сына. А ноўтбук Аляксандра Ільіча быў пры ім, напэўна, яго таксама забралі. Паперы яго пераглядалі, усе тумбачкі і шафкі праверылі. Праўда, усё акуратна рабілі: нічога не ламалі, не раскідвалі.

— Са сваімі панятымі прыйшлі?

— Тут з гэтымі панятымі цэлая гісторыя была! Спачатку прыйшлі адны людзі, сказалі, што патрэбныя панятыя. Я пайшла да суседзяў па пляцоўцы, але іх не аказалася дома. Паднялася на суседні паверх, знайшла тых, хто пагадзіўся прысутнічаць пры ператрусе. Прыходжу дадому — ужо дзверы на ланцужок зачыненыя! Я кажу: а што гэта значыць, як мне ў дом увайсці? Яны вырашылі, што калі мяне доўга няма, значыць, я кудысьці сышла. Заходжу, а ў кватэры ўжо натоўп людзей! Пытаюся: што гэта значыць? Кажуць: мы ўжо знайшлі панятых, на вуліцы людзей спынілі. Я сказала ім: у мяне такое ўражанне, што вы з імі прыехалі, а не на вуліцы спынілі… таму што вельмі хутка гэтыя панятыя з'явіліся. Ясная справа, тых панятых, якіх я запрасіла, яны адправілі: маўляў, ужо позна.

Паўтараю: ператрус праводзілі даволі карэктна, нічога не ламалі і не грамілі. Але зазірнулі ўсюды: і ў каморку, і ў шафкі на балконе, і ў антрэсолі, на кухні ўсё старанна агледзелі.

— Грошы забралі?

— Так, было трохі грошай, і іх усе забралі. Я яшчэ спытала: А што, у доме хіба наогул ні капейкі грошай не павінна быць?

— Не чамадан з замежнымі купюрамі забралі?

— Не, што вы (смяяцца)! Не мільярды, не мільёны і нават не чамадан. «А раптам гэта хабар?»— адказалі на маё пытанне. Я засмяялася, а тыя, хто праводзіў ператрус, адказалі: маўляў, цяпер хабарам лічыцца нават паўкілаграма цукерак.

— У Аляксандра Ільіча ёсць адвакат?

— Ёсць. Але яна таксама нічога не ведае, з ёй у першыя суткі ніхто не звязваўся.

— Калі да вас прыйшлі з ператрусам, распавядалі, па якой прычыне?

— Пастанову на ператрус паказалі, там была пералічаная куча артыкулаў Крымінальнага кодэкса, але мне гэтыя лічбы ні пра што не кажуць, у мяне няма юрыдычнай адукацыі.

— Я з Аляксандрам Ільічом нядаўна размаўляла. Ён быў як заўсёды спакойны і нікуды не збіраўся з'язджаць. Хоць і разумеў, што незалежныя прафсаюзы ў спакоі не пакінуць…

— Так, у яго і думак пра ад'езд не было…

Клас
1
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
49