«Упершыню позва мне прыйшла ў 2020-м. Як аказалася, у міліцыі было пытанне з нагоды маіх прабежак з бчб-сцягам па раёне і фота з аднаго з маршаў, — распавядае Вадзім. — Позву мне ў рукі не ўручалі, я паглядзеў па даце фота, тэрмін пакарання па адміністрацыйцы за яго ўжо вось-вось заканчваўся. Я вырашыў нікуды не ісці. Мяне не чапалі»

— Для мяне бег — гэта выратаванне. У жыцці шмат усялякіх стрэсаў, прабежкі ж добрая магчымасць ад усяго адключыцца. Хаця б пакуль ты ў дарозе, — усміхаецца Вадзім.

Ён наогул, здаецца, чалавек суперпазітыўны і, па ўсёй бачнасці, актыўны. Нягледзячы на дарогу з Мінска да Тбілісі, якая расцягнулася на 27 гадзін, ужо на наступны дзень ён выйшаў на дыстанцыю і «намаляваў» «Жыве». Выйшла жыццесцвярджальна, хоць тыдні за два да гэтага ўсё складвалася не вельмі.

— Перад рэферэндумам мне паведамілі, што па прапісцы да мяне прыходзіла сем сілавікоў. Ламіліся ў дзверы, цікавіліся, дзе я. былая жонка ім патлумачыла: мы ў разводзе, і я з ёй не жыву. Яны сышлі, — апісвае Вадзім. — А потым здарылася так, што мне па працы павінны былі патэлефанаваць з незнаёмага нумара. Я зняў, а гэта аказаўся ўчастковы. Клікаў на гутарку, папярэджваў, што на мяне складзены пратакол за інтэрв'ю і рэпосты і ўдакладняў: ці бегаю я розныя маршруты. Навошта яму гэтая інфармацыя, не тлумачыў. Прасіў прыйсці ў пятніцу, 25 лютага. У мяне не атрымлівалася, дамовіліся на панядзелак, але я не з'явіўся. Спадзяваўся, пра мяне забудуць. Не забыліся.

Фота з інстаграма Вадзіма Сіманава

Спачатку Вадзіму даслалі позву, але, паколькі пошту ў сям'і правяраюць рэдка, пасланне выявілі месяца праз паўтара.

— А ў мінулую пятніцу (15 красавіка) мне ў Вайбер з незнаёмага нумара прыйшло паведамленне. У ім было напісана, што 19 красавіка ў мяне суд паводле арт. 19.11. Я занерваваўся, задумаўся пра ад'езд — апісвае сітуацыю бягун.

Наперадзе былі выхадныя і час падумаць. Пакуль мінчук вызначаўся з рашэннем, скрыншоты з яго забегамі разыходзіліся па медыя і сацсетках. У суботу, гартаючы стужку Твітара, Вадзім убачыў, што пост пра яго «творчасцю» апублікавала Святлана Ціханоўская.

— І я падумаў: «Піпец!», бо калі за нашымі незалежнымі СМІ сочаць яшчэ ў паўвока, то за акаўнтам Святланы Георгіеўны відавочна назіраюць, — не хавае эмоцый Вадзім. — Я занерваваўся: добра яшчэ адміністрацыйка, але мной жа могуць зацікавіцца і іншыя службы. Увогуле, сітуацыя набірала абароты, і я звязаўся з BySol. Мяне праверылі па базе, аказалася, я яшчэ выязны. Сказалі, трэба вызначацца: пакідаю я краіну цяпер, або пасля працэсу ўсё можа ўскладніцца. У выніку ў панядзелак увечары я тэрмінова з'ехаў.

«Самы экстрэмізм пачаўся зімой 2021-га»

Вадзіму 36, ён спецыяліст па продажах. Бегае 5-6 разоў на тыдзень, атрымліваецца 50-70 кіламетраў. Кажа, нават калі часу наогул мала, стараецца пабегаць хоць 40 хвілін за дзень. З яго хуткасцю — гэта сем кіламетраў. Але так было не заўсёды. На дарожцы мужчына апынуўся спантанна, здарылася гэта летам 2016-га.

— У Беларусі праходзіла акцыя «Velcom-бегом», калі за кожны пераадолены кіламетр кампанія пераводзіла грошы на дапамогу хворым дзецям. Набліжаліся выхадныя. Мы з дачкой былі дома. Я пасадзіў яе ў каляску, і мы прабеглі чатыры кіламетры. Потым я яшчэ сам «накруціў» 16. Увогуле, мне спадабалася. Справа добрая — успамінае, з чаго ўсё пачыналася, Вадзім. — Пасля тым, хто ўдзельнічаў у акцыі, прапанавалі напісаць матывацыйны ліст, тэма — «Чаму я хачу навучыцца бегаць». Так адбіралі ахвотных на бясплатныя трэніроўкі да Мінскага паўмарафона. Я прайшоў. Прабег восенню 21 кіламетр і з тых часоў не спыняюся.

Разгон быў узяты, але здарыўся нечаканы стоп. Доўгія дыстанцыі на стандартных маршрутах — гэта сумна, падумаў Вадзім. Як з гэтым быць? Адказ падказала карта. Бо калі сюды збочыць або там павярнуць, прыкінуў ён, можа нешта вымалявацца. Так у 2017-м і ўзнікла ідэя з малюнкамі. Рэалізаваць яе мінчук вырашыў 14 лютага. У той дзень ён «намаляваў» імя былой жонкі. Бег па адчуваннях, таму «атрымалася крывавата». Першы блін, жартуе, апынуўся сабаку, затое лёд крануўся. Затым, з дапамогай адмысловай праграмы, ён пачаў пракладваць схемы «малюнкаў». Творы сталі акуратнейшымі, але былі адносна простыя — дамкі, сабачкі.

COVID-19 у творчасць Вадзіма дадаў сацыяльны штрых. Бягун «намаляваў» трактар, якім беларусам прапаноўвалі лячыцца, і «ў падтрымку медыкам» — доктара.

— Увогуле, стаў бегаць тое, што дае нейкі эмацыйны водгук, — проста апісвае тэматыку сваіх ідэй суразмоўца.

Увосень-2020-га мужчыну зачапіла затрыманне людзей за надпіс «Не забудзем!», які яны зрабілі ў памяць пра Аляксандра Тарайкоўскага. У знак салідарнасці з імі Вадзім прабег гэтую ж фразу ў тым жа раёне.

Фота: Instagram Вадзіма Сіманава

— Ну, а самы экстрэмізм пачаўся зімой 2021-га, калі я змяніў кватэру, — жартуе Вадзім. — Афіцыйнага месца працы ў мяне на той момант не было. Я вырашыў, не такая я важная птушка, каб міліцыя за прабежкі адсочвала мяне па тэлефоне, выдыхнуў і стаў «маляваць».

Экстрэмізм па-беларуску ў разуменні мінчука выглядаў так:

Фота: Instagram Вадзіма Сіманава

Або вось так

Фота: Instagram Вадзіма Сіманава

Фота: Instagram Вадзіма Сіманава

— Навошта вам гэта было трэба?

— А навошта людзі ходзяць на маршы? Навошта партызаны нешта робяць? Гэты выражэнне грамадзянскай пазіцыі ў такім выглядзе. Ну і бегаць пакуль яшчэ не забаронена. Калі ты намалюеш нешта на асфальце, то табе выставяць рахунак, штраф або артыкул КК. А тут ты ж нічога не псуеш, — тлумачыць сваю пазіцыю наш суразмоўца. — Хоць, калі я «намаляваў» голага караля з аўтаматам, а потым «Чык-чырыка», знаёмыя сталі думаць, што хутка за мной прыйдуць, але мяне не чапалі. Некаторыя нават пачалі цікавіцца, ці не ў пагонах я, што мяне да гэтага часу не забралі.

— Страшна выходзіць на такія прабежкі?

— Калі на выхадзе з дому нечакана перасякаўся з патрульнай машынай, здараўся мандраж. Але, як толькі пачынаў бег, гэта праходзіла. Я ведаў, што на дыстанцыі мяне злавіць будзе нялёгка: быў упэўнены, як што, уцяку дварамі — дзеліцца адчуваннямі Вадзім. — Да таго ж, трэба разумець, «малюю» я не на кожнай прабежцы. Большасць з іх трэніровачныя. Чаго тады на іх баяцца? Хоць, не хаваю, з канца 2020-га на дыстанцыі я ўвесь час гляджу ў абодва вока, і стараюся не перасякацца з машынамі міліцыі. Разумею, я ім не патрэбны, але аддаю перавагу таму, каб не трапляцца на вочы.

«Хацеў паказаць украінцам: ёсць людзі, якія спрабуюць зрабіць хоць нешта»

З пачаткам вайны ва Украіне Вадзім залёг на дно. Пасля візіту сілавікоў, распавядае, стала не да бегу. Ён змяніў нумар, зрабіў пост пра тое, што пакінуў Беларусь, і з дапамогай прыяцеляў з Польшчы стаў размяшчаць у сацсетках маршруты прабежак з Варшавы.

Фота: Instagram Вадзіма Сіманава

— Сябры беглі там, адзначалі мяне, а я гэта ў сябе посціў. Логіка была такая, калі за мной сочаць па сацсетках, вырашаць, што я не ў краіне, і не будуць мяне так актыўна шукаць. Вядома, я разумеў, што гэта наўрад ці спрацуе, але гэта была спроба сябе абараніць — распавядае Вадзім. — Ішла вайна ва Украіне, эмоцыі збіраліся, іх трэба было выплюхнуць — і я пабег.

Спачатку «намаляваў» герб Украіны, потым мем з расійскім караблём і радок з песні «Ой у лузі червона калина».

— А нельга было гэта прабегчы, але не афішаваць, калі баяліся?

— Я вельмі перажываю за Украіну, і мне хацелася хоць неяк маральна падтрымаць украінцаў, — тлумачыць сэнс сваіх дзеянняў мужчына. — Плюс украінцы разумеюць, з Беларусі ляцяць ракеты. У такой сітуацыі складана добра ставіцца да беларусаў. Усіх грабуць пад адзін грэбень, але не ўсе падтрымліваюць тое, што адбываецца. Ёсць людзі, якія спрабуюць зрабіць хоць нешта ў тых умовах, у якіх могуць. Хацелася гэта паказаць.

— Мяркуеце, украінцы бачылі вашу творчасць?

— Так, у сацсетках мае забегі шмат дзе разышліся. Нават «Бумбокс» пра гэта напісаў. Я пачытаў водгукі карыстальнікаў. Толькі добрыя словы.

— Як думаеце, чаму, «малюючы» пра Беларусь, вы адчувалі сябе спакайней, чым у сітуацыі з Украінай, калі вырашылі з'ехаць?

— Таму што цяпер у цэлым сітуацыя іншая, бо большая частка актывістаў альбо сядзіць, альбо за мяжой.

Фота: Instagram Вадзіма Сіманава

— Але ж вы проста бегаеце.

— Растлумачце гэта тым, хто забірае людзей за бела-чырвона-белыя шкарпэткі ці жоўта-сінюю стужку ў валасах — адказвае Вадзім. — Мне здаецца, цяпер выказванне грамадзянскай пазіцыі ў любым выглядзе можа скончыцца непрыемнасцямі.

— Не было думкі, што ўсё — дабегаўся?

— Думаю, толькі дзякуючы бегу я яшчэ і не апынуўся на сутках — аджартоўваецца Вадзім. — Неяк падчас раённага маршу мы трапілі ў аблаву. Калі б не заняткі спортам, нас бы дагналі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру